Працягваць слаўныя традыцыі. Як моладзь раёна адзначае 100-годдзе камсамолу
Автор
Кастрычнік у Беларусі стаў месяцам, калі ва ўсіх раёнах праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя стагоддзю камсамольскай арганізацыі. Як моладзь Мсціслаўшчыны сустракае гэтую дату, нашаму карэспандэнту расказала сакратар раённага камітэта грамадскай арганізацыі «БРСМ» Кацярына Новікава.
— На сёння ў раённую арганізацыю «БРСМ» уваходзіць 44 пярвічныя арганізацыі і 1500 маладых людзей. І ўсе мы з вялікай павагай ставімся да гісторыі камсамола і яго багатых традыцый, а таксама ганарымся ветэранамі маладзёжнага руху, — падкрэслівае Кацярына Сяргееўна. — Да юбілею УЛКСМ ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў конкурс сачыненняў «Камсамол у маёй сям’і».
У межах гэтага творчага конкурсу было прадстаўлена шмат работ, якія раскрываюць значэнне арганізацыі ў лёсах людзей, іх творчасці. Яны пранізаны цеплынёй добрых успамін і расказваюць цікавыя гісторыі. Выбраць пераможцаў, як адзначылі ў райкаме, было няпроста. Другое і трэцяе месца дасталіся навучэнцам ДУА «Сярэдняя школа» №2 г. Мсціслава» Дзмітрыю Мураўёву і Вользе Франскевіч, а лепшай была прызнана работа Яўгеніі Федарэнкі з ДУА «Разанцаўскі ВПК ДС-СШ».
— Не магу не адзначыць, што нас прыемна ўразіла тое, як канкурсантка-пераможца напісала сваю работу «Размова з настаўніцай» на беларускай мове, — расказала сакратар райкама. — Сачыненні прызёраў ужо накіраваны ў галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Спадзяёмся, што яны атрымаюць высокую адзнаку і на абласным узроўні.
Напярэдадні юбілею ва ўсіх установах адукацыі адбудуцца прэзентацыі на тэму «Камсамол і я» і кніжныя выставы, якія дадуць магчымасць сённяшняму пакаленню моладзі азнаёміцца з тэматычнай літаратурай мінулых часоў. Таксама арганізаваны раённы конкурс малюнкаў на тэму «Што для мяне камсамол».
— Мы лічым, што такія мерапрыемствы маюць вялікую значнасць, бо яны дапамагаюць захоўваць пераемнасць пакаленняў, а таксама паказваюць школьнікам гісторыю з цікавага боку, праз прызму жыцця людзей, — тлумачыць Кацярына Сяргееўна. — Дарэчы, ужо зараз у школах праходзяць класныя гадзіны, падчас якіх маладыя людзі сустракаюцца з ветэранамі камсамольскага руху на Мсціслаўшчыне, якія дзеляцца з малодшым пакаленнем сваім вопытам дзейнасці ў маладзёжнай арганізацыі.
Але цікавыя мерапрыемствы арганізуюцца не толькі для тых, хто яшчэ вучыцца. У склад БРСМ уваходзіць і працоўная моладзь, пра якую раённы камітэт таксама не забывае. 26 кастрычніка ў Ходасах адбудзецца турнір па шахматах і шашках, які будзе прысвечаны 100-годдзю УЛКСМ.
Галоўнае раённае свята, якое звязана з юбілеем, адбудзецца напрыканцы месяца. Менавіта на ім будуць узнагароджаны пераможцы конкурсаў.
А ганаровымі гасцямі на ўрачыстым мерапрыемстве будуць камсамольскія важакі нашага раёна. Цікава, што адбудзецца яно на першым паверсе будынка, якое зараз належыць упраўленню па працы, занятасцi i сацыяльнай ахове райвыканкама. Раней у гэтым будынку на другім паверсе знаходзіўся раённы камітэт камсамола.
— Выбар пляцоўкі для свята не быў выпадковым, — паведаміла сакратар. — Гэта было зроблена, каб на мерапрыемстве аднавіць атмасферу былых часоў і нагадаць пра тую дзейнасць, якую разгортвалі камсамольцы ў раёне.
Дарэчы, як і іх папярэднікі, сённяшнія члены рэспубліканскай маладзёжнай арганізацыі ўдзельнічаюць у вялікіх праектах, якія напраўлены на добраўпарадкаванне Беларусі і малой радзімы. Самай маштабнай стала акцыя «Узнаўленне святынь Беларусі», у межах якой моладзь працавала на тэрыторыі Ануфрыеўскай царквы і кармеліцкага касцёла. Ніводнае царкоўнае памяшканне не знаходзіцца без увагі актывістаў, якія прапануюць дапамогу.
Яшчэ адной добрай традыцыяй, якую працягвае раённы камітэт, з’яўляецца праца сельскагаспадарчых студатрадаў. Студэнцкія атрады дапамагаюць знайсці працу на летні перыяд школьнікам па ўсяму раёну.
— Мы вельмі рады быць паслядоўнікамі арганізацыі з вялікай гісторыяй і будзем рабіць усё магчымае, каб наш уклад у гэту гісторыю быў значным і не менш добрым, чым у нашых папярэднікаў, — заявіла Кацярына Новікава.