Разлічыўся з таксістам… украдзеным ноутбукам...
12.11.2018
—
Разное
34-гадовы, раней неаднаразова судзімы, жыхар Івацэвічаў Н. знаходзіўся ў Кобрыне. Перад ім паўстала неабходнасць прыехаць дамоў, але грошай на дарогу не было. Ён паабяцаў таксісту разлічыцца, як толькі прыедуць у наш райцэнтр.
Прыехалі ў Івацэвічы. Н. рушыў да свайго сябра С., 19-гадовага маладога чалавека, але таго не аказалася дома – толькі бабуля і дзядуля тут былі. Н. пранік у пакой да С. знайшоў там ноутбук і 6 рублёў, забраў з сабой, чым нанёс урон С. у суме 306 рублёў.
Гэтым “здабыткам” ён і разлічыўся з таксістам.
Н. лічыў, што ўсё прайшло як па масле, што слядоў пасля сябе не пакінуў, але пасля паступлення заявы аб крадзяжы ноутбука івацэвіцкая міліцыя ўзялася за справу. У хуткім часе Н. быў затрыманы, ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, дае паказанні, у таксіста канфіскаваны ўкрадзены ноутбук, вернуты сапраўднаму гаспадару.
Узбуджана крымінальная справа.
Андрэй БУРДЗЬ, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.