Всё для удобства потребителей! Сжиженным газом на Ушаччине пользуются около 4,5 тысячи абонентов
Звадкаваным газам у нашым раёне карыстаецца каля 4,5 тысячы абанентаў. А ў брыгадзе Ушацкага раёна газазабеспячэння ВУ “Полацкгаз”, якая займаецца дастаўкай балонаў насельніцтву, – толькі чацвёра работнікаў. Таму нагрузка на іх выпадае вялікая.
На мінулым тыдні экіпаж у складзе вадзіцеля Івана Гірсёнка і слесара Аляксея Старавойтава мы сустрэлі ўвечары ў Двор Пліне. У іх дзённым маршруце акрамя названага населенага пункта значыліся таксама Селішча, Кублічы, Лажане, Зерчаніцы, Мосар, Вацлавова – сумарна больш за 30 адрасоў. “Так, работа не з простых. Тым не менш, яна прыносіць задавальненне, паколькі бачым удзячнасць кліентаў, разумеем важнасць сваёй справы”, – расказваюць хлопцы.
Дастаўка газу ажыццяўляецца спецыяльнымі аўтамабілямі ГАЗ, на борце якіх можа знаходзіцца да 60 балонаў. У залежнасці ад колькасці заказаў на развозку накіроўваецца адзін ці адразу два экіпажы. І кожны “накручвае” каля 200 кіламетраў. “Дрэнныя ўмовы надвор’я – для нас не перашкода. Не было такога, каб машыны не выехалі ў рэйс ці вярнуліся на базу, не давёзшы газ спажыўцу, – запэўнівае галоўны інжынер нашага раёна газазабеспячэння Аляксандр Віктаравіч Салаўёў. – Прычым, нашы работнікі не проста выконваюць тэхнічныя задачы – яны абслугоўваюць насельніцтва: падключыўшы балон, абавязкова ацэняць тэхнічны стан абсталявання, пліты, могуць замяніць гібкі шланг, рэдуктар, адрэгулююць гарэнне канфорак і многае іншае”.
Аптымальным тэрмінам дастаўкі звадкаванага газу ў адным населеным пункце лічыцца адзін раз на два тыдні. Але пры наяўнасці заявак машыны з балонамі з’яўляюцца ў вёсках нашага раёна ўдвая часцей. У асобных выпадках у графік дастаўкі ўваходзіць і субота – усё для максімальнай зручнасці спажыўцоў!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.