Знаёмы сюжэт
Парадуемся за Мышанку. Столькі славы не прынесла ёй, відаць, знакамітая на ўвесь колішні Саюз вучэбка ракетчыкаў, колькі пазнавання далі ёй нашы калегі з аднаго недзяржаўнага выдання. А чаму б і не? Калі неглыбока капануць, ды яшчэ ўмеючы, то цікавых гісторый пры прафесійнай падачы можна знайсці ў кожным доме… Эх, што там доме – у кожнай кватэры. Балазе, іх у пасёлку аж на пяць паверхаў… Заскочыў на чай, запісаў гісторыю пра сірага і няшчаснага, затурканага ўсімі і ўся, канечне, несправядліва пакрыўджанага ўладамі – і сенсацыя, сама мала на ўвесь раён, а з улікам маштабаў сусветнай павуціны – і куды шырэй – гатова. Тым больш што люд наш ахвочы да ўсякага “паласкання” – расійскія тэлеканалы прывучылі. І не цікавіць ужо нікога, што праблема, узнятая на такі высокі – у пяць паверхаў – узровень, не вартая пакунка “Рычарда” ў тым самым чаяванні, бо ўвогуле носіць банальны, я сказаў бы: бытавы характар і вырашыцца скрозь звычайныя інстытуты, згодна з законам… А тут журналісту нават другім разам ехаць не трэба: у суседкі свая душашчыпальная гісторыя…
Таццяна звольнілася з працы. Па ўласным жаданні. Не знайшла агульнай мовы з загадчыкам фермы, дзе працавала даяркай. Кажа, накапілася крыўды з-за непаразумення па многіх працоўных пытаннях, а адсутнасць падтрымкі ў кіраўніцтва паўплывала на здароўе, якое стала падводзіць.
Свае прэтэнзіі да загадчыка жанчына не імкнецца вуаліраваць, кажа прама (падкрэслівае, што такі ў яе характар): ён не спецыяліст у жывёлагадоўлі, а таму не разумее важнасці многіх тэхналагічных працэсаў. Дрэнна арганізаваны догляд жывёлы, было, што худоба па вымя ў брудзе, так што перад даеннем вымыць нерэальна. З-за прамаруджвання з рамонтам устройства кормападачы вымушаны былі доўгі час цягаць камбікармы да кармушак уручную. Графік размеркавання даярак па групах раздойвання з улікам недахопу кадраў складзены неаднолькава для ўсіх. Пытанні ёсць па аплаце за перапрацоўку гадзін. “Грубіян”, – падводзіць рысу пад характарыстыкай начальніка Таццяна, падкрэсліўшы, што за свой пятнаццацігадовы стаж у жывёлагадоўлі на прадпрыемствах Калінкавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў такіх адносінаў не сустракала, хоць сама працавала на розных пасадах – жывёлаводам, асемянтарам, заатэхнікам-селекцыянерам, нават некалькі месяцаў узначальвала калектыў фермы.
І вось менавіта ўсё гэта ў сукупнасці, а яшчэ тое, што, па словах жанчыны, яе проста вымусілі напісаць заяву на звальненне, падштурхнула яе да напісання звароту ў Адміністрацыю Прэзідэнта і цяпер вось – ліста да старшыні аблвыканкама з просьбай прыняць яе на асабістым прыёме.
Аб’ектыўнасці дзеля рушым за другой праўдай – на гэты раз самога загадчыка фермы. Наша пытанне, што называецца, у лоб: “Якія Вашы прэтэнзіі да былой ужо даяркі?” Як былы ваенны загадчык фермы Раман гаворыць таксама наўпрост: “Вы павінны разумець, што мікраклімат у калектыве – гэта больш чым палова поспеху ў агульнай справе. А Таццяна мае надта своеасаблівы, неўраўнаважаны характар. Я б назваў яго нават наглаватым. Па-першае, усюды імкнецца ўставіць сваё я – у працэсы асемянення, догляду жывёлы. Па-другое, адмаўляецца выконваць складзены графік раздойвання па групах, спасылаючыся нібыта на слабое здароўе, хоць згодна з праведзеным планавым медаглядам ніякіх абмежаванняў у медычным заключэнні па стане здароўя яна не мае. Раней яны проста па чарзе, так мовіць, па крузе кароў і цялушак з “несваіх” груп раздойвалі, бо даярак не хапае, дык з-за пастаяннага непрыняцця Таццянай такой вуснай схемы вымушаны быў аформіць і зацвердзіць графік дакументальна. Аднак усё роўна ёй не падабаецца, кажа, што больш даводзіцца на чужой групе працаваць, чым астатнім. Але ж калі сама месяц хварэла, то тое ж вымушаны былі рабіць астатнія даяркі, і ніхто не скардзіўся”.
Па словах загадчыка, у калектыве ён пры заступленні на пасаду размаўляў з кожным працаўніком і зараз заўсёды гаворыць ім, што, маўляў, задавайце любыя пытанні, агучвайце праблемы – будзем разам вырашаць. І на агульным сходзе ў прысутнасці кіраўніцтва прадпрыемства звярнуўся да сваіх падначаленых: “Не задаволены маёй працай – пішыце дырэктару, усё, што лічыце неабходным”.
Дарэчы, на гэтым самым сходзе Таццяну ўшчувалі за тое, што ў яе пры праверцы быў выяўлены факт далівання ў малако вады. Загадчык сцвярджае, што тое было зафіксавана дакументальна, хоць жанчына не пагаджаецца, кажа, што гэтым яна прынцыпова не займалася, і спасылаецца на ранейшыя дадзеныя лабараторнага кантролю, якія, па яе словах, былі чамусьці згубленыя.
Як адзначыў Раман, у яго разуменні адносіны працаўнікоў да выканання сваіх абавязкаў гучаць проста: выконвай свае абавязкі і не перашкаджай тое рабіць іншым. А ў Таццяны, па яго словах, відаць, іншае разуменне на гэты конт, бо быў факт, што яна сама жывёлу імкнулася лячыць, нібыта па просьбе асемянатара. “Я ўжо нават канкрэтна ўказваў Таццяне на тое, што не трэба лезці не ў свае справы, – кажа загадчык. – Адзін раз, другі. Не разумее. Абмяркоўваем са спецыялістамі праблемы, а яна імкнецца сваё ўставіць. Цярпеў-цярпеў і не стрываў – за невыкананне мерапрыемстваў па правядзенні санітарнага дня напісаў на яе дакладную…”.
Зараз, па словах Рамана, атмасфера ў калектыве фермы нармальная: “Канечне, не без праблем: даярак не хапае, але няма такога, каб хтосьці заяўляў, што, маўляў, я тое рабіць не буду. Усе разумеюць, у тым ліку тое, што мая, як здараецца, строгасць, асабліва па якасці малака, апраўдваецца патрабаваннямі да справы з боку кіраўніцтва. А ў цэлым усе праблемы вырашальныя. Трэба мне звярнуцца да калектыву з нейкай просьбай, проста па-чалавечы, бо тут жа ферма, вытворчасць, сем хлявоў, – абмяркоўваем і вырашаем. Тое ж і з боку працаўнікоў: звяртаюцца – знаходзім выгаднае для ўсіх рашэнне”. Дарэчы, апошняе пацвердзіла ў час размовы і адна з даярак – Людміла.
… Такімі вось былі нашы сустрэчы ў Мышанцы і Церабаве ў мінулы панядзелак, выкліканыя публікацыяй на партале недзяржаўнага выдання артыкула пра тое, што перадавую даярку на Петрыкаўшчыне вымусілі звольніцца з пасады.
Ды, праўда, ёсць некалькі недакладнасцяў у тым артыкуле. Не ведаю, чым або кім выкліканых. Вось, скажам, адносна “перадавіцтва”. У райсельгасхарчы афіцыйна паведамілі, што ў апошнія гады Таццяна не прымала ўдзел ні ў раённым злёце перадавікоў, ні ў якасці пераможцы працоўнага спаборніцтва не была занесена на Дошку гонару ні ў раёне, ні на прадпрыемстве.
Але, прызнацца, справа не ў гэтым. Асабіста я веру, што сваю праўду мае кожны з бакоў, можа, толькі з рознымі долямі. Я толькі хачу паўтарыць сваё выказванне з папярэдняга артыкула ў сваёй аўтарскай калонцы, якое пра тое, што не рэба шукаць сенсацыі там, дзе яе няма.
На мой погляд, узнятая праблема толькі і толькі ў канфлікце інтарэсаў і міжасабовых стасунках яго бакоў, якая аднак абрасла дэталямі з поля працоўных адносін. А таму вырашацца павінна не на ўзроўні апошніх у іерархіі інстанцый, а значна ніжэй, там, дзе канкрэтна такія пытанні і павінны разглядацца: у камісіі па працоўных спрэчках на прадпрыемстве, у інспекцыі па працы, у структурах прафсаюза. Пытанням жа, звязаным з фінансавымі парушэннямі, – прамая дарога ў адпаведныя службы, той жа дзяржкантроль, скажам. А з парушэннямі ў тэхналагічных працэсах разбяруцца спецыялісты канкрэтных падраздзяленняў і служб. Туды дастаткова падаць сігнал, падмацаваны фотаздымкамі, іншымі дакументамі і цвёрдым сведчаннем калег.
Ну неяк так. А кропку ў гэтым пытанні, спадзяюся, паставіць аблвыканкам, куды Таццяна напісала днямі зварот, звязаны з вышэй апісанай сітуацыяй.
…Вельмі хацелася, каб яна была тут, тая кропка.
Пятро ШАДУРА.
Ад аўтара: прозвішчы і імя па бацьку герояў артыкула апушчаны знарок для таго, каб падкрэсліць тыповасць сітуацыі.