Славутыя землякі Піншчыны. Чэмпіён свету, заслужаны майстар спорту СССР Аляксандр Трашчыла
Аляксандр Дзмітрыевіч Трашчыла, спартсмен (лёгкая атлетыка), трэнер, заслужаны майстар спорту СССР (1988), чэмпіён свету (1983)
Аляксандр Дзмітрыевіч Трашчыла нарадзіўся 16 студзеня 1960 года ў вёсцы Аснежыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.
Лёгкай атлетыкай Аляксандр Трашчыла сур’ёзна пачаў займацца ў 1975 годзе ў Мінску, першым трэнерам быў Б.А. Міхальчук, з 1979 года – Галіна Пятроўна Бухарына, заслужаны трэнер СССР, удзельніца Алімпійскіх гульняў 1968 года ў Мехіка і 1972 года ў Мюнхене.
Аляксандр меў выдатныя фізічныя даныя: рост – 183 см, вага – 73 кг. Нарматыў майстра спорту ўпершыню выканаў ў 1979 годзе на чэмпіянаце “Працоўных рэзерваў” у Сочы. Аляксандр Трашчыла – чэмпіён СССР сярод юніёраў (1980) у бегу на 300 м у закрытых памяшканнях. Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР. Двукратны прызёр СССР, пераможца спаборніцтваў на прызы братоў Знаменскіх.
З 1982 года трэніраваць яго стаў заслужаны трэнер СССР Анатолій Іванавіч Юлін. На чэмпіянаце Еўропы 1982 года зборная СССР у складзе Аляксандра Трашчылы, Паўла Рошчына, Паўла Канавалава і Віктара Маркіна заняла ІІІ месца, саступіўшы камандам ФРГ і Вялікабрытаніі. Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы (1982) у эстафеце 4х400 м у складзе зборнай каманды СССР.
На чэмпіянаце свету 1983 года Аляксандр Трашчыла разам з Сяргеем Лавачовым, Мікалаем Чарнецкім і Віктарам Маркіным заваяваў залаты медаль у эстафеце 4х400 м. Двухкратны рэкардсмен СССР у эстафеце 4х400 м, пераможца Кубка васьмі нацый (1983). У 1983 годзе ў Хельсінкі ў складзе сборнай каманды СССР становіцца чэмпіёнам свету ў эстафеце 4х400 м.
Сярэбраны прызёр спаборніцтваў «Дружба-84» у бегу на 400 м (1983). Вынік, паказаны Аляксандрам Трашчылай на дыстанцыі 400 метраў на спаборніцтвах «Дружба–84», з’яўляўся нацыянальным рэкордам Беларусі. Рэкардсмен Беларусі (1984) у бегу на 400 м.
У 1989 годзе Аляксандр Трашчыла скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. У 1988–1991 гадах працаваў трэнерам-выкладчыкам у спартыўным клубе Савецкай арміі Беларускай ваеннай акругі. У 1991–1993 гадах – дырэктар спартыўнага клуба «Няміга» ў Мінску. З 1993 года назначаны старшым трэнерам нацыянальнай маладзёжнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, працаваў дзяржтрэнерам.
У канцы мая 2012 года Аляксандр Трашчыла быў назначаны выконваючым абавязкі кіраўніка нацыянальнай каманды. 25 кастрычніка 2012 года загадам Міністэрства спорту і турызму Беларусi стаў галоўным трэнерам зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы.
Аляксандр Дзмітрыевіч кіраваў зборнай лёгкаатлетаў на Алімпіядзе-2012 у Лондане, дзе ў шасці відах спорту беларусы заваявалі 12 медалёў. На жаль, лёгкаатлетка Надзея Астапчук, якая заваявала золата, з-за станоўчай допінг-пробы была пазбаўлена ўзнагароды. Са студзеня 2014 года – старшы трэнер нацыянальнай каманды па Мінскай вобласці.
Аляксандр Трашчыла з’яўляецца заслужаным майстарам спорту СССР, членам прэзідыўма БФЛА. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём «За трудовую доблесть».