Штогод у маі 150 га тэрыторыі сада ААТ “Батчы” становіцца вялізным бела-ружовым воблакам. Восенню яно ператвараецца ў духмянае яблыневае мора. Яблыкі страката зіхацяць на сонцы, чакаючы сваёй чаргі быць адарванымі і пакладзенымі ў кошык.
Садавод Сяргей Крываблоцкі лічыць сад гаспадаркай у гаспадарцы. Тут ідзе работа пастаянна, а жнівень-кастрычнік падводзіць вынікі гадавой працы.
— Ёсць некаторыя праблемы са збытам, — канстатуе Сяргей Уладзіміравіч. –Летне-асеннія гатункі прадалі ў Расію, частку аддалі на перапрацоўку на кансервава-агароднінасушыльны камбінат у Маларыту. Зараз збіраем яблыкі і закладваем у сховішча.
Сховішча разлічана на 2 тысячы тон, сёлетні ўраджай па падліку садавода складзе 1,5 тысячы тон, ужо закладзена 400 тон.
— Яблыкі добра рэалізуюцца зімой і бліжэй да вясны. Тым больш, што зімовым гатункам, каб поўнасцю набраць смак, трэба паляжаць пэўны час.
На зборы працуе чатыры брыгады — каля 30 чалавек, якія штодня здымаюць з дрэў 23-25 тон яблыкаў. Жанчыны і мужчыны зрываюць яблыкі ў пластмасавыя вёдры і акуратна, каб не пабіць, высыпаюць у бурты трактара, які праязджае паміж радамі паўкарлікавых яблыняў.
— Работа будзе ісці амаль да канца месяца – зімовыя гатункі вытрымліваюць замаразкі да мінус пяці градусаў. Зараз здымаюць “Алесю”, “Прамяністае”, “Айдарэд”, усяго ж самых хадавых гатункаў налічваецца каля дваццаці. – Усе работнікі — з гаспадаркі, і працуюць у садзе пастаянна, – расказвае садавод.
Саду амаль 20 гадоў. Штогод аднаўляецца ад 5 да 10 га – паўкарлікавыя і карлікавыя яблыні добра пладаносяць толькі на працягу пятнаццаці сезонаў. Ад першай закладкі саду засталося каля 9 га.
— Мы пастаянна аднаўляем гатункі нашых яблыкаў, шукаем смачныя і таварныя, – дадае Сяргей Крываблоцкі.
Яблыкі, на дзіва, вялікія. Жанчыны расказалі, што неяк узялі два яблыкі, паклалі на вагу і лічбы паказалі 1,2 кг.
Ёсць тут і свой пітомнік, саджанцы з якога прадаюцца насельніцтву. Дарэчы, іх, як і яблыкі, можна набыць на восеньскіх кірмашах. Батчынскія яблыкі прадаюцца ў гандлёвых кропках горада па даступнай цане.
Невялікая плошча ў садзе адведзена пад слівы, грушы і алычу.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: брыгада ў час збору яблыкаў.