Маладзёжны экіпаж філіяла «Невель» Міхаіл Шукала і Пётр Кухарчук – выдатныя механізатары і нястомныя працаўнікі

Источник материала:  
17.11.2018 — Разное
>

Маладзёжны экіпаж філіяла «Невель» Міхаіл Шукала і Пётр Кухарчук – выдатныя механізатары і нястомныя працаўнікі

На першы погляд яны зусім розныя – механізатары філіяла «Невель» ААТ «Пінскі мясакамбінат» Пётр Кухарчук і Міхаіл Шукала. Першы – гаманкі, усмешлівы, другі – сціплы і маўклівы. На гэтым іх розніца заканчваецца, таму што далей усё сыходзіцца да аднаго.

Пачну з таго, што і Пётр, і Міхаіл родам з вёскі Невель Хойнаўскага сельсавета. Абодва скончылі Жыдчанскую сярэднюю школу, затым пры Малоткавіцкім ВВК атрымалі права трактарыста-машыніста, а пасля службы ў арміі вярнуліся на працу ў родную гаспадарку. І ўсё ж такі галоўнае іх падабенства – яны выдатныя механізатары і нястомныя працаўнікі.

На сёлетнім жніве Пётр і Міхаіл працавалі разам упершыню: Пётр – старэйшым камбайнёрам, а Міхаіл – камбайнёрам. За гэты, хоць і невялікі, час маладыя механізатары навучыліся разумець адзін аднаго з паўслова. Абодва любяць тэхніку і ведаюць у ёй кожны вінцік. У час жніва хлопцы, перш чым прыступіць да працы, з ранку рыхтавалі камбайн да выхаду ў поле.

– Вадзіць камбайн самастойна – гэта мара майго дзяцінства, – расказвае старэйшы камбайнёр Пётр Кухарчук. – Хочацца проста спяваць, працуючы на камбайне, – прадаўжае гаворку мой субяседнік, – з яго вышыні я гляджу на поле ў хвалях паспелага жыта і адчуваю сябе гаспадаром усяго гэтага абшару.

Камбайнёр Міхаіл Шукала таксама лічыць, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, чым праца камбайнёра, на свеце няма.

Канешне, нялёгка было хлопцам працаваць на камбайне з раніцы да вечара, ад расы да расы. Але як прыемна кожны дзень назіраць, як кланяецца камбайну збажына, як няспынна сыплецца ў бункер збожжа! Асабліва хлопцам прыносіла задавальненне акінуць позіркам зжатую плошчу ў канцы дня, вызначыць на вока – колькі гектараў? – і з задавальненнем сказаць сябру: «Ну, брат, папрацавалі мы з табой сёння добра! Маем права і адпачыць».

Усё ж такі шчаслівы той чалавек, якому праца прыносіць радасць і задавальненне.

Таццяна Палхоўская.

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика