Парадак на зямлі і парадак у грамадстве
23.10.2018
—
Разное
На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое 19 кастрычніка правёў выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Алег Быкаў, былі разгледжаны вынікі работы па рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна на 2018 год, а таксама аб мерах па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў і карупцыйным праявам.
“Работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі вядуцца не першы год, склалася пэўная сістэма. Ёсць арганізацыі, якія паказваюць прыклад у добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый – ДРБУ-204, райгаз, установы адукацыі і многія іншыя, але ёсць і прыклады супрацьлеглыя”, – сказаў ва ўступным слове Алег Быкаў.
Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юлія Зянькова прааналізавала работу, якая вялася па добраўпарадкаванні у райцэнтры, г. п. Обаль, сельскіх населеных пунктах раёна як УП ЖКГ, арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, так і сіламі грамадскасці. Так, у ходзе суботнікаў была добраўпарадкавана тэрыторыя ля помніка прыроды “Вялікі камень” у вёсцы Горкі, у рамках маладзёжнай акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі” наведзены парадак ля капліцы ва ўрочышчы Пяценка. На суботніках зароблена 14,4 тысячы рублёў, з якіх 12,3 тысячы накіраваны на добраўпарадкаванне населеных пунктаў раёна.
Мерапрыемствы ўключалі шырокі комплекс работ па розных накірунках: наводзіўся парадак на грамадзянскіх і воінскіх могілках, рамантаваліся дзіцячыя пляцоўкі і фасады жылых і адміністрацыйных будынкаў, было высаджана 6308 дрэў і кустоў, больш за 110 тысяч расады кветак, праводзіўся рэгулярны абкос тэрыторый, даглядаліся месцы адпачынку ля водных аб’ектаў.
Значная работа праведзена па рамонце мясцовых дарог: за 9 месяцаў ДРБУ №204 бягучы рамонт праве-дзены на 11,439 км дарог на суму больш за 1 мільён рублёў, капітальна адрамантаваны ўчастак дарогі Обаль-Ляжні працягласцю 1,425 км на суму 461 тысяча рублёў. Дарэчы, Алег Быкаў адзначыў, што суцэльны рамонт найбольш разбураных участкаў дарог замест ямачнага сябе апраўдвае і будзе прадоўжаны.
Значная работа праводзілася ў бягучым годзе і па навядзенні парадку на зямлі, сказаў дакладчык. У прыватнасці, з 200 пустуючых дамоў знесены 31, па 15 гаспадары навялі парадак, яшчэ на 17 пацвердзілі жаданне выкарыстоўваць іх. Шмат работ па прывядзенні ў парадак сельскагаспадарчых вытворчых аб’ектаў выканана сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна, праводзіцца работа па ўцягванні ў гаспадарчы абарот закінутых зямель.
З судакладам выступіў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч, які ў большай ступені звярнуў увагу на недахопы ў рабоце па навядзенні парадку на зямлі і выкарыстанні прыродных рэсурсаў. Ён засяродзіў увагу на барацьбе з інвазіўнымі раслінамі, якая вядзецца недастаткова. Неабходна прадаўжаць работу па навядзенні парадку на палігонах цвёрдых камунальных адходаў, нельга дапускаць забруджвання вадаёмаў гноевымі сцёкамі ад ферм.
Падсумоўваючы абмеркаванне, Алег Быкаў адзначыў, што ў значнай ступені падтрымліваецца парадак на вуліцах населеных пунктаў і на тэрыторыях большасці арганізацый. Як напрамак дзейнасці на будучыню, ён прапанаваў аддзелу архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і УП ЖКГ распрацаваць праграму добраўпарадкавання дваровых тэрыторый шматкватэрных дамоў, прычым рэкамендаваў праводзіць работу ў комплексе: асфальтаваць пад’езды і пляцоўкі, рабіць стаянкі для аўтатранспарту, уладкоўваць дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. “Трэба да гэтай работы прыцягваць і жыхароў шматпавярховых дамоў, падтрымліваць іх ініцыятыву, тым больш што станоўчыя прыклады такой ініцыятывы ёсць”, – адзначыў Алег Пятровіч.
Па другім пытанні выступіў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Алег Калеснікаў. Начальнік раённай міліцыі паведаміў, што ўзровень злачыннасці ў раёне знізіўся ў параўнанні ў мінулым годам на 13% (127 злачынстваў за 9 месяцаў 2018 года супраць 146 за адпаведны перыяд 2017). Узровень рэцыдыўнай злачыннасці склаў 45% (+4,5% да 2017 года).
З мэтай зніжэння гэтых паказчыкаў вядзецца індывідуальная і групавая работа з асобнымі катэгорыямі грамадзян, якія стаяць на розных выдах уліку ў РАУС. Дарэчы, такіх у раёне 225 чалавек. Усім, хто жадае стаць на шлях выпраўлення, жадае працаваць, аказваецца ўсебаковая падтрымка і дапамога. Але ёсць асобныя грамадзяне, якія не жадаюць весці жыццё ў прававых рамках. У адносінах да такіх грамадзян, як падкрэсліў начальнік міліцыі, праводзіцца поўны комплекс прафілактычных і аператыўных мерапрыемстваў: узбуджана 7 крымінальных спраў да раней судзімых, складзена 15 пратаколаў за парушэнні правілаў нагляду.
У якасці адной з асноўных прычын здзяйснення злачынстваў Алег Юр’-евіч назваў працоўную незанятасць злачынцаў (71% рэцыдыўных злачынстваў на рахунку непрацуючых грамадзян). Другой прычынай з’яўляецца алкагалізм і п’янства такіх асоб. Таму працаўладкаванне і лячэнне ад алкагалізму вызначанай катэгорыі грамадзян з’яўляюцца асноўнымі напрамкамі прафілактычнай работы.
У прынятым рашэнні вызначаны меры па прафілактычнай рабоце з асобнымі катэгорыямі грамадзян, схільных да правапарушэнняў, па працаўладкаванні асоб, якія вяртаюцца з месцаў зняволення, па ўзмоцненым кантролі за імі, з мэтай недапушчэння здзяйснення імі злачынстваў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №82 ад 23.10.2018 г.