Дзень адкрытых дзвярэй правялі на “Белагратэрмінале”
Акрамя дырэктара вытворча-лагістычнага комплексу Валянціна Радзько і спецыялістаў ў мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар кіруючай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь, старшыня савета дырэктараў ТАА “Белагратэрмінал” Ігар Каратчэня і дырэктар па карпаратыўнаму развіццю Аляксандр Мундрык. Мясцовую ўладу прадстаўлялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч і начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі райвыканкама Ганна Джумкова.
Спачатку перад прысутнымі выступілі кіраўнікі і спецыялісты “Белагратэрмінала”, якія расказалі аб групе кампаній “Садружнасць”, мясцовым вытворча-лагістычным комплексе, які прадстаўляе міжнародны холдынг у нашай краіне. Выступоўцам былі зададзены пытанні, якія тычыліся дзейнасці гэтага прадпрыемства.
Удзельнікі дня адкрытых дзвярэй наведалі дыспетчарскую вытворча-лагістычнага комплексу, дзе ўбачылі, як ажыццяўляецца кіраўніцтва ўсімі тэхналагічнымі працэсамі, і потым пайшлі на вытворчую тэрыторыю. Падчас агляду розных збудаванняў яны мелі магчымасць пагутарыць з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў.
На тэрыторыі прадпрыемства пры дапамозе прыбораў былі праведзены замеры паветра на наяўнасць у ім шкодных рэчываў. Для гэтага запрасілі незалежных экспертаў з Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Вынікі дня адкрытых дзвярэй падвялі ў адміністрацыйным будынку. Ва ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства была магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам вытворча-лагістычнага комплексу ТАА “Белагратэрмінал”.
Напрыканцы ўсе, хто ўдзельнічаў у гэтым мерапрыемстве, атрымалі памятныя сувеніры ад групы кампаній “Садружнасць”.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.