Каб выбуху не адбылося, карыстайцеся катлом правільна. Парады спецыяліста
Ацяпляльны сезон пачаўся і зводка надзвычайных сітуацый папаўняецца новымі фактамі. Так, у Калінкавічах адбыўся выбух катла на цвёрдым паліве. Асноўнай прычынай стала парушэнне патрабаванняў эксплуатацыі, а менавіта: адсутнасць цыркуляцыі вады ў сістэме ацяплення.
Не сакрэт, што пры гарэнні паліва ў катле вада закіпае, адпаведна расце ціск. Пры дасягненні крытычнага ціску ў трубе альбо секцыі катлы разбураюцца. З-за выкіду з пашкоджанага катла вялікага аб’ёму паравадзяной сумесі адбываецца павышэнне ціску ўнутры памяшкання і, як след, магчыма, яго разбурэнне, а людзі ў ім могуць атрымаць апёкі і траўмы.
Мінімальная колькасць правіл дазволіць прадухіліць выбухі катлоў.
Перш за ўсё трэба ўпэўніцца, што запорныя прыстасаванні на падаючым і зваротным трубаправодах да катла адкрыты, а таксама адкрыты ўсе запорныя ўстройствы, устаноўленыя на сістэме ацяплення. Выдаліце кандэнсат з ніжняй кішэні дымавой трубы. Агледзьце агалоўкі дымавых труб і каналаў дымаходаў, каб не было іх абмярзання і закупоркі. Да пачатку распальвання катла трэба адкрыць лінію падсілкоўкі сістэмы ацяплення і кантрольную лінію запаўнення пашыральнага бака. Выцяканне вады з кантрольнай лініі гаворыць пра тое, што сістэма ацяплення не замерзла. Пры гэтым сачыце за ціскам на манометры катла, каб ён не рос.
Калі з кантрольнай лініі вада не пайшла, а ціск расце, то гэта значыць, што сістэма ацяплення замерзла. У такім выпадку кацёл распальваць катэгарычна забараняецца. Вызначыце месца замярзання, адагрэйце яго і толькі потым, пасля выцякання вады з кантрольнай лініі, паступова распальвайце кацёл, кантралюючы ціск на манометры. Калі ціск набліжаецца да максімальна дапушчальнага, то тэрмінова спыніце падачу паліва ў кацёл і выдаліце з катла ў бяспечнае месца рэшткі гарашчага паліва.
Забараняецца выкарыстоўваць самаробныя катлы, якія не абсталяваны аўтаматыкай бяспекі і кантрольна-вымяральнымі прыборамі! Нельга выкарыстоўваць няспраўныя катлы (катлы з няспраўнымі манометрамі, засцерагальнымі прыстасаваннямі) і свавольна адключаць і дэмантаваць іх. Не распальвайце кацёл пры адмоўнай тэмпературы пры адсутнасці цыркуляцыі вады ў ацяпляльнай сістэме! Не захоўвайце побач з катлом гаручыя, змазачныя і абцірачныя матэрыялы!
Яўген БЕЖАЛЕЎ,
дзяржінспектар Мазырскага аддзела Дзяржпрамнагляду.