Вясковец патрабаваў у сабутэльніка грошы, прыставіўшы нож да горла яго сына
Здымак з архіву. Фота: pixabay.com
Вясковец патрабаваў у сабутэльніка грошы, прыставіўшы нож да горла яго сына. Гэтая крымінальная гісторыя адбылася ў аграгарадку Друя Браслаўскага раёна ўвечары 21 лістапада. Шматдзетны бацька пайшоў у краму і ўзяў з сабой дваіх малых дзяцей. Па дарозе ён сустрэў знаёмага, які запрасіў яго ў госці. Мужчына разам з дзецьмі схадзіў у краму, купіў алкаголь, і яны ўсе разам пайшлі ў госці.
Як інфармуе прэс-служба міліцыі Віцебскай вобласці, алкаголь распівалі трое мужчын (акрамя гаспадара дома і шматдзетнага бацькі там прысутнічаў жыхар вёскі Кандзершчына). Калі ён скончыўся, у краму сталі адпраўляць госця. Нібыта грошы былі толькі ў яго. Мужчына адмовіўся, узнік канфлікт. Тады ён пачаў апранаць дзяцей, каб сыйсці. У гэты момант адзін з кампаніі прыставіў нож да горла яго 5-гадовага сына і запатрабаваў грошы. За 50 рублёў хлопчыка ўдалося забраць. Здому шматдзетны бацька патэлефанаваў у міліцыю.
Падазраваных затрымалі, па факце разбою распачатая крымінальная справа. "Беларусь сегодня" дадае: затрыманыя былі ў стане моцнага ап'янення і мала разумелі, што адбываецца. А вось пацярпелы аказаўся ў сярэдняй ступені ап'янення.