Тэма тыдня ад БЕЛТА: Сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Мінску

Источник материала:  
01.11.2018 — Разное
Тэма тыдня ад БЕЛТА: Сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Мінску

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

Сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 31 кастрычніка — 1 лістапада праходзіць у Мінску. У адкрыцці форуму і дыскусійнай сесіі «Адносіны Усход-Захад» прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

На працягу двух дзён кіраўнікі дзяржаў, значныя палітычныя дзеячы, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і акадэмічнай супольнасці, кіраўнікі спецслужбаў і эксперты па пытаннях бяспекі абмяркоўваюць развіццё ўзаемаадносін па лініі Усход-Захад, магчымыя шляхі вырашэння рэгіянальных канфліктаў, эканамічную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, пытанні энергетычнай і транснацыянальнай бяспекі.

Усяго ўдзел у сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы прынялі больш за 100 чалавек. Сярод іх прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян, прэм’ер-міністр Малдовы Павел Філіп, міністры замежных спраў Македоніі, Манголіі, Польшчы і Славакіі, генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, еўрапейскі камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан, выканаўчы сакратар падрыхтоўчай камісіі Арганізацыі па Дагаворы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зерба.

У час міжнароднага форуму праходзяць чатыры дыскусійныя сесіі. Яны прысвечаны мінскаму працэсу, адносінам паміж Усходам і Захадам, кантролю над узбраеннямі і ўмацаванню даверу, а таксама рэгіянальным канфліктам.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы праводзіцца штогод з 1963 года. Першапачаткова мерапрыемства задумвалася як форма дыялогу паміж ФРГ і ЗША па пытаннях палітыкі бяспекі. З цягам часу яно пачало прыцягваць усё больш увагі прадстаўнікоў палітычных і ваенных колаў іншых краін. Цяпер канферэнцыя з’яўляецца адным з найбольш прадстаўнічых і аўтарытэтных форумаў у свеце па пытаннях палітыкі бяспекі і супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.

Першая сустрэча Асноўнай групы МКБ адбылася ў 2009 годзе. Форумы праходзяць у фармаце эксклюзіўнага закрытага дыялогу высокага ўзроўню з прыцягненнем шырокага кола ўдзельнікаў. Яны з’яўляюцца прадаўжэннем Мюнхенскай канферэнцыі і ў пэўнай ступені задаюць тон дыскусіі.

У 2018 годзе кіраўніцтва МКБ прапанавала правесці чарговую сустрэчу Асноўнай групы ў Мінску, абгрунтаваўшы гэта ўкладам, які ўносіць Беларусь ва ўмацаванне стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне і магчымасцю сабраць на беларускай пляцоўцы ключавых ігракоў.

Прадстаўнікі Беларусі прымаюць удзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з 2006 года. Як растлумачылі ў МЗС, пляцоўка выкарыстоўваецца беларускім бокам для прадстаўлення пазіцыі краіны па ключавых аспектах міжнароднай і рэгіянальнай архітэктуры бяспекі, правядзення двухбаковых сустрэч з афіцыйнымі асобамі розных дзяржаў.

Беларусь прапануе зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння. Аб гэтым ён заявіў на адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь знаходзіцца на геаграфічным скрыжаванні Еўропы, фактычна заціснутая паміж геапалітычнымі гігантамі. «Мы не хочам апынуцца на лініі новага цывілізацыйнага разлому, на вастрыі блокавага процістаяння паміж Усходам і Захадам — гэта галоўнае. Беларусы, як ніхто іншы, ведаюць, што гэта можа ў сабе таіць. З ростам процістаяння нам прадказваюць лёс буфера, або «бастыёна», паміж Расіяй і НАТА. Аб гэтым гавораць і эксперты, і палітыкі», — канстатаваў беларускі лідар.

«З аднаго боку, гэта дрэнна. Але з іншага, калі б уладныя людзі прыйшлі да дамоўленасці не цягнуць дзяржавы Усходняй Еўропы ў розныя ваенна-палітычныя блокі, не патрабаваць пацвярджэння лаяльнасці на шкоду іх суверэнным інтарэсам, гэты рэгіён стаў бы трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння», — заявіў Прэзідэнт.

Лукашэнка на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску шчыра выказаўся па пытанні дэмакратыі і правоў чалавека

«Нам кажуць, што Еўропа зацікаўлена ў суверэнітэце Беларусі. Пры гэтым асобныя нашы заходнія партнёры ў захапленні ад пазіцыі Мінска па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, па Крыме і Данбасе. Аднак як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што развітая еўрапейская дэмакратыя фарміравалася стагоддзямі, а ад Беларусі і іншых постсавецкіх краін хочуць рыўка за пару дзясяткаў гадоў.

«Калі рабіць гэта скачкападобна, праз націск, вынік будзе няўстойлівы. Таму мы ідзём шляхам эвалюцыі, а не рэвалюцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што ў постсавецкіх рэспубліках усё больш расце няўпэўненасць, што Захад, які актыўна папулярызуе сваю дэмакратыю, захавае яе сам. «Давайце паглядзім, што адбудзецца з дэмакратыяй у Заходняй Еўропе. Калі ўжо прагрэсіўныя немцы не ацанілі ролю Меркель у сучаснай гісторыі і спрабуюць выкінуць яе на задворкі гісторыі… — сказаў Прэзідэнт. — Паглядзіце, якія працэсы адбываюцца ў вас, на Захадзе, у дзяржавах. А вы гаворыце па-ранейшаму аб нейкай дэмакратыі, нават не спрабуючы вывучыць, якія працэсы адбываюцца тут — на постсавецкай прасторы: у той жа Расіі, Беларусі, Малдове, Украіне, Казахстане і іншых рэспубліках».

«Я часта гавару: вы хутка прыедзеце да нас вучыцца нашай дэмакратыі, таму што ў аснове яе ляжыць стабільнасць і нармальнае жыццё людзей», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Дзяўчаты ў школах не павінны баяцца хадзіць у спадніцах. Пра якую дэмакратыю тут можна гаварыць?» — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

«А дзе правы чалавека ў тых расстраляных у Нарвегіі (сем ці восем дзясяткаў чалавек было забіта), дзе іх правы чалавека, іх родных і блізкіх? А ён (Андэрс Брэйвік. — Заўвага БЕЛТА) сядзіць у трохпакаёвай кватэры і патрабуе яшчэ нейкіх правоў і прывілей», — сказаў Прэзідэнт.

«Можа, мы некалі і прыйдзем да гэтага, але не сёння. Не таму, што я гэтага не разумею. Гэтага не разумеюць нашы народы, таму трэба быць больш цярплівымі і засяроджваць сваю ўвагу на тых праблемах, якія трэба вырашаць у імя сапраўднай дэмакратыі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэслівае высокую актуальнасць пытання захавання міру на планеце

«Актуальнасць гэтай тэмы пацвярджае і ўражальны склад удзельнікаў канферэнцыі, і пералік абмяркоўваемых праблем, у якім знайшлі адлюстраванне найбольш вострыя для нашага рэгіёна пытанні: ад рознагалоссяў па лініі Усход-Захад да канфлікту ва Украіне. На жаль, вымушаны згадзіцца з вывадамі апошняга даклада Мюнхенскай канферэнцыі аб тым, што наша планета падышла да краю прорвы, за якой знаходзіцца глабальны канфлікт. Канфрантацыя стала адным з вызначальных фактараў развіцця міжнародных адносін, у тым ліку і ў нашым рэгіёне», — сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўзброеныя проціборствы ідуць практычна на ўсіх кантынентах. «Тлеючы канфлікт, а па сутнасці няспынная вайна на Данбасе — гэта вайна тут, у нашай з вамі Еўропе. У нашым агульным доме», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні таксама згадаў аб усё большай колькасці бежанцаў у свеце, гандлёвых супярэчнасцях паміж ЗША і Кітаем, усё больш відавочным характары рознагалоссяў паміж ЗША і ЕС — самымі блізкімі саюзнікамі, трывожнай сітуацыі вакол дагавораў аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці і аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў.

«Прорва недаверу паміж Расіяй і Захадам цяпер значна шырэйшая, чым у папярэднія складаныя перыяды навейшай еўрапейскай гісторыі. Поўным ходам ідуць маштабныя санкцыйныя і інфармацыйныя войны, іншых слоў не падбярэш», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што вялікія дзяржавы страчваюць статус гарантаў стабільнасці, яны не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з самых сур’ёзных пытанняў. «Савет Бяспекі ААН ператварыўся ў пляцоўку для высвятлення адносін. На агульнапалітычнай дыскусіі ў рамках цяперашняй, 73-й сесіі Генасамблеі ААН кожны гаворыць пра свае інтарэсы, прэтэнзіі, заклапочанасць і мала хто — пра тое, што трэба садзіцца за стол перагавораў і мяняць сітуацыю. Прытым час ідзе катастрафічна. Яго практычна ўжо не засталося для вырашэння вельмі сур’ёзных і вострых пытанняў сучаснасці. Ужо не толькі сусветныя палітыка, эканоміка, але і спорт, культура, іншыя нейтральныя сферы міжнароднага супрацоўніцтва становяцца арэнай процістаяння некаторых дзяржаў», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: кібертэрарызм будзе не менш небяспечны, чым ядзерная зброя

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што тры тыдні таму ў Мінску пад эгідай АБСЕ прайшла міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху. Яе ўдзельнікі сышліся на думцы, што, толькі выступіўшы адзіным фронтам, магчыма паспяхова процістаяць кібертэрарызму і іншым сучасным выклікам і пагрозам. «Кібертэрарызм, і гэта мы зразумеем літаральна ў бліжэйшыя год-два, будзе не менш небяспечны, чым ядзерная зброя», — упэўнены беларускі лідар.

«Беларусь гатова прыняць у сябе сумесную канферэнцыю ААН і АБСЕ па барацьбе з тэрарызмам і саміт па барацьбе з кіберзлачыннасцю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама прапанаваў падумаць над аднаўленнем пад эгідай АБСЕ дзейнасці «Групы мудрацоў» з ліку вядомых палітыкаў і аналітыкаў. «Іх задачай стане выпрацоўка рэкамендацый стратэгічнага характару па агульных пытаннях бяспекі на еўраатлантычнай і еўразійскай прасторах», — растлумачыў Прэзідэнт.

Лукашэнка адзначае рост прыхільнікаў ідэі запуску новага міжнароднага перагаворнага працэсу

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на адкрыцці летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску ў ліпені мінулага года беларускі бок прапанаваў ідэю новага Хельсінкскага працэсу. «Тады мы нярэдка чулі, што, маўляў, Беларусь вельмі наіўная, выстаўляючы такія прапановы. Некаторыя намякалі на тое, што і не справа гэта Беларусі. Некаторымі беларуская ініцыятыва была нават успрынята як прапанова аб пераглядзе дзеючай рэгіянальнай сістэмы бяспекі, якая, дарэчы, не працуе. Хачу падкрэсліць: мы ніколі не прапаноўвалі нічога перакрэсліваць. А сёння заўважаем, што колькасць прыхільнікаў гэтай ідэі расце», — сказаў Прэзідэнт.

«Наша краіна зыходзіць з таго, што ва ўмовах, калі гэта сістэма дае збой (яна ж не дазволіла прадухіліць крывавыя канфлікты ў Еўропе, напрыклад, у Югаславіі і Украіне), трэба прымаць меры, каб аднавіць яе эфектыўную работу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Або замяніць, калі не атрымаецца аднавіць. Але для гэтага патрэбны дыялог усіх зацікаўленых».

Паводле яго слоў, беларуская дзяржава выступае за інклюзіўны дыялог, нават калі няма гарантыі таго, што ён завершыцца канкрэтным вынікам. «Мы не прэтэндуем на манаполію гэтай ініцыятывы. Разумеем, што яе рэалізацыя залежыць ад згоды многіх, у першую чаргу ключавых, ігракоў. Але ў сучасных умовах, калі вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца, важную ролю могуць і павінны адыграць іншыя краіны», — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі дыялог будзе значна адрознівацца ад таго, які быў у рамках Хельсінкскага працэсу. «Хельсінкі-2″, хутчэй, метафара для абазначэння сутнасці новага працэсу — пошуку сучасных шляхоў і спосабаў адысці ад небяспекі вялікага канфлікту. Рашэнні па выхадзе з крызісу не павінны паўтараць рэцэпты халоднай вайны, але сёння ў Еўропе няма адзінага меркавання аб тым, як павінна быць арганізавана абноўленая сістэма бяспекі», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш Прэзідэнт лічыць, што, нягледзячы на адсутнасць палітычных перадумоў для запуску новага перагаворнага працэсу, неабходна шукаць магчымасці для прапрацоўкі яго асновы, няхай спачатку на экспертным узроўні, а потым і асноўнымі ігракамі.

Лукашэнка бачыць палітычны і эканамічны заказ на эскалацыю напружанасці ў рэгіёне

«Перакананы, што ніхто ў Еўропе і за яе межамі не хоча адкрытага ваеннага сутыкнення Усходу і Захаду. Але давайце будзем рэалістамі. Сёння ў нашым рэгіёне відавочны буйны палітычны і эканамічны заказ на эскалацыю напружанасці. Варонка проціборства зацягвае ў сябе ўсё новыя і новыя краіны, ператвараючыся ў міжблокавае процістаянне», — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, у многіх выпадках канфлікт можна было ўстараніць, згладзіць, змякчыць, аднак палітычнай волі на гэта няма.

«Абвінавачваць кагосьці вельмі позна. Але менавіта з-за яе адсутнасці мы маем шматгадовы тупік перагавораў па ўсіх «гарачых кропках» і ва ўсіх вядомых фарматах», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што калі ў самы бліжэйшы час не спыніць махавік канфрантацыі і працэс злому агульнапрызнаных правіл гульні, то можа адбыцца далейшая эскалацыя проціборства. «Запалае ўжо не толькі Украіна або Усходняя Еўропа. Так недалёка і да ядзернага канфлікту паміж геапалітычнымі ігракамі, у якім не будзе пераможцаў», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на праблемы, якія ўсё больш узнікаюць на Балканах.

Лукашэнка: вырашэнне ўкраінскага канфлікту — ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе

«Вырашэнне ўкраінскага канфлікту — ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе. Без яго ўрэгулявання мір на кантыненце будзе заставацца пад пагрозай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі хочаце, гэта тэст на нашу здольнасць што-небудзь зрабіць,  што-небудзь вырашаць і захаваць наш агульны дом Еўропу. Калі мы не здольны вырашыць гэты (сур’ёзны, вядома) канфлікт, то мы ператворымся ў добрых перагаворшчыкаў, будзем перыядычна праводзіць гаварыльні, але не прыйдзем да вырашэння ніводнага з сур’ёзных пытанняў», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, на гэты момант з задачай спыніць проціборства на паўднёвым усходзе Украіны ніхто не спраўляецца — ні «нармандская чацвёрка», ні трохбаковая кантактная група АБСЕ, ні Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ ва Украіне, ні фармат Волкер-Суркоў.

Самым жудасным Аляксандр Лукашэнка назваў той факт, што прадаўжаюць гінуць у тым ліку многія прадстаўнікі мірнага насельніцтва — жанчыны і дзеці.

«Мінула больш за тры з паловай гады з моманту прыняцця ўзгодненых «нармандскай чацвёркай» мінскіх пагадненняў. Аднак поўнасцю ніводны з іх пунктаў так і не рэалізаваны. Хоць гэта не значыць, што пагадненні дрэнныя. Іх безальтэрнатыўнасць як адзінага шляху ўкраінскага ўрэгулявання прызнаецца і ў Расіі‚ і ў Еўропе, і ў ЗША», — дадаў беларускі лідар.

«Ідзе нагнятанне сітуацыі. Пастаўкі ў рэгіён процітанкавай, зенітнай і іншай лятальнай зброі толькі набліжаюць радыкальны сцэнарый, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Паводле нашых даных, завозяць сучасную зброю, якая здольна весці радыёэлектронную барацьбу не толькі на зямлі, але і ў космасе. Што тады засталося — ядзерную зброю туды завезці, і вайна забяспечана».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь прыняла 160 тыс. перасяленцаў з Украіны, забяспечыўшы іх усім неабходным, аказаўшы дапамогу ў працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. «Словам, яны атрымалі тут сваю другую радзіму. І нам далося гэта няпроста ў нашай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі», — сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанні бяспекі, рэгулярнае затрыманне на граніцы зброі, на што, зразумела, неабходны рэсурсы.

«Фактычна, канфлікт на нашай зямлі. Нават не каля нашага парога. Таму мы так занепакоены гэтай сітуацыяй», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка агучыў канкрэтныя прапановы па забеспячэнні міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны

«Будзем шчырымі: вырашэнне канфлікту на Данбасе, пры жаданні, магло б быць ужо даўно знойдзена. Трэба прадаўжаць работу па ўзмацненні магчымасцей Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне і трохбаковай кантактнай групы. Мы гатовы разгледзець стварэнне ў Мінску тэхнічнага пункта трохбаковай кантактнай групы і іншага, на што мы здольны сёння дамовіцца ў Еўропе», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама лічыць важным дапоўніць дыпламатычны дыялог узаемасувязямі парламентарыяў, прадстаўнікоў рэгіянальных улад, грамадзянскай супольнасці і экспертаў.

«Неабходна весці далейшы пошук узаемапрымальнага рашэння па размяшчэнні на Данбасе міратворцаў. Магчыма, разгледзець варыянт размяшчэння сумеснай місіі ААН і АБСЕ ва Украіне. У яе склад могуць увайсці ваеннаслужачыя, паліцэйскія, грамадзянскі персанал з краін, якія на працягу ўсяго перыяду канфлікту ўносілі пасільны ўклад у яго вырашэнне. Трэба забяспечыць прынцып паэтапнасці ў разгортванні гэтай місіі, але часу амаль не засталося», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку беларускага лідара, таксама трэба было б актывізаваць і работу ў «нармандскім фармаце», каб забяспечыць дакладны механізм кантролю за выкананнем мінскіх пагадненняў. «Аднак з улікам вопыту мінулых гадоў ёсць апасенні, што гэтага будзе недастаткова», — адзначыў ён.

«Беларусь — невялікая дзяржава, але мы гатовы ўносіць сваю лепту ў вырашэнне тых ці іншых канфліктаў. Што мы, у прынцыпе, ужо робім. Але хочам адчуваць нашу большую запатрабаванасць з боку асноўных сусветных ігракоў», — заявіў Прэзідэнт.

«Прасцей кажучы, мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай граніцы, а таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з’яўляюцца неад’емнай часткай Украіны», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

«Не спяшайцеся гэта адхіляць. Нашы прапановы заснаваны на той павазе з боку ўкраінскага народа і той пазіцыі, ролі, якую адыгрывае Беларусь з самага пачатку гэтага канфлікту, — сказаў Прэзідэнт. — Мы гатовы вырашыць гэту праблему, толькі калі будзем упэўнены, што асноўныя сусветныя ігракі хочуць міру ў нашым агульным еўрапейскім доме, калі няма зацікаўленых, каб разаграваць сітуацыю ва Украіне і зрабіць яе апорнай кропкай процідзеяння Расіі і Беларусі. Думаю, дэталізаваць не трэба».

«Людзі стаміліся ад вайны ва Украіне. Гэта вайна нікому не патрэба — ні Беларусі, ні Расіі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён лічыць самай сур’ёзнай памылкай спробы пошуку вінаватых у той час, калі вырашаецца пытанне міру на Данбасе. «Мы ні ў якім разе не павінны гэты канфлікт пакінуць нашым дзецям. Але вось шукаць вінаватых — гэта пытанне дзецям можна пакінуць. Яны потым разбяруцца, калі захочуць разабрацца ў гэтым, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння не вінаватых трэба шукаць. Сёння трэба вырашаць праблему. У адваротным выпадку ўсялякія размовы аб нашым агульнаеўрапейскім доме, у якім павінен быць мір і парадак, не сумленныя».

«Каб ажыццявіць гэтыя прапановы на практыцы, трэба іх абмяркоўваць за сталом перагавораў з удзелам усіх уцягнутых бакоў. І давайце будзем сумленнымі: калі нам не ўдасца прыцягнуць за гэты стол Злучаныя Штаты Амерыкі, наўрад ці мы дасягнём мэты», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка лічыць небяспечным любое прамаруджванне ў вырашэнні канфлікту ў Данбасе

Аб гэтым ён заявіў у ходзе адкрыцця сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, адказваючы на пытанне старшыні канферэнцыі Вольфганга Ішынгера аб тым, што павінна адбыцца, каб перагаворы па абмеркаванні ўкраінскага пытання прывялі да выніку.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён ужо шмат гаварыў на гэту тэму. «Хачу яшчэ раз канкрэтызаваць сказанае. Мы ўжо наконт Данбаса нагаварылі столькі, і было столькі дыялогаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння, каб не страціць тэмп (хоць які там тэмп), дабіцца нечага, патрэбны вынік, хаця б паўкроку. Каб людзі маглі паверыць, што там магчыма нешта зрабіць».

«Дыялог, які ідзе цяпер, прывядзе да яшчэ большага канфлікту. Людзі, расчараваўшыся, што можна нешта вырашыць (хоць яны і гінуць там кожны дзень), возьмуцца за вельмі сур’ёзную зброю», — лічыць Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што гэтага нельга дапусціць ні ў якім разе: «Калі ўжо зброя туды і трапіла, трэба зрабіць так, каб яна не стала страляць».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, патрэбны крокі да міру і стабільнасці. «Самае страшнае, я гаварыў аб мінскіх дамоўленасцях, што ў выніку гэтага няспыннага дыялогу канчаткова быў страчаны давер, асабліва Расіі і Украіны. Будзем шчырымі, ад іх залежыць вырашэнне гэтай праблемы. Няма даверу. Згадзіцеся з маёй фармулёўкай: мы, родныя браты, — Беларусь, Украіна і Расія — павінны перш за ўсё зрабіць непасрэдныя крокі да вырашэння гэтага канфлікту, мы ўтраіх. І там, дзе няма даверу паміж старэйшымі братамі, украінцамі і расіянамі, выбачайце, што я так называю, там павінен трэці брат уключыцца», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

«Калі няма даверу па граніцы 400 км Расіі і Украіны ў Данбасе, калі яна не прыкрыта, а Украіна патрабуе: «Аддайце нам граніцу», Расія непакоіцца, што там пачнецца разня, то я прапанаваў як стары пагранічнік забяспечыць закрыццё гэтай граніцы. Але буду дзейнічаць толькі ў плане іх дамоўленасцей — Расіі і Украіны. Я не магу прыйсці туды са сваімі правіламі, сваім статутам. Гэта было б лепш, але гэтага не будзе. Вось няхай два прэзідэнты дамаўляюцца, і мне задачу ставяць — я гэта зраблю», — сказаў беларускі лідар.

«Я прыводжу канкрэтны прыклад — ён вельмі важны: правесці выбары ў Данбасе. Добра, давайце вызначым, на якіх прынцыпах, і мы возьмемся, ну, не за арганізацыю — Украіна сама арганізуе гэтыя выбары. Мы забяспечым кантроль у тым плане, як дамовімся, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба правесці там выбары, каб зняць пытанне. І калі людзі ўбачаць свет, яны нам прабачаць усё».

«Любое прамаруджванне ў вырашэнні гэтага пытання ўзмоцніць канфлікт, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І мы ўжо будзем гаварыць не пра канфлікт — гэта прывядзе да вайны. Гэты канфлікт трэба спыніць нашаму пакаленню. Нельга яго ў спадчыну пакінуць дзецям».

Лукашэнка: тыя, хто размахвае ядзернай зброяй, не думаюць пра бяспеку нават сваіх народаў

«Пакуль гэта заявы на ўзроўні палітыкаў — аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці, аб стратэгічных наступальных узбраеннях і іншае. А таксама гэта на ўзроўні траскатні ў СМІ. Пакуль мы з гэтай траскатнёй спраўляемся. Часам назіраем. Але, вядома ж, гэта нас непакоіць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Калі, дапусцім, у Польшчы палітыкі заяўляюць аб тым, што яны гатовы траціць мільярды долараў для таго, каб размясціць там амерыканскую зброю і завесці туды батальёны амерыканцаў, мы, маючы такую нядаўнюю гісторыю, вядома, на гэта рэагуем», — прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі. Пры гэтым заўважыў, што «робім гэта адкрыта, не ўтойваем».

«Вядома, мы са сваім галоўным саюзнікам думаем аб тым, як нам процістаяць усяму гэтаму і з мінімальнымі затратамі, мы не такія багатыя, ні Расія, ні мы. Як знайсці адэкватны адказ на гэта», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: «Разгортваючы балбатню ў сродках масавай інфармацыі і размахваючы ядзернымі боегалоўкамі, яны нават не думаюць пра ўласную бяспеку, пра бяспеку сваіх народаў. А вы хочаце, каб яны хваляваліся пра нас. Ну, няўжо Дональд Трамп, робячы заяву аб выхадзе з дагавора аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці, думае пра Беларусь». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён быў прыхільнікам выбрання Дональда Трампа Прэзідэнтам ЗША і цяпер уважліва назірае за сітуацыяй.

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што ўся гэта балбатня нагадвае нейкую гульню. «Калі яны выйдуць з гэтага дагавора, то гэта нічога не дасць», — заўважыў беларускі лідар. Небяспека ў іншым — нават размовы на гэту тэму шкодныя, заявіў Прэзідэнт.

Лукашэнка запрашае еўрапейскія эліты і бізнес да больш цеснага супрацоўніцтва з Беларуссю

«Мы імкнёмся да таго, каб Еўрасаюз стаў адной з апор знешняга гандлю Беларусі, супастаўнай з Расіяй і Еўразійскім эканамічным саюзам. Інтэнсіўнае крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва, садзейнічанне далейшай мадэрнізацыі нашага прамысловага і аграрнага комплексаў — вось тое, што нам трэба для ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусь забяспечвае надзейны, бесперабойны транзіт энерганосьбітаў. Акрамя таго, праз краіну штогод праходзіць больш за 100 млн т розных грузаў.

«І мы ніколі не стваралі праблем для заходніх партнёраў, і не створым іх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на наяўнасць значных бар’ераў у гандлі з Еўрасаюзам. «А гэта ж аснова бяспекі — менавіта эканоміка, сацыяльна-эканамічныя пытанні параджаюць нестабільнасць», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Беларусь шмат што робіць для Еўрасаюза ў сферы бяспекі, створаны эфектыўны заслон на шляху нелегальнай міграцыі. «Нават мыш не прапаўзе праз нашы граніцы да вас. А калі б яшчэ прыстойна да нас ставіліся, то і муха не праляцела б, — вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. — І гэта мы робім за свой кошт — абараняем вас ад патоку мігрантаў». Прэзідэнт дадаў, што Беларусь таксама актыўна процідзейнічае наркатрафіку, крыміналу, прадухіляе перамяшчэнне праз граніцу ў тым ліку радыеактыўных матэрыялаў.

«Пры гэтым мы не прэтэндуем на членства ў Еўрасаюзе і ідзём да еўрапейцаў не з працягнутай рукой. Нам заўсёды ёсць што прапанаваць партнёрам», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

 

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика