В Ушачах прошла традиционная встреча руководства района с молодыми специалистами
У бягучым годзе працоўная армія раёна папоўнілася 52 выпускнікамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Маладыя людзі ўліліся ў калектывы практычна ўсіх сфер дзейнасці. Кожны з іх атрымаў запрашэнне на традыцыйную сустрэчу кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якая адбылася на мінулым тыдні на фізкульурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”.
“Усё ў вашых руках!”
Большасць з іх – ураджэнцы нашага раёна.
– Мы разлічваем на вашы здольнасці і актыўную жыццёвую пазіцыю, – адзначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. – Са свайго боку будзем усяляк падтрымліваць, дапамагаць у вырашэнні праблем. Дзверы райвыканкама заўсёды адчынены і вы можаце да нас звярнуцца за той ці іншай дапамогай.
Пра рэалізацыю маладзёжнай палітыкі ў раёне гаварыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.П.Котаў. Зрэшты, Віктар Пятровіч падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі, як ён пачынаў сваю працоўную кар’еру: “Восем гадоў таму я, як і вы зараз, быў маладым спецыялістам і як ураджэнец іншага раёна думаў: два гады адпрацую і ўсё! Аднак Ушаччына мяне зацікавіла і тут захацелася застацца! Раю вам не баяцца праяўляць ініцыятыву, працаваць, заваёўваць аўтарытэт. Усё ў вашых руках!”
Трапіць у кадравы рэзерв можна
Тэму кар’еры прадоўжыла і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В.М.Шахноўская. Яна расказала, як фарміруецца перспектыўны кадравы рэзерв, трапіць у які мае шанц кожны, пры ўмове старанных адносін да работы.
Аб прававых аспектах размеркавання на першае працоўнае месца расказала загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Г.Г.Кандрацкая, якая спынілася на галоўных абавязках і правах маладых спецыялістаў і наймальнікаў. Па законе выпускнік абавязаны з’явіцца для ўладкавання на працу згодна з накіраваннем ад навучальнай установы і адпрацаваць пэўны тэрмін. Наймальнік жа павінен прыняць яго на работу выключна па атрыманай спецыяльнасці, забяспечыць належныя ўмовы працы.
Самае актуальнае пытанне – жыллёвае
Як вядома, самае вострае і актуальнае пытанне практычна для кожнага маладога чалавека – жыллёвае. Таму інфармацыю аб тым, што на наступны год у гарпасёлку запланавана будаўніцтва 40-кватэрнага дома, удзельнікі мерапрыемства слухалі з асаблівым інтарэсам. Загадчык сектара ЖКГ райвыканкама С.П.Дымман растлумачыў, як стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, хто мае на гэта права, расказаў аб перспектывах будаўніцтва жылля ў раёне, наяўнасці зямельных участкаў, якія можна выкарыстаць для ўзвядзення на іх прыватных жылых дамоў. Ну а “пацягнуць” долевае ці індывідуальнае будаўніцтва дапаможа “Беларусбанк”. На ўмовах крэдытавання і шматлікіх прапановах для маладых людзей спынілася дырэктар ЦБУ №221 у г.п.Ушачы Ж.В.Шэўчанка. Напрыклад, маладыя спецыялісты, якія прыбылі ў раён, могуць скарыстацца магчымасцю атрымаць крэдыт на набыццё дамашняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці. А для грамадзян да 31 года актуальнымі будуць крэдыты “Сур’ёзныя планы” і “Маладая сям’я”.
Вольны час – з карысцю
Турыстычныя злёты, велапаходы, тэматычныя квэсты, дабрачынныя акцыі – далёка не ўвесь пералік таго, што прапануе маладым людзям райкам БРСМ.
– Мы дапаможам вам раскрыць свае лідарскія якасці і творчы патэнцыял, зрабіць жыццё цікавым, – падкрэсліла старшыня райкама БРСМ Р.Хрыпель, запрашаючы ўлівацца ў рады арганізацыі. Пацвярджэннем яе словам стаў анонс чарговага мерапрыемства: у гэтыя выхадныя на Вечаллі для саюзнай моладзі райкам арганізуе папулярны ў апошні час лазертаг.
Нездарма сустрэча была арганізавана на фізкультурна-аздараўленчым комплексе: цудоўныя магчымасці “Юнацтва-Ушачы” маладыя спецыялісты ўбачылі на свае вочы падчас экскурсіі.
* * *
Акрамя гэтага, намеснікі старшыні райвыканкама правялі з удзельнікамі мерапрыемства асабістыя субяседванні. Арганізатары сустрэчы аднагалосна жадалі маладым спецыялістам “асесці” на ўшацкай зямлі, стварыць тут моцныя, вялікія сем’і і атрымліваць задавальненне ад сваёй работы. Пры гэтым выказвалі спадзяванне, што ў юнакоў і дзяўчат усё атрымаецца, бо побач з імі вопытныя калегі і кіраўнікі.
Вольга КАМАРКОВА.