Молодая семья Малаховых успешно трудится в нелёгкой сфере сельского хозяйства
Хлебная навука Станіславу і Анастасіі Малахавым дасталіся ад бацькоў і стала своеасаблівай базай іх сямейнага саюзу.
Пра тое, што будзе працаваць з тэхнікай, ураджэнец Ляхава ніколі не сумняваўся. Яшчэ ў школьныя гады пасля ўрокаў бегаў да таты Аляксандра Аляксандравіча, механізатара мясцовай гаспадаркі, і з захапленнем назіраў за яго працай. Пасля заканчэння Глыбачанскай школы Станіслаў набыў спецыяльнасці майстра вытворчага навучання, механіка ў Ульскім ліцэі і ў Гарадоцкім тэхнікуме. Зрэшты, вучыўся ў абедзвюх установах на выдатна.
Сваю прафесійную дзейнасць новаспечаны спецыяліст пачынаў на малой радзіме. У КУСГП “Глыбачаны” быў вадзіцелем МАЗа, трактарыстам-машыністам. Пазней працаваў шафёрам у ДЭУ-37, а ў апошні час – у філіяле “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”.
– У любую пару не сяджу без справы! – зазначае С.Малахаў. – На “Кіраўцы” задзейнічаны на ўзворванні і ў корманарыхтоўцы, падчас жніва – на камбайне: спачатку на “КЗС-10” і “КЗС-12”, а сёлета ўжо на новым “Нью-Холандзе”. Шчыра прызнаюся: ва ўсім люблю быць першым. Таму раннія выхады на працу, познія вяртанні, адсутнасць выхадных для мяне, як кажуць, у парадку рэчаў.
Такія адносіны да справы прыносяць плён. Сёлета Станіслаў аказаўся адзіным тысячнікам Ушаччыны, дастойна выглядаў і ў вобласці сярод маладзёжных экіпажаў. У ліку лепшых ён быў і на адвозцы зялёнай масы падчас корманарыхтоўкі. Цяпер жа, калі сезонныя работы на “Маяку-Ушацкім” завершаны, С.Малахаў дапамагае “Глыбачанам” на ўздыме зябліва. Зрэшты, у цёплы час далучаецца да мясцовых аграрыяў і бацька маладога чалавека, які працуе ў ЖКГ, а малодшы брат Дзмітрый – трактарыст-машыніст “Маяка-Ушацкага”.
Заўсёды перад вачыма быў годны прыклад працаўніка аграрнай сферы і ў Анастасіі Малахавай. Шмат гадоў галоўным інжынерам у КУСГП “Глыбачаны” адпрацаваў яе тата Аляксандр Васільевіч Зянюк. І хоць марыла дзяўчына аб прафесіі медыка, паступаць у медуніверсітэт усё ж не рызыкнула – падала дакументы ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. І цяпер пра гэта ніколькі не шкадуе!
Тры гады таму Анастасія па размеркаванні прыехала ва Ушачы і стала ўрачом-бактэрыёлагам на райветстанцыі. У шэрагу яе абавязкаў – даследаванне мясакоснай мукі, змываў з абсталявання малочнатаварных ферм і іншага на наяўнасць ўзбуджальнікаў інфекцый, афармленне дакументацыі. Дзяўчына хутка з усім спраўляецца і атрымала ўжо другую катэгорыю.
Назіраць за гэтай сямейнай парай – адно задавальненне. У гутарцы, паводзінах актыўнага Станіслава ўсё літаральна “гарыць”. Пасля працяглага працоўнага дня хапае сіл і на дамашнія клопаты, і на любімыя заняткі – рыбалку, “аўтарамонтныя” справы. Спакойная ж і стрыманая Анастасія займаецца рукадзеллем, разводзіць архідэі… Яны такія розныя, але занятасць абаіх у аграрнай сферы дапамагае разумець адзін аднаго не толькі з паўслова – нават без іх.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.