Традиции докшицких мастериц сберегает Наталья Яцковская

Источник материала:  
25.11.2018 — Разное

Традиции докшицких мастериц сберегает Наталья Яцковская
Маляўнічыя макаткі, яркія сурвэткі і ручнікі, падузорнікі і абрусы, вышытыя рознакаляровымі ніткамі – гэта тая прыгажосць, ад якой немагчыма адарваць вачэй. І ўся яна справа таленавітых рук самабытнай парплішчанскай майстрыхі Наталлі Яцкоўскай. Чароўны куточак, які вы бачыце на нашым здымку, яна абуладкавала ў сваім доме.
– Гэта месца, дзе адпачываю душой, дзе чэрпаю натхненне, – гаворыць майстрыха. – Вышываю дзесьці з дванаццаці гадоў. Прычынай для гэтага сталі… цукеркі. Справа ў тым, што сям’я ў нас вялікая – пяцёра дзяцей. Зразумела, што прысмакамі мы частаваліся толькі па вялікіх святах. Аднойчы суседка Ніна Янулевіч папрасіла мяне дапамагчы ёй вышыць сурвэтку і за гэта дала гасцінцаў. Вось так, “за цукерку”, я пачала авалодваць майстэрствам вышывання. Вельмі дапамагае тое, што люблю і ўмею маляваць з дзяцінства. Матывы для работ прыдумваю сама. Больш за ўсё падабаецца вышываць гладдзю, расквечваць яркімі кветкамі простыя рэчы хатняга ўжытку. Каб мець рознакаляровыя ніткі, распускаю старыя рэчы. Для ўпрыгожвання пасцельнай бялізны выкарыстоўваю карункі, яшчэ плеценыя некалі цёткай Серафімай Вайцяховіч. Так даўней рабілі ўсе сялянкі.
Захапленню Наталлі вось ужо каля трыццаці гадоў. Заўсёды знаходзіць час, каб узяць у рукі пяльцы і іголку і шывок за шыўком ствараць чарговы шэдэўр.
Па прафесіі яна кухар і прадавец. Амаль усё жыццё працуе ў раённай спажывецкай кааперацыі. Зараз загадвае крамай у Варганах. Быў час, калі дзякуючы свайму захапленню майстрыха працавала ў парплішчанскім клубе. Займалася дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам з мясцовымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Акрамя гэтага, арганізавала для іх фальклорны гурток, у якім адраджала народныя традыцыі. Разам з загадчыцай СДК Аленай Камінскай стварылі музей рарытэтаў, экспанаты ў які з задавальненнем дапамагалі збіраць жыхары суседніх вёсак. Маляўнічыя вышыванкі Наталлі Яцкоўскай з’яўляюцца заўсёды сапраўдным упрыгожваннем выстаў Докшыцкага дома рамёстваў і раённых святаў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з асабістага архіва.

←Саммит ЕС соберется в Брюсселе для утверждения соглашения по Brexit

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика