Гэта знамянальная падзея для “раёнкі”, яе няштатных аўтараў і падпісчыкаў. Дзевяцітысячны нумар газеты “Кіравец” выйшаў 30 студзеня 2009 года. Атрымліваецца, каб пачала адлік чарговая тысяча нумароў газеты, павінна прайсці амаль дзесяць год! Колькі за гэты час усяго адбылося ў свеце і ў нашым раёне, колькі навін і інфармацыі было надрукавана на старонках “раёнкі”! Так што, віншуем усіх з 10-тысячным нумарам!
Шаноўныя чытачы! Выйшаў у свет дзесяцітысячны нумар раённай газеты. Толькі задумайцеся, які доўгі шлях прайшла “раёнка” да гэтага рубяжу, колькі падзей адбылося і было адлюстравана на яе старонках, колькі пакаленняў газетчыкаў змянілася…
Першы нумар “Кіраўца” выйшаў у свет у сакавіку 1935 года. Газета — практычна равесніца раёна, і кожны дзень яго станаўлення і развіцця, ратныя подзвігі і працоўныя дасягненні землякоў — у шматлікіх матэрыялах нумароў “раёнкі”, сабраных у архіўныя падшыўкі, якія беражліва захоўваюцца ў рэдакцыі. Гэта — неацэнны летапіс Кіраўшчыны, расказ аб яе добрасумленных, шчырых людзях. Нездарма ёсць выраз: “Газета піша гісторыю”…
Яе цікава, творча, з душой пісалі тыя, хто ў розныя гады працаваў у рэдакцыі, пачынаючы з першых нумароў, якія рэдагавалі загадчык РАНА П.Тамковіч, затым А.С.Сямёнаў.
Свае веды, талент аддалі “раёнцы” многія супрацоўнікі, сярод якіх — І.М.Назараў, А.С.Іваноў, Э.П.Сіневіч, П.А.Кузьмін, М.І.Лісіцкі, М.А.Сакалоўскі, В.Ц.Шаўчук, М.Г.Каранкевіч, Л.А.Пасюкоў, М.В.Рудкоўскі і іншыя — светлая ім памяць!
Вялікі ўклад у развіццё газеты зрабілі ветэраны калектыву — былыя галоўны рэдактар П.П.Сурыновіч, намеснік галоўнага рэдактара Т.У.Маісеенка, адказны сакратар Т.М.Барадзіна, галоўны бухгалтар К.Я.Сычэўская і многія іншыя.
Адметна, што ў рэдакцыі “Кіраўца” пачаў свой шлях у журналістыцы вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь У.П.Саламаха.
На працягу больш чым 83-гадовага шляху газета і яе супрацоўнікі мелі нямала дасягненняў і ўзнагарод рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў.
З сёлетніх поспехаў — Дыплом Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь па выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Беларусі і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, трэцяе месца ў спаборніцтве сярод дзяржаўных рэгіянальных СМІ Магілёўскай вобласці па выніках работы за 2017 год, спецыяльная прэмія Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы, якую атрымаў фотакарэспандэнт Максім Мікешын.
Разам з журналістамі газету ва ўсе гады яе існавання стваралі і няштатныя аўтары, якіх раней называлі селькорамі. Дарэчы, у свой час у іх ліку быў малады настаўнік Казуліцкай школы Пімен Панчанка, які друкаваў у “Кіраўцы” свае вершы і нарысы, а далей, як вядома, стаў народным паэтам Беларусі.
І сёння нямала матэрыялаў на старонках газеты — ад нашых актывістаў. Прыемна, што сярод іх ёсць школьнікі, моладзь,
некаторыя з іх у далейшым выбіраюць журналістыку ў якасці прафесіі.
Шмат год “раёнка” выходзіла ў свет дзякуючы добрасумленнай працы работнікаў Кіраўскага вытворчага ўчастка Бабруйскай узбуйненай друкарні імя А.Ц.Непагодзіна. Сёння газета друкуецца ў Магілёўскай абласной друкарні імя Спірыдона Собаля. А трапляюць туды звярстаныя палосы дзякуючы інтэрнэту. Асваенне новых інфармацыйных тэхналогій дазволіла некалькі год таму стварыць сайт раённай газеты, які дае магчымасць больш аператыўна паведамляць пра навіны раёна. Зваротная сувязь з людзьмі наладжана ў сацыяльных сетках, дзе ў нас нямала падпісчыкаў, вядзецца дыялог з чытачамі, абмяркоўваюцца самыя розныя пытанні.
Рэалізацыя дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі рэдакцыяй ажыццяўляецца ў цеснай сувязі з заснавальнікамі выдання — раённым выканаўчым камітэтам і раённым Саветам дэпутатаў. Каментарыі па цікавячых чытачоў пытанняў атрымліваем ад кіраўнікоў і работнікаў структурных падраздзяленняў райвыканкама, арганізацый, устаноў.
Нярэдка тэмы і адрасы матэрыялаў падказваюць нашы ўважлівыя і неабыякавыя чытачы.
Усім — вялікая ўдзячнасць за плённае супрацоўніцтва і разуменне!
Дзесяцітысячны нумар адзначае знамянальны рубеж у гісторыі “Кіраўца”. Мы крочым далей разам з вамі, сябрамі “раёнкі”, — з новымі тэмамі, праектамі, рубрыкамі, якія ёсць у нашым рэдакцыйным “партфелі”, з імкненнем і далей трымаць руку на пульсе жыцця раёна, асвятляць падзеі з пачуццём высокай прафесійнай адказнасці, шчыра і аб’ектыўна.
Будзьце з “Кіраўцам”!
Наталля ХАДАКОВА, галоўны рэдактар.
___________________________
Пятро СУРЫНОВІЧ, рэдактар “Кіраўца” у 1995-2002 гадах, адпрацаваў у раённнай газеце на розных пасадах 25 год:
— Колькі я сябе памятаю, нашу хату ў Багданаўцы паштальён не абыходзіў. Бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, не быў камуністам. А вось “Праўду” — орган ЦК КПСС і “раёнку” выпісваў пастаянна. Чытаў газеты вечарамі пры газнічцы. А калі прыходзілі суседзі, каб даведацца пра апошнія навіны, з гэтай нагоды запальвалі яшчэ адну лямпу. І тады ў хаце станавілася так светла — хоць іголкі збірай.
Газета на той час, а гэта былі 50-я гады мінулага стагоддзя, з’яўлялася практычна адзінай крыніцай навін. Электрыфікавалі нашу вёску толькі ў 1964 годзе, крыху раней правялі радыё. Вось чаму друкаванае слова было дорага і для дарослых, і для нас падлеткаў.
Менавіта газета знаёміла з жыццём працоўных калектываў, арганізацыяй сацыялістычнага спаборніцтва, як наладжаны адпачынак па месцы жыхарства. А гэта мастацкая самадзейнасць пры сельскіх клубах, фізкультурна-масавая работа, круглагадовыя спартакіяды, першынствы і чэмпіянаты, таварысцкія сустрэчы па футболе, валейболе і іншых відах спорту.
Чытаючы заметкі няштатных аўтараў аб розных падзеях з жыцця вёскі, вырашыў і я даслаць свае нататкі аб аднакласніках, якія падчас летніх канікулаў прыйшлі на дапамогу бацькам. Рабяты акучвалі бульбу, працавалі на лузе, дзе звозілі на валакушах сена… Не перадаць, колькі было радасці, калі мая заметка ўбачыла свет!
Пасля першай селькораўскай публікацыі, як кажуць, шмат вады ўцякло. Потым былі іншыя допісы. З гадамі мянялася іх тэматыка, выступленні ў газеце станавіліся больш актуальнымі, грунтоўнымі, глыбокімі. Не парываў сувязі з “Кіраўцам”, працуючы ў школе, райкаме камсамола, спарткамітэце. І калі мяне запрасілі ў рэдакцыю ўзначаліць аддзел пісьмаў і масавай работы, згадзіўся. Без адрыву ад вытворчасці скончыў БДУ імя У.І.Леніна і, як гаворыцца, з галавой акунуўся ў вірлівае жыццё газетчыка.
За 25 гадоў пабываў практычна ва ўсіх вёсках і вёсачках Кіраўшчыны, пазнаёміўся з іх людзьмі і побытам. А колькі ўзнята і вырашана праблем у паўсядзённым жыцці вяскоўцаў, напісана рэпартажаў, нарысаў, справаздач, галоўны герой якіх — чалавек працы!
Імкліва бяжыць час. Асабліва зараз, калі за 70! Не заўважыў, як падкраўся і 10-тысячны нумар дарагой “раёнкі”, з якой я пракрочыў ад селькора да рэдактара. На гэтым шляху ўсяго хапала: былі здабыткі і дасягненні, поспехі і ўдачы, былі і няўдачы. Але станоўчае пераважае. Галоўнае, што засталіся ў памяці сустрэчы з простымі і такімі мудрымі людзьмі, якія шчыравалі на фермах і палях, каб на нашым стале быў хлеб і да хлеба. Ніколі не забыць і калег па журналісцкім і друкарскім цэхах, з якімі пароўну дзялілі радасці і няўдачы.
Са святам!
___________________________
Таццяна МАІСЕЕНКА, былы намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты “Кіравец”:
— Да “раёнкі” асабіста ў мяне сваё асаблівае стаўленне. І не толькі таму, што гэтаму выданню аддадзены лепшыя, без перавелічэння, гады жыцця. Упершыню пераступіла парог рэдакцыі ў няпоўных 25 і наступшыя тры дзесяцігоддзі ўпэўнена крочыла па жыцці разам з “раёнкай”. Гэта быў не проста час, аддадзены рабоце. Я б назвала яго перыядам самаразвіцця. Газета давала занятак сэрцу і розуму, вучыла, загартоўвала характар, выхоўвала не толькі ў нашых чытачоў, але і ў нас, супрацоўнікаў, грамадзянскасць, неабыякавасць да людзей і іх праблем, усяго, што адбываецца наўкол. Разам з іншымі, а я трапіла ў цудоўны калектыў — творчы, натхнёны, згуртаваны, высокапрафесійны, душой хварэла за газету, ганарылася яе гісторыяй, гераічным мінулым, тым, што нават у гады ваеннага ліхалецця “раёнка” працягвала друкавацца.
Заўсёды з вялікай
удзячнасцю ўспамінаю калег-настаўнікаў П.А.Кузьміна, Э.П.Сіневіча, М.А.Сакалоўскага, Л.А.Пасюкова (нажаль іх няма ўжо сярод жывых), а таксама П.П.Сурыновіча, якія дапамагалі майму станаўленню, як журналіста.
Роднай газеце, а гэта менавіта так, бо, помніцца, любое свята ў нашым калетыве заўсёды пачыналася з тоста: “За яе, радзімую!”, маючы на ўвазе, канешне ж, “раёнку”, хачу пажадаць працвітання, вялікіх тыражоў і мноства неабыякавых падпісчыкаў. Сённяшняму калектыву — творчасці і натхнення, памножаных на лепшыя традыцыі раённай журналістыкі.