Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што пры гэтым перш за ўсё будучыня — за выданнямі з аналітычным складнікам.
Цікавыя творчыя публікацыі, каментарыі вядучых аўтарытэтных экспертаў — змест перспектыўных газет і часопісаў. Такімі, напрыклад, з’яўляюцца штотыднёвікі, якія папулярныя ў чытачоў з-за аб’ектыўнай ацэнкі рэчаіснасці. Такое меркаванне міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч выказаў падчас сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова. «Інтэрнэт-выданні карыстаюцца ў свеце ўсё большай папулярнасцю, але ў друкаваных СМІ ёсць свой чытач, і яго нямала, — сказаў міністр інфармацыі. — Пры гэтым многія друкаваныя СМІ паспяхова сумяшчаюць сваю работу і ў сацсетках».
Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што на беларускіх тэлеканалах павінна быць больш праграм айчыннай вытворчасці: «Мы ўвялі паняцце нацыянальнага тэлевізійнага прадукту. На тэлебачанні ён павінен прысутнічаць у пэўнай прапорцыі. Рух у гэтым кірунку будзе паступальны». На першым этапе, праз два гады з прыняцця змяненняў у закон аб СМІ, на тэлебачанні павінна быць 30 % айчыннага кантэнту.
Марыя ДАДАЛКА,
“Звязда”.