Для руплівых рук вяскоўцаў праца знойдзецца ў любую пару. Вось і ў час нашага візіту ў ААТ “Гарадзец-агра”, нягледзячы на халоднае надвор’е, работа ў гаспадарцы кіпела. На палі ўносілася арганіка, вялося падняцце зябліва.
Як заўважыў першы намеснік дырэктара ААТ “Гарадзец-агра” Мікалай Вярэніч, гэты год для гаспадаркі выдаўся спрыяльным. Забяспечана кармамі пагалоўе буйной рагатай жывёлы, якое па стане на 1 лістапада склала 12158 галоў, з якіх 3654 каровы. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года статак павялічыўся на 417 галоў, у тым ліку на 309 кароў.
Нагадаем: ААТ “Гарадзец-агра” – буйнейшая гаспадарка ў раёне, якая спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса. Яе сельгасугоддзі складаюць 15466 гектараў, з іх 8658 гектараў раллі.
Вялікія плошчы патрабуць маштабнай работы, таму аграрыі – а сярэдняспісачная колькасць работнікаў гаспадаркі складае 452 чалавекі – не лічачыся з часам, нястомна працуюць. Што стаіць за кожнай тонай нарыхтаваных кармоў, за атрыманым кілаграмам збожжа, за кожным апрацаваным гектарам глебы кіраўніцтва гаспадаркі добра ведае , таму за лепшыя паказчыкі ўшаноўвае сваіх рупліўцаў на працягу ўсяго сельскагаспадарчага года. Лідарамі жніва-2018 сярод камбайнераў ( месцы вызначаліся па выніках жніва па марках камбайнаў) сталі экіпажы Мікалая Пакалюка і Аляксандра Бараноўскага (Джон-Дзір 9640), Аляксандра Заноўскага і Дзмітрыя Кузьміча (КЗС-1218), Сяргея Патоні і Аляксандра Патоні (КЗС-10К), Сяргея Андраюка і Аляксея Мядзведзева (АКРОС-530). На адвозцы збожжа выдзеліліся Уладзімір Леанюк, Васіль Грушкевіч, Мікалай Артысюк. З лепшымі вынікамі спрацаваў КЗС-30 Гарадзец, работу якога ажыццяўлялі Сяргей Рысеў, Андрэй Штык і Віталь Азарчук. І пераможцы, і іх калегі прыклалі ўсе намаганні, каб да астатняга зярнятка сабраць ураджай, але, на жаль, не ўсё залежыць ад чалавека. Прыродны фактар у рабоце аграрыяў іграе не апошнюю ролю – сёлета, па словах Мікалая Вярэніча, у гаспадарцы намалацілі 12323 т збожжа, недабраўшы 3449 т, страту папоўнілі за кошт кукурузы, якая, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, дала высокі ўраджай — 80 ц/га.
На кожным участку работ ёсць свае героі, заўважае Мікалай Уладзіміравіч, і з удзячнасцю працягвае называць прозвішчы тых, хто сваёй шчырай працай мацуе дабрабыт краіны.
Добры аўтарытэт мае ў гаспадарцы Міхаіл Пракопік. Вадзіцеля з 35-гадовым стажам, які з году ў год дабіваецца высокіх вынікаў, што пацвярджаюцца разнастайнымі граматамі, дзякуючы чаму быў удзельнікам рэспубліканскіх Дажынак у Оршы ў 2008 годзе, раённых Дажынак, засталі на механічным двары. Міхаіл Васільевіч па-гаспадарску рабіў агляд свайго МАЗа, на якім працуе ўжо 13 гадоў. У сезон машына была задзейнічана на адвозцы зялёнай масы, збожжа, зараз рыхтуецца да наступнага года.
У руках Міхаіла Пракопіка гэта трэцяя машына. Пачынаў ён у 1983 годзе, адразу пасля службы ў арміі на ГАЗ-52, пасля 21 год ездзіў на КамАЗе. “Тэхніку берагчы трэба, — заўважае вопытны вадзіцель, — тады яна доўга паслужыць”. Дбайна адносіцца да транспарту навучыў Міхаіла бацька. Пра сваё дзяцінства заўважае, што вырас у кабіне. Нават пасля заканчэння Пружанскага саўгас-тэхнікума на пасаду механіка не перайшоў, бо без любімай баранкі не ўяўляў свайго жыцця. ААТ “Гарадзец-агра” (раней калгас-камбінат імя Дзяржынскага) было і застаецца адзіным месцам працы.
Лепшую характарыстыку вадзіцелю дала галоўны аграном гаспадаркі Сняжана Ячнік, якая адзначыла яго як чалавека высокай адказнасці. “З пастаўленымі задачамі Міхаіл Васільевіч спраўляецца на “выдатна”, яго работу можна не кантраляваць, усё зробіць як патрэбна”, — з удзячнасцю заўважыла яна.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ аўтара: інжынер-механік Сцяпан Антанюк і Міхаіл Пракопік (справа) замяраюць ступень зарадкі акумулятарных батарэй.