Публикуется впервые! Воспоминания народного писателя Беларуси Янки Брыля о поэте Алесе Милюте

Источник материала:  
20.10.2018 — Разное
“УСПАМІНЫ – ГЭТА ТОЕ, ШТО ЗАСТАЕЦЦА АД ЖЫЦЦЯ…”
з гутаркі з народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём

Мне пашчасціла сустрэцца з Іванам Антонавічам Брылём – класікам беларускай літаратуры і блізкім сябрам майго прадзеда Алеся Мілюця. Адбылася гэтая сустрэча 21 студзеня 2006 года, за паўгода да смерці вядомага пісьменніка. Іван Антонавіч – цікавы і прыемны суразмоўца, таленавіты пісьменнік і вельмі шчыры і адкрыты чалавек. Ён гаварыў пра сябе, цікавіўся маім жыццём і вучобай, а больш за ўсё распавядаў пра майго сваяка беларускага паэта Алеся Макаравіча Мілюця. І гэтыя ўспаміны былі вельмі каштоўнымі для мяне, бо належалі яны не проста чалавеку, які быў знаёмы з паэтам, а яго аднадумцу і ў нечым вучню.

Публикуется впервые! Воспоминания народного писателя Беларуси Янки Брыля о поэте Алесе Милюте

– Вы часта бачыліся з Алесем Мілюцём?

– Не сказаць, каб вельмі часта, але і нярэдка. Мы жылі ў суседніх вёсках. Калі ён прыходзіў да сваякоў, што жылі ў маёй вёсцы, заўсёды заходзіў да мяне. Я ладзіў спектаклі, і Алесь прыходзіў паглядзець, што атрымалася. Ён даваў мне чытаць кнігі. Калі я прыходзіў да яго за імі, ён праважаў мяне дадому. І мы з ім размаўлялі, шмат размаўлялі…

– А пра што Вы гаварылі з Алесем Макаравічам?

– Ды больш пра літаратуру. Я тады толькі марыў стаць паэтам (а пачынаў я менавіта з вершаў), а творы Алеся ўжо друкаваліся ў часопісах. У нечым ён быў для мяне настаўнікам. Друкавацца я пачаў з 1938 года, а Алесь мне дапамагаў: чытаў мае вершыкі, перапраўляў часам нешта ў іх, даваў парады, вучыў, як трэба пісаць.

– Іван Антонавіч, можа, Алесь Мілюць дзяліўся з Вамі сваімі марамі? Пра што ён марыў?

– Не, марамі асабліва не дзяліўся. Магчыма, з-за розніцы ў гадах. Усё ж такі я маладзейшы. А наогул мары былі тады такія ж, што і зараз: што калі-небудзь будзе лепш, чым ёсць сёння.

– Што Вы можаце сказаць пра стасункі Алеся Мілюця з іншымі літаратарамі?

– Ды і што сказаць?! Тады на ваколіцу былі толькі два паэты – ён і я! (Смяецца.) А калі сур’ёзна, то і не было ніякіх такіх стасункаў. Стасункі былі з простымі людзьмі – з сялянамі.

– А як ставіліся да паэта землякі? Як успрымалі яго творы?

– Мілюця землякі любілі. Ён чытаў свае вершы, і ўсе яго слухалі. Людзі яго добра ведалі, бо ў яго была крама – свая крама ў хаце. І любілі, бо паэт быў свой – скорыцкі. Алесь чытаў свае творы, не саромеўся (не тое, што я: я вельмі саромеўся). Адзінае, што яму перашкаджала, гэта тое, што ён моцна заікаўся. А наогул ён быў вельмі добрым і прастадушным, таму з ім было заўсёды лёгка і прыемна размаўляць.

– А як Вы ацэньваеце адукацыю Мілюця?

– Адукацыя была ў яго малая. Ды вы і самі ведаеце – два класы. Вельмі рэдка здаралася, калі хто сем год вучыўся. А потым гімназія і ўніверсітэт. Вось мне пашчасціла сямігодку скончыць. Бывала, хто-небудзь прыязджаў з Віленскага ўніверсітэта на канікулы дамоў і ўсё расказваў пра Вільню. А Мілюць так за сваё жыццё ніводнага разу і не быў у Вільні. Думаю, ён сумаваў па сваёй неатрыманай адукацыі. Хаця, з іншага боку, ён быў дастаткова адукаваным чалавекам. Шмат чытаў. Вельмі шмат. Асабліва Алесь любіў “Новую зямлю” Якуба Коласа. Лічыў, што гэта лепшы беларускі твор, перачытваў яго некалькі разоў.

– Як Вы ўспрымалі і ўспрымаеце творы Мілюця?

– Першыя вершы яго былі вельмі слабыя. Адзіны матыў, нічога новага. А потым пачалі з’яўляцца больш моцныя вершы, новыя вобразы і матывы. З’явілася іншае ўспрыманне жыцця: быццам заўважыў, што вершы можна пісаць не толькі пра свабоду. З цягам часу талент развіваўся. Шкада, што гэтага часу было недастаткова для Мілюця… Як ён на фронт адыходзіў, я партызаніў. Развітацца ў нас так і не атрымалася.

– З кім з родных, сваякоў, сяброў паэта Вам давялося сустракацца?

– Ведаў я толькі Марылю, старэйшую сястру, і Івана, малодшага брата. З Іванам я часта сустракаўся пасля вайны. Іван, я вам скажу, быў вельмі фанабэрыстым: усё чапляў гальштук. (Смяецца.) Калі мы на якую з ім сустрэчу хадзілі, там ён чытаў вершы брата на памяць, але ніколі не выступаў з прамовамі. Ведаю, ёсць у іх родзічы ў Расіі, у Калінінградскай вобласці. Як ездзілі мы на магілу к Алесю, дык Іван Макаравіч прасіў: “Давайце заедзем у Астравецкі раён – там сваякі мае”. Але хто там жыве, я не ведаю дакладна.

– У Вас вельмі насычанае на падзеі жыццё, Вы шмат бачылі і перажылі. Што Вам успамінаецца часцей за ўсё?

– Жыццё ва ўсіх аднолькавае. А ўспаміны – гэта тое, што застаецца ад жыцця. Успамінаю ўсё: і бацькоў сваіх, і вайну, і ўсё, што было ўжо пасля яе. Успамінаў шмат. Але ўспаміны пра Алеся – адны з самых дарагіх у маім сэрцы.

Матэрыял прадастаўлены Наталляй ЯРАШЭВІЧ
Шчыра дзякуем аўтару, а таксама Карэліцкаму раённаму краязнаўчаму музею і асабіста яго дырэктару Дзмітрыю Арцюху за магчымасць публікацыі!

P.S. 26 кастрычніка ў 14.30 у чытальнай зале Карэліцкай раённай бібліятэкі пройдзе гадзіна гістарычнай памяці «І зноў пяе душа…» да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта і нашага земляка Алеся Мілюця. На мерапрыемства запрошаны родзічы паэта.

←Мощная турбулентность: пассажиры истекали кровью в поломанном самолете

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика