Школьніца з Гродна прыдумала разбойны напад, каб атрымаць новы тэлефон
Здымак з архіву. Фота: pixabay.com
Школьніца з Гродна прыдумала разбойны напад, каб атрымаць новы мабільны тэлефон. Афіцыйная прадстаўніца Кастрычнікага РУУС Гродна Марына Бялко інфармуе, што здарэнне адбылося ўдзень 14 лістапада. У міліцыю патэлефанаваў мужчына, які паведаміў пра напад невядомага на дзяўчынку з суседняй кватэры. Зламыснік пагражаў нажом і забраў у школьніцы каштоўныя рэчы.
На месца прыбылі міліцыянеры, у тым ліку амапаўцы. Перапалоханая 10-гадовая дзяўчынка распавяла ім пра здарэнне. Паводле яе слоў, мужчына, які падышоў на вуліцы, забраў невялікую суму грошай, звязку ключоў, кнопкавы тэлефон і завушніцы. Школьніца паказала месца, дзе ўсё здарылася, накірунак, у якім пабег зламыснік, назвала яго прыкметы. Пры гэтым яна плакала.
Міліцыянеры пачалі пошук, апытвалі сведкаў, праглядалі запісы камер відэаназірання, правяралі асоб, якія раней мелі праблемы з законам. Адзначаецца, што спачатку ў іх не было ніякіх сумненняў у праўдзівасці слоў пацярпелай. Тым больш, што яна "характарызуецца выключна са станоўчага боку". У нейкі момант, "зыходзячы са службовага вопыту па раскрыцці злачынстваў", у аператыўнікаў з'явіліся сумненні наконт рэальнасці нападу. Неўзабаве дзяўчынка прызналася, што ўсё прыдумала. Яна сказала, дзе выкінула свае рэчы, і іх там знайшлі. Па словах школьніцы, яна спадзявалася, што бацькі купяць ёй новы мабільны тэлефон.
Цяпер па факце здарэння праводзіцца праверка. Паводзіны дзяўчынкі разгледзіць камісія па справах непаўналетніх. З-за ўзросту яе да адказнасці не могуць прыцягнуць. Пакуль невядома, ці будзе нейкая адміністрацыйная адказнасць для яе бацькоў.
Дарэчы, у Гродне ў той жа дзень адбыўся падобны выпадак. 12-гадовы хлопчык згубіў 5 рублёў і пабаяўся ў гэтым прызнацца маці. Ён сказаў, што на яго напалі падлеткі, якія яго збілі і забралі грошы. Запісы камер відэаназірання дапамаглі міліцыі высветліць, што нападу не было.