Слушатели повышения квалификации Академии управления при Президенте РБпосетили Миоры
З актуальнымі пытаннямі дзейнасці мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання лепш знаёміцца на практыцы. Таму слухачы факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пра Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь правялі выязныя практычныя заняткі на базе Міёрскага раёна. У іх ліку былі старшыні гарвыканкамаў і райвыканкамаў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў у гарадах, што прадстаўлялі ўсе вобласці краіны. Між іншым, павышаюць кваліфікацыю кіраўнікі выканаўчай вертыкалі Міёрскага і Браслаўскага раёнаў Ігар КУЗНЯЦОЎ і Аляксандр БАДАНІН.
На граніцы раёна з хлебам-соллю і віншавальнай песняй сустракалі гасцей культработнікі. Па дарозе ў аўтобусе пра мінулае Міёршчыны і яе адметнасці расказвала супрацоўніца раённага музея Вольга Пупіна. У будынку райвыканкама мясакамбінат і хлебазавод падрыхтавалі выставу прадукцыі, сувенірныя вырабы прадставіў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Стэнды сведчылі пра крокі ў будучыню розных галін гаспадаркі, культурны і турыстычны патэнцыял. З экспазіцыямі азнаёміла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак.
Практычныя заняткі пачаліся пасля прагляду відэафільма пра Міёршчыну з даклада старшыні райвыканкама Ігара Кузняцова аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і перспектывах да 2030 года. Прадоўжыліся яны на мясакамбінаце пасля наведвання сучаснага халадзільніка. Пры ўдзеле выконваючага абавязкі дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Навумава абмеркавалі шляхі і напрамкі ўкаранення інавацыйных тэхналогій.
Наступным аб’ектам стала цэнтральная раённая бальніца. Экскурсію правяла галоўны ўрач Алена Сівая, а ўражанні дазволілі абмяняцца вопытам выкарыстання новых магчымасцей і тэхналогій у лячэнні насельніцтва.
Узвядзенне металапракатнага завода — цяпер адна з найбуйнейшых будаўнічых пляцовак не толькі на Віцебшчыне. З ходам спраў пазнаёміў генеральны дырэктар ТАА “ММПЗ-груп” Пётр Шымуковіч. Размова закранула шырокае кола пытанняў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта.
Сучасныя тэхналогіі ў арганізацыі аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння сталі тэмай вывучэння ў дзіцячым санаторыі “Расінка”.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.