У Шклове прайшоў ІІІ рэгіянальны конкурс “Маладая гаспадыня АПК”, у якім прынялі ўдзел 23 прыгажуні з усіх раёнаў Прыдняпроўскага краю. Мэта гэтых цікавых спаборніцтваў — развіццё творчага патэнцыялу, папулярызацыя сельскагаспадарчых прафесій, культурная арганізацыя вольнага часу і эстэтычнае выхаванне сельскай моладзі, матывацыя прафсаюзнага членства. Гонар нашага раёна абараняла намеснік галоўнага бухгалтара ААТ “Дабаснянскае” Ірына Пятроўская.
Як нам расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, удзел у конкурсе прынялі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ва ўзросце ад 18 да 31 года. Яны — прадстаўніцы розных прафесій і роду дзейнасці, але іх аб’ядноўвае тое, што ўсе працуюць у арганізацыях аграпрамысловага комплексу або вучацца з сельскагаспадарчых установах адукацыі Магілёўшчыны. Акрамя таго, канкурсанткі з’яўляюцца членамі прафсаюза АПК.
Як адзначыў старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль, які ўзначальваў журы конкурсу, з кожным разам выявіць лепшых становіцца ўсё больш складана, бо ўсе ўдзельніцы паказваюць вельмі высокі ўзровень падрыхтаванасці.
Канкурсанткам трэба было праявіць сябе на некалькіх этапах. У “Візітцы” яны ў арыгінальнай форме расказвалі аб сабе і сваіх захапленнях, у “Спаборніцтве інтэлектуалаў” — адказвалі на пытанні з розных абласцей жыццядзейнасці, адчулі сябе гаспадынямі ў жартоўным конкурсе “Госці на парозе”, раскрывалі творчы патэнцыял у іспыце “Мая творчасць”, дэманстравалі ўменне трымацца на сцэне на этапе “Мой стыль”, у конкурсах “Самыя ўмелыя рукі” і “Дамашняе заданне” здзіўлялі членаў журы сваімі рукадзельнымі і кулінарнымі талентамі.
Кіраўчанка Ірына Пятроўская выдатна праявіла сябе літаральна ва ўсіх конкурсах. Толькі крыху не хапіла ёй набраных балаў, каб трапіць у прызавую тройку — яна заняла 4 месца. Аднак суддзі высока ацанілі і яе выступленне: за прадэманставаныя здольнасці і ўменні Ірыне быў прысвоены тутул “Міс Талент” з уручэннем адпаведнай стужкі, дыплома ўдзельніцы, каштоўнага падарунка і грашовага сертыфіката.
Трэба адзначыць, што кіраўчанам, якія прадстаўляюць наш раён у разнастайных спаборніцтвах, аказваецца дапамога ў падрыхтоўцы і выступленнях з боку арганізацый і ўстаноў Кіраўшчыны. Ірыне Пятроўскай дапамагалі дастойна праявіць сябе кіраўніцтва ААТ “Дабаснянскае” на чале з Аляксандрам Вербінавым, работнікі ЦДАДіМ Таццяна Рудак і Вольга Гушчына, выкладчык Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў г.Кіраўска Сяргей Лаўрыненка, фотакарэспандэнт раённай газеты “Кіравец” Максім Мікешын, а таксама работнікі культуры і райкама прафсаюза работнікаў АПК. Так што, поспех Ірыны можна лічыць агульным для ўсіх.
Падрыхтаваў Аляксандр ХАХЛОЎ.