У памяці жывы і ў справах маладых
У мінулую пятніцу ў Гомельскім абласным драматычным тэатры адбылася сустрэча моладзі розных пакаленняў. І нагода для яе была больш чым урачыстая – 100-годдзе з часу ўтварэння Ленінскага камуністычнага саюза моладзі. У зале тэатра сабраліся былыя лідары і актывісты беларускага камсамола, прадстаўнікі органаў кіравання, сённяшняя моладзь, артысты і акцёры. Апошнія, дарэчы, паказалі вельмі цікавую праграму ў стылі рэтра: на пляцоўцы бліз драмтэатра размясціліся тэматычныя выставы-прадстаўленні, якія адлюстроўвалі гучныя справы камсамольцаў на працягу ўсёй гісторыі існавання маладзёжнага аб’яднання. Тут была і “Ганка-кулямётчыца” на тачанцы і са смартфонам у руцэ, і камсамольцы-воіны на палях бітваў у час Вялікай Айчыннай вайны, і будаўнікі БАМа, і юныя турысты ля вогнішча. Іх маладзейшыя калегі побач імкліва сабраліся на флэш-моб. А ў фае тэатра ахвочыя з задавальненнем фатаграфаваліся ля “забранзавелых” скульптур, якія на самой справе апынуліся расфарбаванымі акцёрамі-мімамі.
Урачыстасць адкрыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. Ён павіншаваў прысутных ад імя кіраўніцтва вобласці, нагадаў пра асноўныя вехі дзейнасці камсамола на тэрыторыі нашай краіны і ўручыў ганаровыя граматы і падарункі былым лідарам камсамольскага руху вобласці.
Затым адбыўся святочны канцэрт “З камсамолам па жыцці”.
…Як на мой погляд, дык па жыцці з такім таварышам – гэта цікава, карысна і запамінальна!
У. ЕСІПАЎ.
Фота аўтара.