У свае часы камсамольскія арганізацыі ўсіх узроўняў называлі кузнямі кадраў. І гэта былі не проста словы. На самай справе з радоў актыўнай, адказнай, ініцыятыўнай, адукаванай моладзі вылучаліся будучыя паспяховыя кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, адміністрацый рэгіёнаў.
У біяграфію старшыні Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага таксама трывала ўвайшлі гады камсамольскага жыцця. Прычым, не толькі ў якасці радавога камсамольца, але і маладзёжнага лідара раённага камітэта ЛКСМБ.
– Камсамольская работа пачыналася са школы, — гаворыць Рыгор Васільевіч. – І калі ў пачатковых класах вучні ўпітвалі ў сябе веды, нібы губка, то, перайшоўшы ў старэйшае звяно, маладыя людзі ўжо павінны былі ўмець выказаць свае думкі, меркаванні, агучыць сваё бачанне таго ці іншага пытання. Ішло фарміраванне не проста вучня, а раскрываўся патэнцыял, высвятляліся магчымасці чалавека.
Яшчэ будучы вучнем Відзіборскай школы, мы часта наладжвалі сустрэчы з камсамольцамі іншых устаноў адукацыі. Напрыклад, ладзілі такія зносіны са Стахаўскай школай.
Са студэнцкіх гадоў яскрава запомніліся папулярныя тады Клубы міжнацыянальнай дружбы. Гэта былі не толькі сумесныя фестывалі, мерапрыемствы з замежнымі студэнтамі, а і часам адбываліся міжнацыянальныя вяселлі. Канешне, нельга не ўзгадаць пра будаўнічыя атрады. Гэта і маральная, і псіхалагічная загартоўка, гэта, можна сказаць, праверка на трываласць сваіх паплечнікаў. Давялося працаваць у Пскоўскім раёне на замене ліній электраперадачы, а таксама на будаўніцтве высакавольтных ліній. Ды і заробленыя грошы былі зусім не лішнія.
Пасля вяртання на першае працоўнае месца ў Відзіборскі калгас камсамольская лінія таксама была ў прыярытэце. Гэта і спартыўныя сустрэчы, і арганізацыя вечароў, масавых мерапрыемстваў. Карацей кажучы, мы самі шукалі сабе занятак і не скардзіліся на адсутнасць нейкіх матэрыяльных даброт. Колькі было радасці, калі старшыня калгаса Сяргей Фядосавіч Лахадынаў падтрымаў нашу ідэю па стварэнні ВІА і набыў музычныя інструменты!
З 1986 года Рыгора Васільевіча выбіраюць другім сакратаром Столінскага раённага камітэта ЛКСМБ, а праз два гады – першым сакратаром. У той час наша раённая арганізацыя была самая вялікая ў рэспубліцы сярод сельскіх раёнаў – каля 12700 чалавек.
– Райкам камсамола – гэта добрая школа, дзе ты самастойна прымаеш рашэнні і нясеш поўную адказнасць за іх выкананне, – адзначае Рыгор Васільевіч. – І не трэба гаварыць, што займаліся толькі культурна-масавай работай. Былі і маладзёжна-камсамольскія будоўлі на Брэстчыне, дзе працавалі і рабяты з нашага раёна. Не забывалі пра патрыятычнае выхаванне. Сустракаліся з ветэранамі, ладзілі мерапрыемствы на кубкі вядомых людзей – Малея, Якімава і інш. Былі маладзёжныя цэнтры. На першым месцы была і работа прадпрыемстваў, сельгасарганізацый. З камсамолам лічыліся і прымалі яго прапановы, гэта была аўтарытэтная арганізацыя.
Давялося перажыць і пераломны для ўсяго былога СССР 1991 год. І ў Столінскі райкам камсамола прыйшлі “адпаведныя” людзі, якія апячаталі кабінеты, машыну… Гэтыя моманты, канешне, прыемнымі не назавеш. Літаральна на наступны дзень адбыўся пленум ЦК ЛКСМ Беларусі. На ім выступілі дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Аляксандр Лукашэнка, Дзмітрый Булахаў, Мікалай Дубовік, была прынята Пастанова камісіі па заканадаўстве, што дзейнасць грамадскай арганізацыі (камсамольскай) палічылі не палітычнай і, нягледзячы на тое, што камуністычная партыя часова прыпыніла сваю дзейнасць, камсамол застаўся.
– Моладзі сучаснай трэба смела ісці ўперад, праяўляць актыўную жыццёвую пазіцыю, не заставацца непрыкметнымі, – гаворыць Рыгор Васільевіч. – Малады чалавек мае права на першую памылку ў сваім жыцці, за якую яго ніхто не асудзіць. Таму трэба гэтым карыстацца і дакладна вызначыць свой шлях. Канешне, добра памылак і не рабіць…
Алена КЛІМУШКА
Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ