Сям’я, якая стала роднай для Тамары Уладзіміраўны Паповай.
Год назад у Беларусі было зацверджана палажэнне аб новай форме сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей – замяшчаючай сям’і. Сутнасць гэтай формы сацыяльнага абслугоўвання заключаецца ў тым, што звычайная сям’я можа ўзяць у свой дом адзінокага пажылога чалавека, каб клапаціцца пра яго. У нашым раёне так зрабілі Уладзімір Мікалаевіч і Раіса Мікалаеўна Чарнышы з вёскі Кубелеўшчына, якія вырашылі падарыць спакойную старасць у цяпле і ўтульнасці Тамары Уладзіміраўне Паповай. У кастрычніку бягучага года жанчыне споўніўся 81 год.
Тамара Уладзіміраўна шмат гадоў пражыла ў Шаркаўшчыне. Калі памёр муж, жанчына засталася ў доме адна. І калі напаткалі сур’ёзныя праблемы са здароўем , пляменніца пажылой жанчыны і яе муж Раіса і Уладзімір Чарнышы забралі хворую пажылую жанчыну ў свой дом у вёску Кубелеўшчына, акружылі ўвагай і клопатам , актыўна заняліся лячэннем пажылой жанчыны, якая у той момант, з-за сур’ёзных праблем з пазваночнікам ,нават не магла ўставаць з ложка.
Своечасова аказаная дапамога дала свой станоўчы рэзультат. У сям’і сваёй пляменніцы Тамара Уладзіміраўна пайшла на папраўку і сёння адчувае сябе значна лепш. Свах дзяцей у пажылой жанчыны няма, затое шмат пляменнікаў, з якімі ніколі не страчвалася сувязь. І калі ўжо немаладой жанчыне спатрэбілася канкрэтная дапамога, Тамара Уладзіміраўна знайшла яе ў дружнай сям’і сваёй пляменніцы. Пры гэтым жонку ў добрай справе падтрымаў і гаспадар дома Уладзімір Мікалаевіч Чарныш.
Іх сям’я шмат гадоў пражыла ў Латвіі. Уладзімір Мікалаевіч у Прыбалтыцы з’яўляўся ваеннаслужачым. У 1992 годзе , як і многія землякі, сям’я Чарнышоў вярнулася у Беларусь, на радзіму Раісы Мікалаеўны. У Кубелеўшчыне у той час пражывалі бацькі жанчыны. Муж і жонка ўладкаваліся на працу ў сельскай мясцовасці на тэрыторыі сваёй гаспадаркі. Зараз яны ўжо абодва на пенсіі. Выхавалі дваіх дарослых дзяцей. Сын разам з сям’ёй пражывае і працуе ў Віцебску, дачка – у Смаленску.А моцная сувязь з усімі роднымі ў гэтай сям’і ніколі не прыпынялася. Летам у Кубелеўшчыне заўсёды шмат гасцей:сяброў і родных. Вось і Тамара Уладзіміраўна Папова, зараз ужо старэйшая ў гэтай дружнай сям’і, дзякуючы падтрымцы родных, ніколі не адчувае сябе адзінока.Як і большасць пажылых людзей яна захапляецца кветкамі, вяжа прыгожыя рэчы, дапамагае па гаспадарцы і па-ранейшаму піша лісты сваім сябрам і родным: У Латвію, дзе шмат гадоў пражыла і адпрацавала на заводзе, у Расію і Беларусь. З сучаснымі тэхналогіямі Тамара Уладзіміраўна таксама спрабуе сябраваць.Даволі хутка яна асвоіла скайп, на думку жанчыны – гэта выдатны сродак для таго, каб падтрымліваць сувязь з усімі роднымі і знаёмымі. Ёсць у доме у Тамары Уладзіміраўны і свой уласны пакой з тэлевізарам і ўсім неабходным. Дзякуючы падтрымцы родных, жанчына жыве паўнацэнным жыццём, з упэўненасцю ў тым , што на пенсіі жыццё зусім не заканчваецца. Вось і свой 80-гадовы юбілей Тамара Уладзіміраўна ўрачыста адзначыла ў акружэнні ўсіх родных.
Інстытут замяшчаючых сем’яў –пакуль новаўвядзенне для нашай краіны. Заканадаўча ён быў створаны толькі напрыканцы мінулага года. Таму і колькасць “прыёмных бацькоў ” для састарэлых людзей у краіне яшчэ не надта вялікая. Замяніць пажылому чалавеку сям’ю няпроста. Зачастую сказваецца і няпросты характар пажылых , які ў такім узросце ўжо не зменіцца, ды і догляд за хворым чалавекам – цяжкая праца. Гэтых праблем не спалохаліся Уладзімір і Раіса Чарнышы – іх моцная і дружная сям’я можа быць прыкладам для многіх.
Па пытаннях стварэння замяшчаючай сям’і звяртайцеся ва ўстанову “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” г. п. Шаркаўшчына па тэл. 4-20-40.