У Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы пачаў сваю працу мамограф
Мамаграфія – гэта “залаты” стандарт для выяўлення злаякасных пухлін і іншых захворванняў малочных залоз. Працэдура небалючая, апраменьванне пры ёй нязначнае, таму негатыўнага ўздзеяння на здароўе не будзе. Супрацьпаказана яна толькі пры цяжарнасці і грудным кармленні.
Хто павінен прайсці мамаграфію?
Перш за ўсё жанчыны, старэйшыя за 35 гадоў (да 35 гэтае даследаванне малаэфектыўнае), у якіх ёсць пэўныя паказанні. А гэта дыскамфорт і розныя зацвярдзенні, выдзяленні з малочных залоз, калі ў блізкіх родных былі выпадкі раку малочных залоз, пасля траўм у гэтай вобласці.
Накіраванне можна атрымаць у тэрапеўта ці акушэра-гінеколага.
З пачатку наступнага года на мамаграфію будуць запрашаць усіх жанчын 50-69 гадоў. Навошта масава рабіць мамаграфію? Рак малочных залоз – захворванне, якое добра паддаецца лячэнню. Але выявіць яго трэба на пачатковай стадыі. І нельга думаць, што цябе гэта ні ў якім разе не закране.
За дзевяць месяцаў гэтага года ў нашай раённай бальніцы выяўлена 12 выпадкаў раку малочных залоз. У дзесяці жанчын захворванне было на першай-другой стадыях, а ў дзвюх, на жаль, на чацвёртай.
У дзень мамаграфію могуць прайсці шэсць - восем чалавек. Для выключэння дыягнастычнай памылкі інтэрпрэтацыю робяць два ўрачы-рэнтгенолагі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку.
Віялета ВОЙТКА.