Вольга Летнікава стала пераможцам конкурсу маладых педагогаў

Источник материала:  
16.11.2018 — Разное

Кожны год выпускнікі педагагічных вну і каледжаў папаўняюць доблесныя шэрагі настаўнікаў нашай малой радзімы. Гэты год не выключэнне — на Хоцімшчыну прыбылі 6 маладых спецыялістаў. Сёння перад імі адкрыты ўсе дарогі, і яны могуць выбраць любую, пайсці сваім, нязведаным шляхам. Іх не палохаюць памылкі. І нягледзячы на свой малады ўзрост, яны не перастаюць здзіўляць сваімі крэатыўнымі ідэямі і самымі смелымі планамі на будучыню. Так і на фестывалі маладых педагогаў “Прызванне — педагог”, якое прайшло на днях на базе ЦТДзіМ, яны з гонарам прэзентавалі свае прызванне — быць настаўнікам.

У заключным этапе фэсту прынялі ўдзел пераможцы адборачнага этапу: Анастасія Сільчанка, настаўнік пачатковых класаў СШ № 1, Вольга Летнікава, настаўнік геаграфіі СШ № 2, Яўген Заблоцкі, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Бяседавіцкага ВПК, і Настасся Мамчанка, выхавацель яслі-сад № 3, якая прыняла ўдзел у фінале завочна. Маладым педагогам быў прапанаваны шэраг заданняў, якія раскрывалі не толькі іх прафесійныя, але і асабістыя якасці. Напрыклад, падчас самапрэзентацыі маладыя педагогі вельмі творча расказалі аб сваёй працы. “Кожнае дзіця — як з’ява прыроды. Сёння гэта можа быць землетрасенне, бура, ураган ці шторм. А заўтра — першы лёгкі ветрык, ці ласкавае цёплае сонейка. Кожны дзень розны,” — так бачыць сваіх вучняў Вольга Летнікава. Вельмі цікавыя і крэатыўныя міні-урокі прадэманстравалі маладыя педагогі па тэме “Малая радзіма праз прызму вучэбнага прадмета”. І тут настаўнікі справіліся на выдатна. Кожнае выступленне заслугоўвала ўвагі, з асаблівым запалам прысутныя ў зале ўключаліся ў міні- урокі ўдзельнікаў. А ў заключным конкурсе “Педагагічная сітуацыя” кожны з настаўнікаў прапанаваў свае варыянты выхаду са складанай сітуацыі.
Па выніках фэсту прызнаны пераможцамі і ўзнагароджаны Дыпломамі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама: Вольга Летнікава — Дыплом 1 ступені, Настасся Сільчанка — Дыплом 2 ступені, Яўген Заблоцкі — Дыплом 3 ступені. Заахвочвальным Дыпломам адзначана Настасся Мамчанка. Фіналісты былі ўзнагароджаны падарункамі. Спонсарамі мерапрыемства выступілі раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”, раённы камітэт прафсаюза працаўнікоў адукацыі і навукі, аддзел па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
— Вашы жыццёвыя і прафесійныя кнігі адкрыты толькі на пачатковых старонках, і менавіта ад вас залежыць, якія сюжэты вы ўпішыце ў іх. Хочацца пажадаць, каб вы заўсёды адчувалі сябе запатрабаванымі, і працавалі з задавальненнем. Сённяшні конкурс паказаў, што вы годныя сваёй прафесіі, і набылі чарговы досвед на шляху да ўдасканалення. Хоць, як вядома — дасканаласці няма мяжы, — звярнулася да маладых кадраў Таццяна Каржукова, выконваючая абавязкі начальніка аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Часта можна пачуць, што педагог — гэта не прафесія, гэта – прызванне. Сакрэт поспеху — у жаданні працаваць, велізарнай любві і адказнасці. І на раённым фэсце маладых педагогаў была магчымасць яшчэ раз пераканацца ў гэтым.

Вольга Зайцава

←Принудительная благотворительность: "Сдать игрушку не менее 30 см"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика