Творчы вечар Віктара Манаева пройдзе 25 лістапада у Купалаўскім тэатры

Источник материала:  
23.11.2018 18:58 — Разное

25 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пройдзе творчы вечар народнага артыста Беларусі Віктара Манаева, які ў гэтым годзе адзначыў свой 60-гадовы юбілей. У імпрэзе таксама возьмуць удзел і іншыя выдатныя артысты Купалаўскага тэатра. Мерапрыемства пачнецца а 19-й гадзіне на Вялікай сцэне.

Творчы вечар Віктара Манаева пройдзе 25 лістапада у Купалаўскім тэатры
Віктар Манаеў – адзін з найлепшых беларускіх артыстаў тэатра і кіно, які распачаў свой творчы шлях у Купалаўскім тэатры ў 1980 годзе. 7 жніўня Артыст адзначыў юбілей, а 25 лістапада на творчым вечары, рэжысёрам якога выступіў Мікалай Пінігін, прагучаць цёплыя словы ад калегаў-купалаўцаў, якія падрыхтуюць для выдатнага артыста свае святочныя нумары і віншаванні.

Адна з найбольш значных роляў у творчым лёсе артыста -- Лёнька Адуванчык у спектаклі "Радавыя", за якую ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР, стаўшы самым маладым уладальнікам гэтай узнагароды. А таксама роля Мікіты Зносака ў «Тутэйшых», якая прынесла яму Дзяржаўную прэмію Беларусі ў 1992 годзе. Акрамя таго, вядомыя яго ролі: Мікіты ў спектаклі "Ажаніцца--не журыцца", Нормана ў "Касцюмеры", Яна Губача ў "Ідыліі", Кая ў "Снежнай каралеве". Плённым атрымалася супрацоўніцтва артыста з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, якое падаравала гледачам шмат выдатных спектакляў, а для самога Манаева -- магчымасць выступаць на адной сцэне з легендарнай Стэфаніяй Станютай у спектаклі "Гаральд і Мод".

Зараз Віктар Манаеў бліскуча выконвае на Купалаўскай сцэне ролі Гараднічага ў спектаклі “Рэвізор”, Пранцыся Пустарэвіча ў “Паўлінцы”, станавога прыстава Кручкова ў “Пінскай шляхце”, Сорына ў “Чайке”, Эміля Фрамантэля ў “Школе падаткаплацельшчыкаў”…

Пад час юбілейнай імпрэзы Віктар Манаеў прачытае свае ўлюбёныя вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Аляксандра Пушкіна, Фёдара Цютчава, Аляксандра Блока і архіепіскапа Дзмітрыя Шахоўскага, а таксама урыўкі з твораў Антона Чэхава. Акрамя гэтага, у выкананні Віктара Манаева прагучыць песня са спектакля “Вельтмайстар-акардэон” і сцэнка з “Местачковага кабарэ”.

←Погода на выходные и начало недели

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика