О результатах работы этого года аграриев Миорщины накануне праздника
Напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр ШОКЕЛЬ пракаменціраваў вынікі года ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі.
— Галоўны вынік сёлетняй нялёгкай працы аграрыяў Міёршчыны ў тым, што яны ўнеслі важкі ўклад у гарантаваную харчовую бяспеку краіны, — адзначыў Аляксандр Казіміравіч. — Пры гэтым, буду шчырым, ён мог і павінен быць большым па фізічных аб’ёмах, эфектыўным у эканамічных і фінансавых адносінах. Так, сельгаспрадпрыемствы намалацілі ў першапачаткова апрыходаванай вазе 34938 тон збожжа пры ўраджайнасці 24 цэнтнеры з гектара. Лепшыя вынікі забяспечылі СУП “Чэрасы”, дзе ўраджайнасць 33,3 цэнтнера і валавы збор 3881 тона, затым ідуць СУП “Цітова” — 32,3 ц/га
і 3866 т, філіял “Павяцце” — 31,8
ц/га і 1928 т, ААТ “Туркова” — 30,6 ц/га і 2804 тоны.
Упершыню пяць гаспадарак абмалочвалі кукурузу на зерне і атрымалі яго 923 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 65,9 ц/га, а ў “Чэрасах” — нават па 94,6 цэнтнера з гектара.
Валавы збор алейнага насення рапсу дасягнуў 5239 тон, а намалот з гектара — 11,3 цэнтнера. Зноў наперадзе “Чэрасы”, дзе гэтыя паказчыкі адпаведна 691 т і 17,7 ц/га. Добрыя вынікі ў СУП “Цітова”, ААТ “Туркова”, КВУП “Язна”.
Больш нарыхтавалі кармоў на гэтую зімоўку — па 23,5 цэнтнера на ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па раёне, а пад поўную патрэбу — у сельгаспрадпрыемствах “Туркова”, ”Чэрасы”, “Пад’ельцы”, “Цітова” і шэрагу іншых.
Не можа задавальняць, што сёлета толькі пяць гаспадарак павялічылі вытворчасць малака, а ў цэлым яна паменшылася на 854 тоны ці на 5,4%. Самую вялікую прыбаўку надою (1339 кілаграмаў на карову) забяспечылі ў СУП “Цітова”. Ад кожнай рагулі за 10 месяцаў тут атрымалі па 5178 кг сырадою, а па групе Таццяны Свірко з фермы “Субачава” — нават па 7337 кілаграмаў. Такія паказчыкі сведчаць пра магчымасці нашых аператараў машыннага даення пры належных штодзённых клопатах пра дойнае пагалоўе.
Сельгасарганізацыі раёна сёлета рэалізавалі на забой 3,1 тысячы тон статка ў жывой вазе, у тым ліку свіней 544 т, пры вырошчванні (вытворчасці) буйной рагатай жывёлы 3655 тон. І зноў арыенцір — СУП “Цітова”, дзе сярэднясутачныя прывагі склалі 691 грам. У “Чэрасах” дзённая прыбаўка 685 грам. Параўнайце: па раёне гэты паказчык 497 г.
Значны ўклад у дасягненні жывёлаводаў Міёршчыны спецыялістаў райветстанцыі і райплемстанцыі.
Па стане на 1 лістапада, у раёне атрымана сельскагаспадарчай прадукцыі на 50 мільёнаў рублёў, у супастаўных цэнах на 1,6% больш у параўнанні з аналагічным перыядам летась. Выручка ад рэалізацыі склала 30,7 мільёна рублёў, на 844 тысячы больш, чым у мінулым годзе. Хаця гэта не забяспечыла чакаемыя прыбытак і рэнтабельнасць. Пры тым налічаны фонд заработнай платы павялічыўся на 24%, сярэднямесячная заработная плата дасягнула 424 рублёў, да леташняй павялічылася на 100 рублёў.
На Міёршчыне якасную перапрацоўку сельскагаспадарчай сыравіны забяспечваюць мясакамбінат, ільнозавод, камбікормавы завод. Дапамагае аграрыям ва ўсіх работах “Райаграсэрвіс”. У адной звязцы з імі працуюць меліяратары, невялікія спецыялізаваныя арганізацыі і ўстановы. На бульбяных палетках пры ўборцы ўраджаю адчувальная падтрымка школьнікаў, якія таксама маюць магчымасць праявіць сябе на розных участках сельгасвытворчасці ў час летніх канікул.
Усім, хто мае дачыненне да працы ў сельскай гаспадарцы, напярэдадні прафесійнага свята выказваю шчырыя словы ўдзячнасці.
За агульнымі паказчыкамі стаіць канкрэтны ўклад у дасягненні кожнага з 1963 працаўнікоў, якія заняты ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу.
— Мы цэнім не толькі дасягненні галін вытворчасці і калектываў, таму калегія райсельгасхарчу і прэзідыум райкама прафсаюза да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК вызначае адначасова з лепшымі прадпрыемствамі і арганізацыямі перадавікоў. На святкаванне сёлета, як і раней, запрашалі дэлегацыі з усіх сельскагаспадарчых, акцыянерных, камунальных таварыстваў, устаноў. Сярод іх больш за сто чалавек—лепшыя з лепшых, для якіх прадугледжана маральнае і матэрыяльнае заахвочванне. На сцэну для ўзнагароджання ўзнімаліся кіраўнікі і спецыялісты, радавыя работнікі. Найперш гэта перадавыя аператары машыннага даення Таццяна Свірко з СУП “Цітова” (паўтару, што ў яе надой ад каровы 7337 кг), Жанна Падкладнёва з ААТ “Туркова” (5087 кг), Святлана Кашыра з ААТ “Дрыгучы” (5072 кг). Самыя высокія сярэднясутачныя прывагі забяспечвалі Эла Немянёнак з “Павяцця” (833 грамы), Фёдар Іваноў з “Цітова” (793 г), Валянціна Апалька з “Любінова” (778 г), Фаіна Грэцкая з “Чэрасаў” (744 г).
Заканамерна, што сярод выдатных працаўнікоў шмат механізатараў, і іх паказчыкі ўражваюць. Нядаўна высокім дасягненнем быў тысячатонны намалот зерня, цяпер звычайным становіцца ўдвая большы: 2055 тон на рахунку камбайнера Анатоля Сачыўкі з “Цітова”. На адвозцы зерня вызначыліся вадзіцелі Станіслаў Невядомскі з “Міёрскага”, Ігар Карніцкі з “Мікалаёўскага”, Фёдар Сушко з “Пад’ельцаў”, Валерый Каскевіч з “Мерыцы”, Міхаіл Лагун з “Туркова”. Нават цяжка пералічыць, хто праявіў свае лепшыя якасці на адвозцы зялёнай масы, сяўбе, апрацоўцы глебы і іншых работах.
Палявыя работы завершаны, настаў час распрацоўкі стратэгіі і тактыкі на наступны 2019 год. Якім ён чакаецца.
— Лічу, што слова “чакаецца” не зусім падыходзіць. 2019-ы павінен стаць вырашальным годам у далейшым развіцці ўсіх галін сельгасвытворчасці, а найперш—малочнай жывёлагадоўлі. Для гэтага ўжо забяспечаны пэўны “задзел”. Своеча- сова пасеяны азімыя на 11675 гектарах, што ўдвая больш леташняга. Зябліва ўзнята больш чым на 13 тысячах гектараў, і плугі заставаліся ў полі, пакуль дазваляла надвор’е. Зноў ёсць падстава сцвярджаць пра значнае апярэджанне мінулагодніх паказчыкаў. Такая ж сітуацыя з запасамі кармоў на гэтую зімоўку пры паступовым змяненні структуры пасяўных плошчаў на карысць кармавых культур. Так што застаецца сканцэнтравацца на пытаннях узнаўлення пагалоўя, паляпшэння вырошчвання цялушак, іх пакрыцця і ўводу ў дойныя гурты, адпрацоўкі тэхналогіі атрымання высокіх надояў і прываг, высакаякаснай прадукцыі.
Разумею, што сказаць проста, а справа патрабуе павышэння прафесійнай падрыхтоўкі і адказнасці кіраўнікоў, спецыялістаў і радавых работнікаў. Найперш маю на ўвазе веданне і захаванне тэхналогіі. Затым — нацэльванне калектываў на выкананне задач росту, каб кожны адчуваў уласную адказнасць за свой участак работы.
Таму агульнае пажаданне цярпення ў дасягненні доўгатэрміновых мэт, здароўя, дабрабыту, ладу ў сем’ях і каб справа прыносіла задавальненне.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Калегія ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, прэзідыум райкама прафсаюза работнікаў АПК па выніках работы калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і асобных работнікаў за 10 месяцаў 2018 года вызначылі пераможцаў раённага спаборніцтва па павелічэнні вытворчасці сельгаспрадукцыі і павышэнні эканамічнай эфектыўнасці, дасягненні высокай культуры земляробства і жывёлагадоўлі.
Сярод гаспадарак першае месца заняло СУП “Цітова” (дырэктар Франц Вершалоўскі), другое — СУП “Чэрасы” (дырэктар Алег Януковіч), трэцяе — ААТ “Туркова” (дырэктар Іван Юрашэк).
У раслінаводстве лепшыя:
па вытворчасці зерня на першым месцы СУП “Чэрасы”, на другім — СУП “Цітова”, на трэцім — філіял “Павяцце” (дырэктар Рыгор Міна);
па вытворчасці алейнага насення рапсу прызавыя месцы размеркаваліся ў наступным парадку: першае — за СУП “Чэрасы”, на другім СУП “Цітова” і ААТ “Туркова”, на трэцім — КВУП “Язна” (дырэктар Сяргей Ельяшэвіч);
па вытворчасці кармоў лепшымі названы ААТ “Туркова”, СУП “Чэрасы” і ААТ “Пад’ельцы” (намеснік дырэктара Леанід Крукаў);
па вытворчасці насення шматгадовых траў вызначылася ААТ “Пад’ельцы”.
Перадавікі ў жывёлагадоўлі:
па вытворчасці і продажы мяса самыя высокія паказчыкі ў СУП “Цітова”, СУП “Чэрасы” і філіяле “Павяцце”;
па вытворчасці і продажы малака п’едэстал гонару занялі СУП “Цітова” і СУП “Чэрасы”.
Лепшыя маладыя спецыялісты:
Аляксандр ЖУК — выконваючы абавязкі галоўнага інжынера ААТ “Туркова”;
Наталля РАЗУМЧЫК — аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы СУП “Цітова”;
Сяргей СТРАЛКОЎСКІ — галоўны інжынер КВУП “Язна”.
Лепшыя спецыялісты сярэдняга звяна:
Віктар СМУЛЬКО — загадчык фермы “Даўгінава” ААТ “Узмёнскі край”;
Таццяна ДЗЯМ’ЯНАВА — тэхнік-асемянатар ААТ “Наўгароды”.
Лепшыя галоўныя спецыялісты:
у жывёлагадоўлі: Даната ШЧАЛКУН — намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі СУП “Цітова”;
у раслінаводстве: Міхаіл ПАНКРАТ — галоўны аграном ААТ “Пад’ельцы”;
у механізацыі: Тадэвуш АЛЬХІМОВІЧ — галоўны інжынер ААТ “Мікалаёўскі”;
у эканоміцы: Вольга ВАСЮКОВІЧ — галоўны эканаміст ААТ “Туркова”;
па бухгалтарскім уліку: Галіна ЮШКЕВІЧ — галоўны бухгалтар ААТ “Узмёнскі край”.
Перадавыя гаспадаркі і спецыялісты ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, адзначаны грашовымі прэміямі. Такія ж узнагароды прадугледжаны для вялікай групы кіраўнікоў, спецыялістаў і радавых работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна.