Сустракалі Восень песнямі і танцамі
На мінулым тыдні ў яслях-садзе № 2 г. Свіслачы прайшло спартыўна-забаўляльнае свята восені і збору ўраджаю для выхаванцаў сярэдніх груп.
Выхавацель Ларыса Штоп падрыхтавала для дашкалят цікавыя і вясёлыя заданні, а музычны кіраўнік Дзмітрый Бародзіч падтрымліваў музычнае суправаджэнне. У мерапрыемстве прымалі ўдзел выхаванцы трох сярэдніх груп.
Напачатку сваіх спартыўных выпрабаванняў дзеці пагулялі ў гульню «Сонейка і дождык». І адразу ж да іх патрапіў госць – Нязнайка, які быў прастуджаны. Аднак выхаванцы далі яму парады, як трэба закаляцца, каб не хварэць. Усе разам пад вясёлую музыку яны зрабілі зарадку. Далей дзеці расказалі госцю аб карысных уласцівасцях гародніны, у якой знаходзіцца шмат розных вітамінаў. Яе абавязкова трэба любіць і ўжываць кожны дзень.
Сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы разгарнуліся паміж двума камандамі: «Бульба» і «Морква». Навыперадкі яны збіралі розны ўраджай: бульбу, грыбы, яблыкі. Усе удзельнікі каманд вельмі адказна падышлі да заданняў, стараліся іх выконваць хутка і без памылак.
Добры настрой свята таксама падтрымлівалі танцы і песні пра восень, у выкананні выхаванцаў сярэдніх груп. У заключнай частцы мерапрыемства з поўным кошыкам ураджаю з’явілася і сама царыца Восень. Яна павітала ўсіх у зале і пажадала добрага настрою, а таксама перадала свае дары дзецям.
Толькі шчырыя усмешкі на маленькіх тварыках можна было назіраць на восеньскім свяце.
Сняжана ЖУРНЕВІЧ.
Фото аўтара.