Ужо ў першых паэтычных спробах Яўгенія Янішчыц імкнулася выказаць сваё захапленне жыццём, сваю любоў да роднай зямлі
Сення Піншчына адзначае 70-годдзе з дня нараджэння паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Кожны чалавек мае свае карані, сваю малую радзіму. Для Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц такой з’яўлялася вёска Рудка Пінскага раёна, дзё яна нарадзілася 20 лістапада 1948 года.
Праз некалькі год бацькі пераехалі жыць у Велясніцу. Ціхая беларуская вёска ў глыбі Палесся са сваёй свабодай, прасторавасцю і вялікай гістарычнай памяццю спадарожнічала развіццю таленту і самасвядомасці дзяўчыны.
Ужо ў першых паэтычных спробах яна імкнулася выказаць сваё захапленне жыццём, сваю любоў да роднай зямлі, што дала ёй магчымасць радавацца, любавацца гэтым светам.
Рудка, Велясніца, Мерчыцы, Парэчча… Гэта не проста вёскі на правым беразе прыгожай ракі з не менш прыгожай назвай – Ясельда. Гэта значна большае. Іх аб’ядноўвае не толькі рака, але і тое, што гэта родныя мясціны, малая радзіма знакамітай паэтэсы Я. Янішчыц.
Першы верш Жэні з’явіўся ў раённай газеце «Полесская правда», потым яна друкавалася ў сталічных выданнях, сярод якіх былі газеты «ЛіМ», «Заря», часопісы «Бярозка», «Маладосць». «Я – беларуская паэтка», – так гаварыла Яўгенія Янішчыц пра сябе і свае творы пісала на беларускай мове. Менавіта таму зборнік «Снежныя грамніцы», які быў выдадзены, калі яна вучылася на апошнім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і адкрываўся вершам «Радзіме». У назве «Снежныя грамніцы» тоіцца тонкае адчуванне цудоўных пераўтварэнняў свету і знойдзеная ёй, Жэняй Янішчыц, гарманічная ўзгодненасць з гэтым незвычайным светам.
У дзень «грамніц» зіма сустракаецца з вясной, і здараецца, што ў небе прагрукоча гром. Тое ж пачынае адбывацца ў душы гераіні: яе таямніцы і загадкавыя перазовы імкнуцца знайсці выйсце і атрымаць другую якасць, другое напаўненне – у вершаваных радках. «Гром зімой! Калі яго ніхто не чакае!». Гэтаксама нечакана, выклікаўшы здзіўленне, прагучала песня нашай паэтэсы: талент – заўсёды нечаканасць».
Нечакана проста пісаліся вершы аб вечным, вялікім, значным, набываючы форму то прысягі, то лірычнай споведзі. У іх паэтэса звяртаецца да малой радзімы – месца свайго нараджэння:
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
І мудрыя лясы…
Клопатам і ўвагай акружалі Я. Янішчыц пісьменнікі і паэты старэйшага пакалення: Анатоль Вялюгін, Пімен Панчанка, Максім Танк, Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Мікола Мятліцкі, Генрых Далідовіч… Лірыка паэтэсы была прадстаўлена ўсесаюзнаму чытачу, яе вершы публікавалі ў «Литературной газете», часопісах «Молодая гвардия» і «Дружба народов».
У 1974 годзе выйшаў другі зборнік «Дзень вечаровы», а ў 1978-м ён быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. На змесце твораў зборніка пакінулі свой адбітак і два гады разлукі з радзімай, з Палессем, з маці і сынам.
Новае аблічча атрымала муза Яўгеніі Янішчыц у зборніку «Ясельда». Любімай тэмай і тут выступае роднае Палессе. Па-мастацку ўзнавіла Яўгенія Янішчыц у сваёй паэзіі лёсы аднавяскоўцаў, блізкіх, сярод якіх расла ў пасляваенны час, чые гора, пакуты і радасці перажыла чулым сэрцам як уласныя. Нязменнымі захавала дзясяткі імёнаў: Анэтка, Арцём, Хведар, Ёзас, Раман, Сымон, Паланея, Марыя, Сава… І за кожным імем – характар, лёс. Часам лёс гэты звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Свайго сталага майстэрства Я. Янішчыц дасягнула ў кнігах «На беразе пляча», «Пара любові і жалю», за якую атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Я. Купалы ў 1986 годзе, і «Каліна зімы». Роднасць з вясковым светам і змалку блізкім прыродным асяроддзем паэтызуецца ў многіх вершах.
Значнае месца ў творчасці паэтэсы займае лірыка кахання. Яўгенія Янішчыц у сваіх творах была гранічна шчырай, давала волю пачуццям, якімі жыла яе душа.
Апошнія гады жыцця Яўгеніі Янішчыц насычаны багатай, разнастайнай дзейнасцю: яна з’яўлялася загадчыкам аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць», актыўна выступала ў перыёдыцы са сваімі творамі. У апошняй прыжыццёвай кнізе «У шуме жытняга святла» сабрана лепшае з напісанага за 20 гадоў літаратурнай працы.
Звярталася Яўгенія Янішчыц і да прозы, напісала некалькі змястоўных апавяданняў, сугучных з яе вершаванымі творамі пра народнае жыццё. Пэўнае месца ў творчасці паэтэсы займалі пераклады, артыкулы пра паэзію, змястоўныя рэцэнзіі на паэтычныя кнігі. Вершы яе перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы.
У кожнай мясцовасці ёсць паэты і пісьменнікі, якімі ганарацца іх нашчадкі. На Палессі такой была Яўгенія Янішчыц. Палессе не забывае сваю слаўную дачку. Яе імя носіць Пінская цэнтральная раённая бібліятэка, адна з вуліц горада Пінска і вёскі Парэчча, Парэцкая базавая школа, дзе вучылася Яўгенія Янішчыц і дзе працуе музей. Яўгеніі Янішчыц паэты прысвячаюць вершы, у сельскіх бібліятэках і школах ладзяцца конкурсы.
І менавіта ў Год малой радзімы праведзены раённы агляд-конкурс на лепшае тэатралізаванае прадстаўленне вершаў Яўгеніі Янішчыц «На голас музы…».
Лепшымі былі прызнаны тэатралізаваныя прадстаўленні вершаў Дамашыцкай, Кашавіцкай, Стытычаўскай, Парахонскай, Пінкавіцкай, Плешчыцкай, Садоўскай, Валішчанскай сельскіх бібліятэк і Лагішынскай гарпасялковай бібліятэкі. Пераможцам агляду-конкурсу аднагалосна прызнана Бабрыкоўская сельская бібліятэка, якая прадставіла вершы Яўгеніі Янішчыц «Мама» і «Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён». Дыпломам другой ступені адзначана Навадворская сельская бібліятэка за тэатралізацыю верша «Я вас люблю» у выкананні вучаніцы 10 класа Чухаўскай сярэдняй школы Лізаветы Нарывончык. Дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджаны аддзел абслугоў-вання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Янішчыц за тэатралізацыю верша «У калыханку сыну».
Алёна АНТАШУК,
дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Пінская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».