Дзейнасць педагога сёння – гэты ўдалы сімбіёз традыцыі і інавацыі, вопыту і эксперыменту. Такія якасці і высокі прафесійны ўзровень ужо ў восьмы раз на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства” прадэманстравалі педагогі Карэліччыны.
Навукова-практычная канферэнцыя сабрала 2 лістапада ў Карэлічах на базе сярэдняй школы №1 дзясяткі яркіх і таленавітых удзельнікаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Карэліцкага райвыканкама сумесна з раённым вучэбна-метадычным кабінетам.
У ходзе канферэнцыі працавалі 5 секцый: “Фарміраванне выхаваўчай прасторы ўстановы адукацыі”, першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, дзве – прадметнага выкладання.
Па рэгламенце за 7 хвілін удзельнікі павінны былі расказаць пра найбольш цікавыя і перспектыўныя напрацоўкі са свайго шматгадовага вопыту. Кожнае выступленне суправаджалася прэзентацыяй і дэманстрацыяй матэрыялаў.
У секцыі прадметнага выкладання №1 увага педагогаў-даследчыкаў была сканцэнтравана на тым, як паспяхова аб’яднаць сучасныя тэхналогіі і краязнаўчы матэрыял з вывучэннем геаграфіі і гісторыі, чаму аўдыёвізуальныя сродкі спрыяюць росту цікавасці да розных моваў, ці можна праз беларускі жывапіс развіць творчыя здольнасці вучняў.
Секцыя прадметнага выкладання №2 запомнілася шэрагам грунтоўных прац пра тое, як біялогію і фізіку можна па-новаму ўспрымаць праз даследчую дзейнасць вучняў, інтэрактыў альбо развіццё ў школьнікаў крытычнага мыслення, якія вусныя практыкаванні дапамагаюць дзецям лепш арыентавацца ў матэматыцы альбо ў чым сакрэт кругавой трэніроўкі на фізкультуры.
Як палепшыць і зрабіць больш разнастайным адукацыйны працэс для малодшых класаў, расказалі на секцыі першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Гаварылі тут пра станоўчую матывацыю і хутчэйшую адаптацыю дзетак праз выкарыстанне зваротнай сувязі і гульнявых тэхналогій, пра важнасць працы ў парах і вусны лік на ўроках матэматыкі, пра вывучэнне беларускай мовы з дапамогай фразеалагізмаў і дыдактычных гульняў.
Унікальным вопытам падзяліліся ўдзельнікі канферэнцыі ў ходзе секцыі дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. У сваіх выступленнях педагогі закранулі такія актуальныя тэмы, як развіццё ў дзяцей моўных і музычна-рытмічных навыкаў, іх псіхалагічная падрыхтоўка да школы, дробная маторыка, выкарыстанне на занятках дыдактычных гульняў, мастацкай літаратуры і фальклора.
Удзельнікі секцыі “Фарміраванне выхаваўчай прасторы ўстановы адукацыі” таксама здзівілі калег і журы. Педагогі запэўнілі вопытам і справай прысутных, як прафесійна арыентаваць школьнікаў у вясковай школе ў сучасных умовах, які прававы статус мае прыёмная сям’я ў Беларусі, чаму сёння важна духоўна-маральнае выхаванне і неабходна фарміраваць грамадзянскую ідэнтычнасць і нацыянальную самасвядомасць дзяцей праз беларускія абрады і традыцыі, сацыяльныя практыкі, экскурсіі і музейную педагогіку.
Як трапна адзначыла на падвядзенні вынікаў загадчык Карэліцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Іосіфаўна Сянько, кожная прадстаўленая на навукова-практычнай канферэнцыі праца заслугоўвае самых добрых слоў, бо ў яе ўкладзены вялізарны вопыт і ўнікальныя асабістыя напрацоўкі педагогаў.
Інавацыі, наватарства і каштоўнасць даследаванняў удзельнікаў канферэнцыі падкрэсліла падчас уручэння дыпломаў начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч: “Кожны год нашы педагогі даюць новую нагоду для гонару сваім нястрымным імкненнем да прафесійнаму росту і паспяховай дзейнасці. Асабліва радуе, што такі актыўны шлях абіраюць не толькі вопытныя настаўнікі, але і нашы маладыя спецыялісты. Таму сёлета на канферэнцыі мы бачым столькі новых твараў. Жадаю ўсім вам сіл і цярпення, каб годна працягваць сваю справу, каб пра вашы дасягненні ведалі не толькі ў раёне, але і на ўзроўні вобласці і рэспублікі!”
Такая высокая адзнака прадстаўленых на канферэнцыі прац была пацвержана і колькасцю ўручаных дыпломаў.