Достичь стопроцентной энергетической независимости и безопасности
Прэзідэнт Беларусі ставіць мэту дасягнуць стапрацэнтнай энергетычнай незалежнасці і бяспекі. Пра гэта заявіў на нарадзе па пытанні ўдасканалення сістэмы кіравання беларускай энергетыкай.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, для вырашэння актуальных задач у галіну ўклалі нямала сродкаў: толькі за апошнія пяць гадоў прыцягнулі звыш аднаго мільярда долараў інвестыцый. За гэты перыяд Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі сярод краін СНД па ўдзельным расходзе паліва на вытворчасць аднаго кілавата электраэнергіі. Спажыванне імпартуемага паліва зменшылася на тры мільярды кубічных метраў газу ў эквіваленце. "Гэта каля 600 мільёнаў долараў у год скарачэння", — удакладніў беларускі лідар. Пры гэтым уласная вытворчасць электраэнергіі павялічылася на 2,1 млрд кВт. Сёлета наша краіна ўпершыню адмовілася ад імпарту электраэнергіі.
Са слоў Прэзідэнта, энергасістэма Беларусі — адна з самых надзейных і эфектыўных на постсавецкай прасторы, не ўступае шэрагу еўрапейскіх дзяржаў. У той жа час да работы нашых энергетыкаў нямала прэтэнзій і заўваг. Наспела неабходнасць вызначыць, што трэба зрабіць для выпраўлення недахопаў і павышэння эфектыўнасці работы ўсёй энергасістэмы. На думку многіх экспертаў, каб выбудаваць дакладны план дзеянняў, у галіне ёсць эканамічныя, тэхналагічныя і арганізацыйныя рэзервы.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: ніякіх эксперыментаў не будзе. Галоўная задача — удасканальваць створанае. Мэтамі павінны стаць аптымізацыя дзейнасці энергасістэмы, ліквідацыя празмерных выдаткаў, справядлівае і празрыстае фарміраванне тарыфаў на канкурэнтным узроўні. Неабходна прадаўжаць прыцягваць у галіну інвестыцыі і найноўшыя тэхналогіі.
Прэзідэнт даручыў ураду выпрацаваць план па пашырэнні выкарыстання электраэнергіі, што непарыўна звязана з далейшым развіццём беларускай энергетыкі. Цяпер удзельнае спажыванне электраэнергіі ў Беларусі ў два-тры разы ніжэйшае, чым у развітых краінах. Размова ідзе не аб эканоміі і беражлівым расходаванні рэсурсаў. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта сведчыць пра недастатковую энергаўзброенасць беларускай дзяржавы і вузкую сферу прымянення электраэнергіі. Перш за ўсё ў прамысловасці.
Урад Беларусі разглядае варыянты субсідзіравання для заахвочвання выкарыстання электраэнергіі на прадпрыемствах і ў быце. Паводле слоў віцэ-прэм’ера Ігара Ляшэнкі, над прапановамі па больш шырокім выкарыстанні электра- энергіі працуе міжведамасная група. Напрыклад: каб па меры таго, як у юрыдычных асоб будуць зношвацца ўласныя генерыруючыя магутнасці, не аднаўляць іх, а за кошт прыросту агульных магутнасцей, у тым ліку ад уводу АЭС, прапаноўваць ільготную стаўку тарыфу.
Яшчэ адзін варыянт мае дачыненне да насельніцтва ў частцы падагрэву вады ў начны час. Інакш кажучы, адыходзіць ад падагрэву газам і пераходзіць на выкарыстанне электраэнергіі. Ноччу прымяняць зніжаны тарыф. Сума даволі значная. Гэтыя варыянты цяпер падлічваюцца. У цэлым стаіць задача максімальна задзейнічаць у краіне ўласную электраэнергію. Ёсць варыянты па больш шырокім выкарыстанні ў быце электрапліт, электратранспарта.
На нарадзе разглядаліся прапановы па ўдасканаленні структуры Мінэнерга і энергасістэмы краіны ў цэлым. Чакаецца, што вынікам прапанаваных мер стане больш эфектыўная работа галіны за кошт пэўных структурных пераўтварэнняў і аптымізацыі. Аднак галоўнае, чаго патрабуе Прэзідэнт, — дакладнае эканамічнае абгрунтаванне ўсіх змяненняў. Агульная мэта і задача — стварыць сістэму, якая б максімальна адпавядала патрэбам Беларусі.
Па матэрыялах БЕЛТА
падрыхтавала Н. СТАНКЕВІЧ.