Хто прыйшоў да вас у госці?

Источник материала:  
23.10.2018 — Разное
Хто прыйшоў да вас у госці?

 Гасціннасць, адкрытасць, шчырае жаданне дапамагчы знаёмаму і сябру ў цяжкую хвіліну – наша славянская, народная рыса. Згадайце толькі словы з папулярнай песні: “…где без спроса ходят в гости, где нет зависти и злости – милый дом, где рождения справляют и навеки провожают всем двором…”. Але час паказвае, што наша гасціннасць нярэдка бывае празмернай, даверлівасць – не да месца і – хочаш гэтага ці не – трэба ўлічваць асобу таго чалавека, хто прыйшоў у твой дом.


57-гадовая Ф., жыхарка Быцені, трапіла ў няпростую жыццёвую сітуацыю. Яна пражывала ў камерцыйнай кватэры, але не плаціла за камунальныя паслугі. У рэшце рэшт, яе выселілі з кватэры. Ф. было куды падацца ў гэтую няпростую хвіліну жыцця, але яна найперш накіравалася да С., сяброўкі дзяцінства, з якой разам некалі раслі, вучыліся ў школе. Сяброўка гасцінна адкрыла перад Ф. дзверы свайго дома, каб тая пэўны час пажыла ў яе, пакуль не вырашыць свае жыллёвыя праблемы. Але госця ноччу, калі на гадзінніку было каля 01.00, ціхенька ўстала з ложка, прайшла да шафы і ўкрала са шкатулкі гаспадыні залаты пярсцёнак, срэбны ланцужок, дэкаратыўныя завушніцы, чым нанесла ўрон у памеры 340 рублёў.

Самае прыкрае ў гэтай сітуацыі, што раніцай гаспадыня заўважыла прапажу і стала патрабаваць, каб Ф. вярнула ўпрыгажэнні, але тая аднеквалася, літаральна бажылася, што не брала. Калі б яна вярнула ўкрадзенае, то, як кажуць, у спорце, эпізод быў бы зайграны, людзі разышліся б, але, паўтаруся, Ф. стаяла на сваім, таму С. прыйшлося выклікаць міліцыю. А вось перад супрацоўнікамі праваахоўных органаў Ф. аднеквалася не так доўга, прызналася ў крадзяжы, вярнула ўкрадзеныя пярсцёнак, ланцужок, завушніцы. Была ўзбуджана крымінальная справа.
Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў Ф. вінаватай, прызначыў пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 1 месяц, у адпаведнасці з арт. 107 Крымінальнага кодэкса ў адносінах да Ф. прыменены яшчэ меры бяспекі і прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму.
Штосьці падобнае адбылося ў Мілейках. 56-гадовая мясцовая жыхарка Б. рухалася па вуліцы, ішла ў бібліятэку, але яе паклікала да сябе знаёмая, мясцовая жыхарка, якая папрасіла Б. схадзіць у магазін, купіць алкагольныя вырабы, прадукты. Б. выканала просьбу; жанчыны пасля селі за стол, выпілі па чарцы-другой. Раптам на вуліцы закрычаў-заплакаў унук гаспадыні. Яна выйшла на вуліцу, каб супакоіць хлопчыка, а Б. скарысталася адсутнасцю людзей у пакоі, хуценька адкрыла шуфляду стала, знайшла кашалёк, дастала адтуль 50 рублёў (адной купюрай) і паклала сабе ў кішэню. 

Гаспадыня вярнулася ў дом. Нібы прадчуваючы штосьці нядобрае, у першую чаргу адкрыла шуфляду, дастала кашалёк – няма 50 рублёў. Яна стала ўшчуваць Б., патрабаваць, каб тая вярнула грошы, але і ў гэтым выпадку зладзейка стаяла на сваім: я нічога не брала! Паўтаруся: калі б Б. прызналася, што крадзеж на яе сумленні, вярнула грошы, то абышлося б без умяшання праваахоўных органаў, але…
Была ўзбуджана крымінальная справа, зладзейка прызналася ў крадзяжы, ёй прыйшлося вярнуць украдзеныя грошы, паўстаць перад судом. Санкцыя – штраф у памеры 30 базавых велічынь.     
 
Наступны крымінальны эпізод, пра які хачу расказаць, адбыўся ў Козіках. Мясцовая жыхарка Ж., 46-гадовая работніца ААТ “Перамога”, наведала дом састарэлага 83-гадовага  мужчыны, у якога адкрыта забрала 456 рублёў. Пацярпелы ўбачыў у руках госці свае грошы, запатрабаваў, каб яна іх вярнула, але гэтая раней судзімая жанчына толькі сказала “Гэтыя грошы табе не патрэбныя” і пакінула дом дзядулі. 
Міліцыю выклікала дачка пенсіянера, і ў гэтым выпадку была ўзбуджана крымінальная справа па арт. “Рабаванне”… 

Колькі слоў маралі. Так, у большасці сваёй мы людзі даверлівыя, адкрытыя, асабліва ў правінцыі і асабліва да людзей, хто пражывае побач ці хто гадаваўся з намі, сядзеў за адной партай, хадзіў па адных школьных калідорах. Але з узростам характар і мадэль паводзін людзей мяняецца: выдатнік вашага класа можа аказацца п’яніцай, а троечнік – дырэктарам, хтосьці – паспяховы прадпрымальнік, а хтосьці – злодзей і сядзелец папраўчых калоній. Таму хачу прапанаваць больш абачліва адносіцца да сустрэч са старымі і новымі знаёмымі. Памятайце, што стары-новы знаёмы, які знаходзіцца ў вашым доме, можа стаць не толькі цудоўным суразмоўцам, але і злодзеем, які ўважліва сочыць за тым, дзе вы захоўваеце грошы ці каштоўнасці…
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.

←Савилов - Захарову: Сколько за последние 15 лет "Юность" подготовила хоккеистов для КХЛ, НХЛ?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика