22-гадовы пасажыр у Баранавічах збіў кантралёра аўтобуса

Фота: nashkraj.by
Пасажыр, у якога кантралёр спытаў квіток, нечакана напаў на яго. Здарэнне адбылося ў Баранавічах 21 кастрычніка каля 16:40 у аўтобусе №6, піша мясцовае выданне "Наш край".
Па словах дырэктара "Баранавічыгартранса" Андрэя Тарасюка, кантралёр-рэвізор правяраў аплату праезду ў грамадскім транспарце. На прыпынку "Вуліца Чырвонаармейская" малады чалавек у адказ на патрабаванне паказаць праязны дакумент або заплаціць штраф стукнуў кантралёра ў жывот. Потым юнак паспрабаваў уцячы, пры гэтым вывернуў кантралёру вялікі палец на левай руцэ.
Затрымалі "зайца" міліцыянты, якія прыехалі на выклік кантралёра. Выявілася, што гэта 22-гадовы жыхар Баранавічаў.
На хлопца пачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі.