Гамяльчук прыехаў у Мінск рабіць аперацыю — у яго скралі грошы, збіраныя 5 гадоў
Фота: guvd.gov.by
Сталічная міліцыя шукае мужчыну, які скраў кашалёк, дзе было 1900 беларускіх рублёў і 290 долараў, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Здарэнне адбылося 10 кастрычніка і трапіла на вулічную відэакамеру. 58-гадовы мужчына прыехаў з Гомельскай вобласці ў мінскі медцэнтр, каб зрабіць аперацыю па выдаленні катаракты. На гэтую аперацыю ён збіраў грошы амаль пяць гадоў.
Калі мужчына прыехаў у Мінск, да прыёму ў лекара ў яго заставаўся вольны час. Ён вырашыў выпіць і купіў каньяк, з якім пайшоў у двор дома па вуліцы Кірава. Там ён пазнаёміўся з мужчынам і стаў выпіваць з ім. Гамяльчук перабраў з алкаголем, чым скарыстаўся ягоны сабутэльнік. Ён выцягнуў з сумкі мужчыны кашалёк, у якім былі ўсе грошы на аперацыю. Знікненне кашалька пацярпелы выявіў на вакзале.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за крадзеж.
Тых, хто апазнае мужчыну, паказанага на фота і відэа, просяць затэлефанаваць на нумары: +375 29 509-44-99, 8 (017) 225-02-02 (дзяжурная частка).