ААТ “Кароцічы” ў ліку лідараў па нарыхтоўцы кармоў

Источник материала:  
16.11.2018 — Разное

 

ААТ “Кароцічы” ў ліку лідараў па нарыхтоўцы кармоў
У гэтым годзе ААТ “Кароцічы” ў ліку лідараў па нарыхтоўцы кармоў. Тут назапасілі 6038 тон, што амаль на 500 тон больш да ўзроўню мінулага года. Запоўнены не толькі старыя сянажныя траншэі, але і дзве новыя,  якія пабудавалі сёлета. Адну рабілі сваімі сіламі, а другую – Столінская ПМК-24.

Як расказаў дырэктар гаспадаркі Васіль Пятровіч Кудласевіч, у гэтым годзе амаль увесь скошаны зялёны корм трамбавалі ў траншэі, а кармілі кароў мінулагоднімі запасамі, якія дзякуючы захаванню ўсіх тэхналогій мелі высокую якасць. Таму ў гэтым годзе нарыхтавалі наперад.

На гэта ёсць некалькі падстаў. Самая галоўная – гэта зладжаны калектыў, які імкнуўся рабіць усё хутка і дакладна. Касілі палеткі Аляксей Аляксеевіч Талмачэвец і Васіль Фёдаравіч Серадзін. На прэсах рабілі вопытныя Уладзімір Дзям’янавіч Шчучка і Іван Іванавіч Кудласевіч. На адвозцы былі задзейнічаны механізатары Аляксей Фёдаравіч Комар, Рыгор Рыгоравіч Сямейка і Аляксандр Аляксеевіч Кудласевіч.

Як жартуюць мужчыны, трэба было дзерці лыка, пакуль дзярэцца. Спрыяла надвор’е, што таксама  іграла вялікую ролю. У нарыхтоўцы высакаякасных кармоў важна своечасова скошваць травы, якія найбольш багатыя пажыўнымі рэчывамі і вітамінамі ў раннія фазы развіцця: бабовыя  – у фазу бутанізацыі, злакавыя – у перыяд каласавання і  пачатку цвіцення. Акрамя таго, ранняя ўборка траў спрыяе добраму адрастанню  травастою і атрыманню другога ўкосу. Галоўная ўмова нарыхтоўкі высакаякаснага сена – гэта працэс сушкі ў кароткія тэрміны. Даводзілася і лавіць сонечныя дні, паколькі ў дрэннае надвор’е скошанную масу прасаваць нельга, бо пажыўныя рэчывы вымываюцца вадой.

– Нашы хлопцы вопытныя, таму работнікі на “пяць”, – дзеліцца Васіль Пятровіч. – Самі ведаюць, што да чаго, і працуюць як адзіны механізм.  Іншых у нас не бывае. Таму хачу ім падзяваць. Усё ж няма нічога важней, як адказны і сумленны калектыў.  Бо як працуеш – так і маеш.

Спадзяюся, што ў наступным годзе мы не страцім свае пазіцыі.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота

Вольгі КОВАЛЬ

 

←Есть ли в жировке лишняя сумма?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика