Французскі пісьменнік Антуан дэ Сент-Экзюперы сцвярджаў, што культура – гэта ўнутраны склад чалавека, які адкрываецца ў ім праз упартую працу, вераванні, звычаі і веды, назапашаныя стагоддзямі. Чалавек, для якога культура – гэта яшчэ і справа, абавязкова павінен жыць у гармоніі з навакольным светам і з сабой.
Кіраўнік Крыпульскага дома культуры Ірына Штоль (на здымку) з дзяцінства марыла быць, як маці, прадаўцом. Але лёсам наканавана было стаць работнікам культуры, рабіць вольны час навакольных займальным, ствараць для іх святочны настрой і зараджаць пазітывам.
У Крыпулі віцяблянка Ірына перабралася, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца. Яе ятроўка Жанна Штоль, якая на той час была мастацкім кіраўніком Крыпульскага клуба, і прапанавала Ірыне паспрабаваць сябе ў ролі арганізатара культурнага адпачынку вяскоўцаў. “З чаго пачынаць? Як сабраць людзей? Чым іх захапіць? Як самой выйсці на сцэну?” – гэтыя і многія іншыя пытанні роем віліся ў галаве жанчыны. “Захочаш – усяму навучышся,“ – прыгадаліся словы маці.
Навучылася і вучыцца па сённяшні дзень. Вось ужо амаль 25 гадоў Ірына Штоль узначальвае сельскі Дом культуры. Яна з лёгкасцю ўмее адкрыць у чалавеку творчыя здольнасці, пра якія ён можа і сам не ведаць, і з толкам іх развіць. Першы памочнік Ірыны — мастацкі кіраўнік Святлана Каляга.
– Мы разумеем адна адну з паўслова, – гаворыць Ірына. – Гэта вельмі дапамагае. Трэба арганізаваць свята – кожная ведае, за што адказвае: за касцюмы, за сцэнарый, за падбор рэпертуару. Большасць нашых самадзейных артыстаў – гэта школьнікі, якія з задавальненнем наведваюць харэаграфічны і драматычны гурткі. Ні адно мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу Ангеліны і Сашы Пашэвічаў, Маргарыты Федзюкевіч, Насці Конан. У вакальным калектыве спяваюць цудоўныя жанчыны Алена Бабровіч, Лілія Лініч, Таццяна Козіч, Вольга Махонь. Па два разы на тыдзень збіраемся з крыпульчанкамі на сустрэчы ў клубе зносін і адпачынку “45 плюс-мінус 5”, дзе абмяркоўваем самыя розныя тэмы: ад пытанняў выхавання дзяцей да абмену кулінарнымі рэцэптамі. Дарэчы, менавіта апошняе стала падставай для стварэння клуба беларускай кухні і гульні “Смачна есці”, які зараз з’яўляецца візітоўкай нашага Дома культуры.
Сапраўды, Ірыну і Святлану са сваім абрусам-самабранкай можна ўбачыць на ўсіх святах у раёне. Самыя брэндавыя стравы на ім – знакамітыя беларускія клёцкі і юшка, якую яны звычайна рыхтуюць на… калодзе.
– Такім спосабам прыгатавання страў карысталіся яшчэ нашы продкі, – расказвае Ірына. – Некалі гаспадыні, каб хутчэй накарміць нечаканага госця, раскладвалі проста на прыпечку сухія трэскі і смажылі яечню ці бліны. Некаторыя для гэтага выкарыстоўвалі сухую калоду. Гэты спосаб заўсёды захапляе гасцей святаў – толькі паспявай гатаваць! Вельмі дапамагае ў рабоце клуба беларускай кухні мясцовая гаспадыня Лідзія Каляга.
У цеснай творчай сувязі працуюць культработнікі Крыпульскага СДК з суседзямі з Бярозаўкі і Гняздзілава. Яны разам арганізавалі шмат мерапрыемстваў. Сёлета ў крыпульскіх культработнікаў асаблівы настрой: у іх клубе праведзены доўгачаканы рамонт – адрамантаваны дах і перароблена печка. У цяпле, вядома ж, зімой і працаваць будзе весялей.
Дарэчы, на “Масленічным разгуляі”, які праходзіў у Гарадоцкім раёне, крыпульскія кулінары атрымалі Дыплом ІІ ступені, а ўчора на святочным мерапрыемстве да Дня культработнікаў загадчыку Крыпульскага Дома культуры Ірыне Штоль была ўручана Падзяка райвыканкама.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.