Мінчука, які шукаў закладку з наркотыкам, здаў міліцыі пільны раварыст (відэа)
Фота: guvd.gov.by
У Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі 32-гадовага мужчыну, пры якім знайшлі скрутак з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам альфа-PVP, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Усё пачалося з таго, што да інспектараў ДАІ на скрыжаванні вуліц Валадзько і Варанянскага пад'ехаў раварыст. Ён пабачыў, як невядомы чалавек капае зямлю, і выказаў меркаванне, што той шукаў закладку з псіхатропаў. Даішнікі пайшлі да ўказанага месца — там сапраўды быў малады чалавек, які спрабаваў знайсці закладку. Яго затрымалі і даставілі ў РУУС для далейшага разбіральніцтва. Закладку міліцыянты забралі: у скрутку было парашкападобнае рэчыва белага колеру.
Экспертыза паказала, што ў знойдзеным парашку ёсць асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — альфа-PVP.
Малады чалавек растлумачыў, што псіхатроп ён купляў для сябе, вырашыў паспрабаваць.
Малады чалавек раней не судзімы. На яго пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, што нядаўна мінскі таксовец паведаміў міліцыянтам, што яго пасажыр выходзіў з машыны, каб забраць закладку наркотыкаў.