Чатыры пажары за выхадныя…
19.11.2018
—
Разное
Надзвычайна трывожная аператыўная абстаноўка з пажарамі і гібеллю ад іх людзей, якая склалася ў нашым раёне літаральна з пачатку года, на жаль, не змяняецца, нягледзячы на ўсе магчымыя прафілактычныя меры, што праводзяць у раёне выратавальнікі і прадстаўнікі іншых зацікаўленых у бяспецы грамадзян службаў.
Толькі за мінулыя выхадныя ў раёне адбылося чатыры пажары. Спіс ахвяр ад агню з пачатку года дапоўніў яшчэ адзін трагічны выпадак. У ноч на 16 лістапада чарговая трагедыя адбылася ў Квасевічах. У драўляным уласным доме загінуў жыхар 1959 г. н.
...Жыў адзін ва ўласнай хаце, нідзе не працаваў. Меў трэцюю групу інваліднасці і жыў на сродкі, якія атрымліваў па інваліднасці. На прафілактычным уліку ў ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН” і ў Квасевіцкім сельвыканкаме не значыўся. Але, як кажуць суседзі, час ад часу меў слабасць да алкаголю. Да таго ж яшчэ і курыў, многа і часта. Загінуўшага пры жыцці напярэдадні трагедыі наведвалі прадстаўнікі назіральнай камісіі, якая дзейнічае пры Квасевіцкім сельвыканкаме, а таксама прадстаўнікі райаддзела па НС. Але, на жаль, загінуўшы не паслухаў папярэджанняў.
У выніку пажару пашкоджаны памяшканні дома. Прычына трагедыі ўстанаўліваецца, але мяркуецца, што менавіта неахайнае курэнне загінуўшага выклікала пажар. Верагодна, ён быў у нецвярозым стане.
Раённая служба выратавання ў чарговы раз звяртаецца да жыхароў раёна: будзьце пільнымі і абачлівымі пры карыстанні з агнём і яго крыніцамі. Наступіў ацяпляльны перыяд, а таму даводзіцца паліць печы. Сачыце за іх спраўнасцю і не пакідайце без нагляду. Таксама сачыце за сваімі малалетнімі дзецьмі і ніколі не пакідайце іх занятак без увагі. Будзьце больш лаяльнымі да сваіх родных і суседзяў, якія маюць схільнасць да злоўжывання спіртнымі напоямі і амаль не развітваюцца з цыгарэтай. Магчыма, ваша абачлівасць і насцярожанасць у адносінах да іх паспрыяюць уратаванню жыцця. Беражыце сябе і сваіх родных!
Віталій Дыдышка, в. а. начальніка Івацэвіцкага РАНС.