Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай падзеі, прайшло ў Сноўскім сельскім цэнтры культуры і стала сапраўдным святам для вялікага мноства людзей — выхаванцаў садка і іх бацькоў, цяперашніх і былых яго работнікаў, а таксама ўсіх, чыё жыццё аказалася тым ці іншым чынам звязана з дзейнасцю гэтай установы.
Гісторыя дзіцячага садка в. Сноў пачалася ў 1968-м годзе. Гэта быў першы тыпавы дзіцячы сад у вёсцы.
Па ўспамінах работнікаў, якія шчыруюць тут з дня адкрыцця, спачатку было адкрыта 2 групы і харчовы блок, а ўжо ў 1988 годзе ён стаў 7-групавым.
Асаблівыя словы ўдзячнасці за падтрымку і разуменне былі адрасаваны раённаму выканаўчаму камітэту. У сваю чаргу, старшыня райвыканкама Г.М. Салавей павіншаваў калектыў ясляў-сада з юбілеем і паабяцаў падтрымку ва ўсіх яго добрых пачынаннях. Ён таксама выканаў пачэсную місію ўзнагароджвання, уручыўшы настаўніку-дэфектолагу Г.Ф. Грэчка і выхавальніку дашкольнай адукацыі В.А. Мацавіла Ганаровыя граматы Нясвіжскага райвыканкама.
Граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама былі адзначаны загадчык дашкольнай установы А.М. Грэчка, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці А.М. Абляева, выхавальнікі дашкольнай адукацыі В.М. Мядзведь, Ж.В. Матруховіч. Ганаровыя граматы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама былі ўручаны начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме А.У. Клішэвіч выхавальнікам дашкольнай адукацыі М.У. Сургель, Н.В. Буян, памочнікам выхавальніка В.М. Бука, Т.В. Карповіч, кастэлянцы А.Ф. Гушча.
Перад прысутнымі выступіў старшыня СВК “Агракамбінат Сноў” М.В. Радаман, дзякуючы якому знаходжанне дзяцей у садку робіцца яшчэ больш прыемным, цікавым і карысным для іх разумовага і фізічнага развіцця. З цёплымі словамі віншавання выступіла таксама кіраўнік спраў Сноўскага сельскага выканаўчага камітэта Я.І. Радаман.
Перад вачамі прысутных паўстала таксама і жывая панарама шматграннай выхаваўчай дзейнасці садка, прадстаўленая яскравымі слайдамі. Паколькі ў дашкольным перыядзе ідзе актыўнае назапашванне маральнага вопыту, самавызначэння і станаўлення самасвядомасці, сёння дашкольная ўстанова адукацыі супрацоўнічае з Беларускай Праваслаўнай Царквой, каб яе выхаванцы выраслі дастойнымі людзьмі, каб у іх свядомасці былі надзейна закладзены сямейныя каштоўнасці. Благаславіў гэту работу і паспяховае далейшае развіццё супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой епіскап Слуцкі і Салігорскі, прэасвяшчэннейшы Антоній, які ўзнагародзіў А.М. Грэчка, загадчыка ясляў-сада, епархіяльнай узнагародай — медалём Праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай за духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення.
Шмат гадоў добрым сябрам і верным сацыяльным партнёрам садка-юбіляра з’яўляецца Нясвіжская раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў адукацыі і навукі, якую ўзначальвае Л.У. Крупец. Яна таксама адрасавала калектыву самыя цёплыя словы віншавання.
Ветэраны педагагічнай працы са сцэны сельскага цэнтра культуры дзяліліся ўспамінамі аб гадах станаўлення садка і прымалі віншаванні ад педагогаў дашкольнага выхавання.
На свяце ўзгадваліся і сацыяльныя партнёры віноўніка ўрачыстасці, кожны з якіх у межах сваёй кампетэнцыі ўносіць пасільны ўклад у яго паспяховую работу. Гэта дырэктар Сноўскай сярэдняй школы Г.В. Радаман, дырэктар Сноўскай дзіцячай школы мастацтваў А.Ю. Шумейка.
Пачынаючы з 2012 года, выхаванцы Сноўскага ясляў-сада станавіліся лаўрэатамі міжнародных абласных і раённых конкурсаў “Я — даследчык”, былі пераможцамі Кубка Беларусі і рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўнай хадзьбе (у рамках правядзення “Языльскай дзясяткі”). Яны цяпер паспяхова навучаюцца ў школе, працягваюць сваю даследчыцкую дзейнасць, актыўна ўдзельнічаюць у спартыўным жыцці школы, раёна, вобласці. Гэта Мікалай Наруць, Анастасія Вішнякова, Анастасія Некрашэвіч, Дзмітрый Цівунчык і многія іншыя.
Увогуле, аплыдысменты часта гучалі на гэтым вялікім шматколерным свяце, якое праляцела, як адна хвіліна — так шчыра і цікава гучалі віншаванні выступоўцаў, так захапляльна глядзеліся канцэртныя нумары. Танцы і вершы ў выкананні выхаванцаў Сноўскага ясляў-сада, цудоўная тэатральная пастаноўка “АЛИСА: История потерянных воспоминаний”, у якой гучалі песні дарослых артыстаў, работнікаў Сноўскага сельскага цэнтра культуры, чароўныя танец з палотнамі і танец анёлаў маленькіх выхаванцаў ясляў-сада — гэтыя і ўсе астатнія мастацкія нумары юбілейнага свята стварылі адну яскравую карціну вялікай дружнай сям’і, якую аб’яднала самая вялікая і чыстая Любоў — любоў да дзяцей. І прыгожая лічба “50” для гэтай сям’і — толькі пачатак доўгага, цікавага шляху, на якім чакае яшчэ шмат новых азарэнняў і адкрыццяў!
“НН”