Год малой радзімы: Родны куток – Войстам
Крыху далей стаіць будынак маёй роднай школы. Тут цяпер сельскі клуб і бібліятэка. Мая першая настаўніца Соф’я Канстанцінаўна Пішчака. Помню свой самы дрэнны ўчынак у другім класе. У дамашнім заданні па беларускім чытанні быў верш на памяць пра агарод. Я яго чамусьці не вывучыла, у школу не пайшла, а дома сказала, што не будзе настаўніцы. А вечарам настаўніца прыйшла да нас, каб папытацца, чаму мяне не было ў школе. З таго часу мінула 55 гадоў, а мне ўсё сорамна.
У далёкія 60-70 гады ладзіліся цудоўныя вечары сустрэчы аднакласнікаў. Мы вельмі стараліся сабраць адрасы выпускнікоў, пасылалі ім прыгожыя запрашэнні.
На мерапрыемства прыязджалі былыя вучні, узрост якіх часам быў за 60 і больш гадоў. А як цікава і эмацыянальна праходзілі тыя сустрэчы! Прыязджалі Генадзь Пашкоў, Іван Шчуроўскі, Вольга Горбач, Аляксандр Барысевіч і іншыя. Якая музыка лілася, якія песні пад акардэон яны спявалі! Зараз такога ў нашай вёсцы няма. Толькі па юбілейных датах мы ладзім сустрэчы летам і па-за школай, бо нашай школы даўно няма, ды і былых выпускнікоў усё менш і менш…
Некалі ў нашай вёсцы было шмат магазінаў. Цяпер усе аб’яднаны ў адзін. Мая мама Соф’я Путырская адпрацавала тут усё жыццё, а мне і сёння землякі часам выказваюць словы падзякі за яе працу.
Па прамой – вуліца, дзе я нарадзілася. Цяпер яна самая прыгожая, шырокая, адноўленая. Тут знаходзіцца новая трохпавярховая школа. Недалёка і мая родная хатка. Вялікія грушы ў двары прыкрывалі заўжды яе ад сонца і ветру. Таты майго даўно няма ў жывых, а мама ўсё адно доўга яшчэ трымала кароўку, бо ведала, што прыедуць тры дачкі, зяці і дапамогуць. Бралі мы ў некага коніка, вазілі сена. На фотаздымку, што зрабіў мой муж, той момант, калі мы, тры сястры, займаліся нарыхтоўкай кармоў для кароўкі.
Ужо год, як не стала нашай мамы. Звялася гаспадарка. Прадалі домік добрым людзям з Мала-дзечна. Новыя гаспадары шчыруюць каля яе, аднаўляюць, і маё сэрца радуецца, што гэта месца не закінутае і некаму прыносіць задавальненне.
Зоя РАІНІК.
Фота з сайта https://www.radzima.org/