На мінулым тыдні на Століншчыне пабывала дэлегацыя з Рэспублікі Польшча гміны Поромбка Сілезскага ваяводства на чале з войтам Чэславам Булка. Гэтая гміна лічыцца ў Польшчы турыстычнай, там шмат цікавых мясцін для вандровак. Усяго насельніцтва каля 15000 чалавек.
Прадстаўнікі замежнай дэлегацыі – гэта склад вакальна-інструментальнага ансамбля “Талісман”. Пэўны час таму ўдзельнікі ансамбля, будучы ва Украіне, пазнаёміліся там з нашымі танцорамі з “Рэха”, якія таксама прымалі ўдзел у адным з фестываляў. Так і нарадзілася сяброўства, якое не перарывалася гадамі. Былі візіты: столінскіх творчых калектываў у Польшчу і наадварот.
Сябры з Польшчы з задавальненнем прыехалі па запрашэнні на святкаванне 35-годдзя народнага ансамбля танца “Рэха”. Акрамя таго, што яны выступілі з канцэртнымі нумарамі на гэтай ўрачыстасці і на міжнародным фестывалі Журавін у Альманах, госці азнаёміліся са славутымі мясцінамі раёна. Наведалі касцёл у Давыд-Гарадку. Ім вельмі спадабалася. Шквал станоўчых эмоцый пакінула наведванне турыстычнай базы “Дамінік”. Палякі шчыра прызналіся, што нават не ўяўлялі, што тут можа быць такі ўзровень сервісу!
Па выніках візіту было прынята рашэнне заключыць дагавор аб супрацоўніцтве паміж гмінай Поромбка і Столінскім раёнам. Што было і зроблена ва ўрачыстай абстаноўцы. Ухіл пакуль робіцца на зносіны ў сферы культуры і турызму, але сувязі будуць распаўсюджвацца і на іншыя сферы дзейнасці.
Ад імя ўсёй дэлегацыі Чэслаў Булка падзякаваў кіраўніцтву Століншчыны за прыём.
– На Століншчыне я ўпершыню, – гаворыць войт гміны, – і ўвачавідкі ўпэўніўся ў тым, пра што да гэтага часу чуў ад маіх калег. Ваша гасціннасць заслугоўвае слоў вялікай падзякі.
Мы бачылі, колькі моладзі тут зацікаўлены адной агульнай справай – тыя ж удзельнікі “Рэха”. Добраўпарадкаванне Століна і іншых населеных пунктаў выклікаюць толькі прыемныя ўражанні. Нам ёсць чаму ў вас вучыцца, а вы, спадзяюся, знойдзеце нешта карыснае ў нас. Гэта вельмі добра для лю-дзей. Сумесная праца павінна служыць супрацоўніцтву паміж краінамі і народамі. Трэба спа-дзявацца, што так і будзе.
Тэкст і фота
Алены КЛІМУШКА