Пад Смаргонню сутыкнуліся дзве фуры, адзін з кіроўцаў загінуў
Фота: ДАІ
У Смаргонскім раёне адбылося смяротнае ДТЗ. Як паведамляе Гродзенская абласная ДАІ, у пятніцу па абедзе на трасе “Барысаў-Вілейка-Ашмяны” кіроўца грузавіка “Мэрсэдэс” ішоў на абгон, не разлічыў манеўр і сутыкнуўся з сустрэчнай “Сканіяй”.
Кіроўца “Сканіі” загінуў на месцы, а кіроўца “Мэрсэдэса” трапіў у рэанімацыю. Каб дастаць яго з кабіны, давялося выклікаць выратавальнікаў. У ДАІ адзначаюць, што на ўчастку дарогі, дзе адбылося здарэнне, усталяваныя знакі “Небяспечны паварот”.
У той самы дзень аўтааварыя з гібеллю чалавека здарылася ў Дзятлаўскім раёне. Тут на трасе “мяжа Літвы-Ліда-Слонім-Быцень” легкавік “Мазда” ўрэзаўся ў паўпрычэп МАЗ — у грузавіка скончылася паліва і таму ён стаяў у паласе руху “Мазды”. Кіроўца легкавіка загінуў. Следчыя высвятляюць, ці была ўключаная светлавая сігналізацыя ў фуры і ці быў знак аварыйнага спынення.