V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі
Тэма тыдня: V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі
V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў у Магілёве 10-12 кастрычніка. Галоўнай яго падзеяй стала пленарнае пасяджэнне на тэму "Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва" з удзелам кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Пасяджэнні секцый, што прайшлі 11 кастрычніка, былі прысвечаны пяці асноўным напрамкам: аграрная палітыка, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, лічбавая эканоміка, маладзёжная палітыка, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека.
У час форуму прайшло пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча і старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенка з кіраўнікамі рэгіёнаў дзвюх краін.
Упершыню на палях форуму прайшоў Савет дзелавога супрацоўніцтва, дзе асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння і сумесныя праекты абмеркавалі кіраўнікі кампаній і прадпрыемстваў Беларусі і Расіі.
На форум сабраліся больш за 20 губернатараў рэгіёнаў Расіі, 17 кіраўнікоў прадстаўнічых органаў улады расійскіх рэгіёнаў. Усяго ў асноўных і спадарожных мерапрыемствах V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прынялі ўдзел каля 2 тыс. чалавек.
На форуме працавалі пляцоўкі, дзе рэгіёны Беларусі прадставілі свой гандлёва-эканамічны, гісторыка-культурны і турыстычны патэнцыял. Галоўнай асаблівасцю форуму стала выстаўка-кірмаш рамёстваў, дзе сваю прадукцыю прадставілі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклорныя аматарскія калектывы Беларусі і Расіі.
Форум праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі.
"Гэта сотні тысяч рабочых месцаў" - Лукашэнка расказаў, чым важна рэгіянальнае супрацоўніцтва з Расіяй
Менавіта ў рэгіёнах Беларусі і Расіі пачынаецца мноства вытворчых і тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
"Практычна ў кожным беларускім вырабе, трактар гэта, велікагрузны або легкавы аўтамабіль, ці бытавы прыбор, ёсць расійскі кампанент, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер больш як 8 тыс. прадпрыемстваў дзвюх дзяржаў звязаны вытворчай кааперацыяй. У Беларусі амаль 3 тыс. арганізацый з расійскім статутным капіталам. У Расіі зарэгістравана прыкладна 50 сумесных вытворчасцей, створана каля 160 суб'ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім капіталам. Гэта сотні тысяч рабочых месцаў, што ў цяперашні час з'яўляецца пэўным дасягненнем".
Аб узаемнай зацікаўленасці ў развіцці міжрэгіянальных сувязей сведчыць высокая інтэнсіўнасць абмену візітамі дэлегацый рознага ўзроўню, адзначыў Прэзідэнт.
Падпісана каля 80 дагавораў аб супрацоўніцтве з 36 суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі застаюцца Масква і Санкт-Пецярбург, рэспублікі Татарстан і Башкортастан, Пермскі край, а таксама Бранская, Калужская, Маскоўская, Смаленская і Цюменская вобласці. Аб'ём гандлю з гэтымі рэгіёнамі складае больш за 70 працэнтаў беларуска-расійскага тавараабароту.
"Гэта вельмі высокі вынік, але важна наладзіць такі ж тэмп супрацоўніцтва і з іншымі суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Лічу, што ў нас ёсць усе неабходныя інструменты. Цяпер амаль з 60 рэгіёнамі Расіі створаны сумесныя рабочыя групы і саветы па дзелавым супрацоўніцтве. У расійскіх партнёраў ёсць магчымасць адпрацоўваць у Беларусі ўсе актуальныя пытанні непасрэдна са службовымі асобамі ў нашым урадзе і мясцовых органах улады", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў, якія прысутнічаюць на мерапрыемстве, пацвердзяць гэтыя словы. "Ні адзін з іх не пакрыўдзіцца на мяне, таму што прыезд кіраўніка расійскага рэгіёна - гэта абавязковая сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі, гэта аналіз тых праблем, якія складваюцца ў адносінах паміж Беларуссю і канкрэтным рэгіёнам, і прыняцце на месцы канкрэтных мер", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў добрай традыцыяй для прэзідэнтаў дзвюх краін, кіраўнікоў рэгіёнаў, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і экспертаў, пляцоўкай для абмеркавання ключавых пытанняў міждзяржаўных адносін.
"Мы ўважліва вывучылі, як на мясцовым узроўні рэалізуюцца нашы агульныя планы ў сацыяльнай палітыцы, аграрнай і прамысловай сферах. Азнаёміліся з перспектыўнымі напрамкамі развіцця высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнай супольнасці. Сёння нам неабходна прааналізаваць і вызначыць тыя сферы, у якіх міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне магло б аказаць дадатковы станоўчы ўплыў на інтэграцыйныя працэсы ў рамках нашага саюза", - дадаў беларускі лідар.
Лукашэнка прапануе стварыць імпартазамяшчальныя праграмы для загрузкі беларуска-расійскіх прадпрыемстваў
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларуска-расійскіх эканамічных адносінах па-ранейшаму застаецца актуальнай тэма правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай сферы і паглыблення кааперацыі. Паводле яго слоў, важнейшым прыярытэтам міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння з'яўляецца рэалізацыя вытворча-кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, харчовай, лёгкай прамысловасці.
"Трэба забяспечыць неабходную загрузку ўжо дзеючых прадпрыемстваў шляхам стварэння сумесных праграм па імпартазамяшчэнні. Тады нашы вытворчасці змогуць развівацца ў інтарэсах дзвюх краін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - На сустрэчы ў Сочы мы дэталёва абмяркоўвалі гэта пытанне. Спадзяюся, у бліжэйшы час прымем рашэнні, якія знімуць усе перашкоды ў развіцці сумесных вытворчасцей".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што прывабнасць любога інтэграцыйнага аб'яднання вызначаецца ўмовамі эканамічнага супрацоўніцтва яго суб'ектаў. Размова ідзе аб стварэнні ўмоў для камфортнага вядзення гандлю, а таксама магчымасці сумесна рэалізаваць прыбытковыя праекты ў розных сферах.
Яшчэ адным перспектыўным напрамкам з'яўляецца развіццё ўзаемадзеяння ў будаўнічай сферы. "Беларускія спецыялісты могуць якасна ўзвесці любыя аб'екты сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры. У шэрагу гарадоў Цэнтральнай федэральнай акругі такія праекты намі рэалізаваны. Ёсць пазітыўны вопыт і на далёкім, але такім родным Сахаліне", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.
У Расіі ствараюцца кластары, індустрыяльныя паркі, тэрыторыі апераджальнага развіцця. "Мы гатовы і павінны ўдзельнічаць у такіх праектах. Мы павінны эфектыўна задзейнічаць велізарны навуковы, прамысловы і кадравы патэнцыял дзвюх краін для стварэння сумеснай прадукцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у беларуска-расійскім супрацоўніцтве ёсць станоўчыя прыклады ў станкабудаванні, распрацоўцы рухавіка для кар'ерных самазвалаў, пастаўцы кампанентаў для прадпрыемстваў аўтапрама. Акрамя таго, у Беларусі ўжо вырабляюцца розныя маркі тэхнічнага вугляроду на заводзе "Омск Карбон Магілёў", а групай кампаній "Садружнасць" (горад Светлы Калінінградскай вобласці) створаны вытворча-лагістычны комплекс і алеяэкстракцыйны завод па выпуску прадукцыі з соі і рапсу ў Смаргоні (Гродзенская вобласць).
"Усе гэтыя праекты рэалізаваны і працуюць пры непасрэднай падтрымцы беларускіх і расійскіх губернатараў. Шмат у чым менавіта дзякуючы іх мэтанакіраванасці ажыццяўляюцца пазітыўныя пачынанні, якія збліжаюць нашы дзяржавы, напаўняюць канкрэтным сэнсам беларуска-расійскія адносіны", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі з'яўляецца важнейшым знешнеэканамічным прыярытэтам Беларусі.
"Перакананы, што і цяперашні форум дасць магчымасць нам у ходзе адкрытай дыскусіі абмеркаваць шляхі павышэння эфектыўнасці міждзяржаўнага супрацоўніцтва, мы зможам намеціць магчымыя прарыўныя напрамкі, вызначыць канкрэтныя задачы на перспектыву", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Лукашэнка: супрацоўніцтва ў АПК - найбольш важнае пытанне ў гандлі з Расіяй
"Нашымі галоўнымі задачамі прадаўжаюць заставацца устараненне ўсялякіх абмежаванняў ва ўзаемным гандлі і забеспячэнне роўных умоў дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. Найбольш важнае пытанне - гэта супрацоўніцтва ў агракомплексе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў многіх рэгіёнах Расіі беларусаў ведаюць як добрасумленных і надзейных партнёраў, а беларускія прадукты цэняць і любяць. "Часта сумесная работа па павышэнні якасці экспартуемых прадуктаў харчавання падмяняецца абмежавальнымі мерамі, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Але мы нарэшце напярэдадні гэтага форуму дамовіліся аб тым, як будзем развязваць такія праблемы. Прытым дамовіліся адназначна, і гэта падтрымана ўрадамі дзвюх краін".
"Хацелася б, каб мы з Прэзідэнтам Расіі менш займаліся тымі праблемамі, якія павінны вырашацца на ўзроўні ўрадаў, ведамстваў, міністэрстваў і рэгіёнаў", - дадаў беларускі лідар.
Лукашэнка прапануе наступны Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прысвяціць маладзёжнай тэматыцы
"Прапаную вам, паважаныя ўдзельнікі пленарнага пасяджэння, наступны Форум рэгіёнаў прысвяціць разгляду пытанняў, звязаных з маладзёжнай тэматыкай. Гэта вельмі важна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба абмеркаваць рэальныя аспекты адукацыі, культуры, творчага развіцця, патрыятычнага выхавання і фарміравання здаровага ладу жыцця маладых людзей. Нашаму падрастаючаму пакаленню неабходна прывіваць жаданне жыць і працаваць на роднай зямлі. Паколькі менавіта ад моладзі залежыць будучыня нашых дзвюх краін".
"Мы павінны зрабіць усё, каб наша моладзь, Беларусі і Расіі, глядзела перш за ўсё адна на адну, а не так, як часам бывае: расіяне глядзяць праз Беларусь далей на Захад, і беларусы. Я нядаўна сустракаўся з паслом (паслом Расіі ў Беларусі Міхаілам Бабічам. - Заўвага БЕЛТА), і ён мне назваў лічбу: каля 50 беларусаў паступаюць у расійскія ВНУ, а на Захад паехалі дзве тысячы для таго, каб атрымаць адукацыю. Закрыцца не можам, гэта справа кожнага. Але мы павінны зрабіць так, каб нашы маладыя вучыліся ў Расіі і ў Беларусі. Будучыня - за маладымі. Падумайце, можа, сапраўды мы змаглі б арганізаваць салідны форум і прысвяціць яго моладзі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што не толькі эканоміка ляжыць у аснове беларуска-расійскіх адносін. Наступныя два гады з'яўляюцца знакавымі для брацкіх народаў: разам яны будуць адзначаць 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75 гадоў Вялікай Перамогі.
"І для беларусаў, і для расіян святое ўсё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной. На прыкладзе подзвігу савецкіх салдат, якія абаранялі тады нашу агульную Радзіму, мы павінны выхоўваць новае пакаленне грамадзян Беларусі і Расіі сапраўднымі патрыётамі", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Для абедзвюх краін важна стварыць усе ўмовы, каб маладыя людзі атрымалі якасную адукацыю і магчымасць сумленна працаваць. "Сёння яны, мэтанакіраваныя і таленавітыя, патрэбны ўсюды: на вытворчасці, у палітыцы, бізнесе, навуцы, адукацыі, дзяржаўным кіраванні", - канстатаваў беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта, па значнасці і маштабе Форум рэгіёнаў не заменіць ні адно іншае мерапрыемства, якое праводзяць Беларусь і Расія. "Гэтыя форумы збліжаюць, аб'ядноўваюць нашы народы, робяць адным цэлым, якое разарваць практычна нікому немагчыма", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пуцін: Беларусі і Расіі пад сілу вывесці двухбаковы гандаль на ўзровень $50 млрд
Расійскі лідар падкрэсліў, што Беларусь займае першае месца па аб'ёме тавараабароту ў гандлі Расіі з краінамі СНД, а прыкладна палавіна ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі пастаўляецца на расійскі рынак. "У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і дасягнуў $32,4 млрд. У студзені - жніўні бягучага года прыбавіў яшчэ 14,5 працэнта. Нам цалкам пад сілу вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень $50 млрд", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Для ілюстрацыі маштабаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва Прэзідэнт Расіі нагадаў, што аб'ём гандлю Расіі і Індыі, насельніцтва якой больш за 1 млрд чалавек, складае каля $10 млрд. "Гэта сведчыць аб узроўні нашай кааперацыі. Вялікую ўвагу ўдзяляем умацаванню інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Аб'ём расійскіх капіталаўкладанняў у Беларусі перавысіў $4 млрд", - падкрэсліў расійскі лідар.
Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі працуюць амаль 2,5 тыс. прадпрыемстваў з расійскім удзелам, буйнейшым сумесным праектам з'яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС. "Першы энергаблок у адпаведнасці з графікам будзе запушчаны ў канцы 2019 года. А ўся станцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў 2020 годзе", - дадаў Уладзімір Пуцін.
Паводле яго слоў, будаўніцтва БелАЭС палепшыць сітуацыю з энергазабеспячэннем, эканомікай, створыць дадатковыя экспартныя магчымасці. Прадугледжана ўзвядзенне і іншага важнага аб'екта - цэнтра ядзернай навукі і тэхналогій. "Мы не проста будуем вельмі важны прамысловы аб'ект, а ствараем у Беларусі новую галіну. Вядома, Беларусь і ў Савецкім Саюзе славілася вучонымі, высокім узроўнем адукацыі, але такой асобнай галіны не было. Будзе", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што некалькі дзясяткаў галіновых праграм ажыццяўляюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы, асаблівы ўпор робіцца на стварэнне перадавой навукаёмістай прадукцыі, стымуляванне бізнесу дзвюх краін да больш энергічнага ўкаранення інавацый у рэальны сектар эканомікі.
Акрамя таго, Беларусь і Расія разам працуюць над пашырэннем інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. "Вядома, у нас шмат спрэчак па гэтых пытаннях, шмат інтарэсаў, якія перасякаюцца (часам і не супадаюць), але мы маем цвёрды намер ісці па гэтым шляху, рухаемся наперад да агульнай мэты", - заявіў Уладзімір Пуцін.
Перад Расіяй і Беларуссю цяпер стаяць падобныя праблемы і выклікі. У іх ліку - забеспячэнне доўгатэрміновага ўстойлівага росту, павышэнне канкурэнтаздольнасці на знешніх рынках.
Сярод прыярытэтных галін, у якіх бакі разлічваюць на максімальны эканамічны эфект, Прэзідэнт Расіі згадаў імпартазамяшчэнне, прамысловую кааперацыю, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, фармацэўтыку, дзяржзакупкі. Вядзецца таксама работа па збліжэнні нацыянальных заканадаўстваў і фарміраванні агульнага прававога поля.
Што датычыцца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, Уладзімір Пуцін адзначыў, што практычна ўсе суб'екты Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць прамыя сувязі з беларускімі рэгіёнамі. Па выніках цяперашняга форуму падпісана некалькі дзясяткаў новых пагадненняў і камерцыйных кантрактаў. "Важна, што ў парадку дня форуму асаблівая ўвага ўдзелена пытанням лічбавай эканомікі", - падкрэсліў расійскі лідар.
Ён лічыць важным заахвочваць абмены і сумесныя праекты ў сферах адукацыі і навукі, разглядаць пытанні ў сферы маладзёжнай палітыкі. "Трэба падтрымліваць грамадзянскую актыўнасць маладога пакалення і яго ўключанасць у сацыяльныя і гуманітарныя праграмы", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Уладзімір Пуцін у сваім выступленні згадаў і аб агульнай задачы па захаванні гістарычнай памяці, у прыватнасці аб Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.
Беларусь і Расія падпісалі балансы аб пастаўках прадукцыі АПК на 2019 год
Дакументы з беларускага боку падпісаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, з расійскага - намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расіі Іван Лебедзеў.
Як паведамлялася, Беларусь у 2019 годзе плануе паставіць у Расію каля 320 тыс. т мясной прадукцыі, або на 11 працэнтаў больш за ўзровень 2018 года. Аб'ёмы паставак малочнай прадукцыі таксама вырастуць - да 3,7 млн т, або на 2,6 працэнта.
Беларускія прамыслоўцы падпісалі кантракты на пастаўку прадукцыі ў Расію на $335 млн
Беларускія прамысловыя прадпрыемствы па выніках пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва V Форуму рэгіёнаў падпісалі кантракты на пастаўку прадукцыі ў Расію на $335 млн. Аб гэтым паведаміў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.
Савет дзелавога супрацоўніцтва з'яўляецца новай пляцоўкай у рамках Форуму рэгіёнаў. Паводле слоў Уладзіміра Улаховіча, гэта магчымасць "вочы ў вочы" кіраўнікам буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікам бізнесу абмеркаваць актуальныя пытанні супрацоўніцтва, дамовіцца аб асноўных напрамках і перспектывах узаемаадносін. Прыярытэтнымі тэмамі для абмеркавання сталі пытанні прамысловай кааперацыі, яе развіцця, пераадолення абмежаванняў і бар'ераў, якія да гэтага часу існуюць у знешнім гандлі. Таксама бакі абмеркавалі сумесную работу па імпартазамяшчэнні.
"Дзелавыя колы заўсёды сустракаюцца рэзультатыўна. Таму ў нас сёння па выніках пасяджэння савета падпісана 13 дагавораў агульнай сумай каля $335 млн, - сказаў Уладзімір Улаховіч. - Гэта вельмі значны ўклад у агульны партфель нашага ўзаемадзеяння. І ў цэлым, я думаю, такі фармат сустрэч у рамках наступных форумаў рэгіёнаў будзе працаваць. Гэта голас прадпрыемстваў, голас бізнесу і гэта вельмі важнае дапаўненне да ўсіх іншых фарматаў форуму".
Самыя буйныя дагаворы падпісаны з расійскімі партнёрамі ААТ "Магілёўхімвалакно" і ААТ "МТЗ".
Больш за 70 рэгіянальных пагадненняў падпісана на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі
Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч.
"Здавалася б, ужо вялікая колькасць пагадненняў у нас ёсць. Але ў рамках пятага форуму падпісана 76 новых рэгіянальных пагадненняў. Гэта неабавязкова абласныя або краёвыя. Размова ідзе аб тым, што ў гэты працэс уключаны і невялікія гарады, якія даволі актыўна супрацоўнічаюць, і не толькі ў галіне гуманітарных адносін, а выбудоўваючы эканамічныя сувязі", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Ён у цэлым адзначыў, што на міжрэгіянальным узроўні наладжана супрацоўніцтва беларускіх рэгіёнаў з абсалютнай большасцю суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. Развіццю прамых сувязей удзяляецца вельмі вялікая ўвага.
Аб важнасці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва сказала і старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка. Паводле яе слоў, у працэсе развіцця такога супрацоўніцтва ёсць і свае лідары. "Пастаўлена задача, каб да гэтага ўзроўню падцягнуць і іншыя суб'екты Расійскай Федэрацыі і Беларусі", - дадала Валянціна Мацвіенка.
Мацвіенка: Саюзная дзяржава - залаты стандарт інтэграцыі
Аб гэтым на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі заявіла старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка.
Валянціна Мацвіенка асабліва падкрэсліла, што міжрэгіянальнае супрацоўніцтва - гэта не які-небудзь трэнд, навязаны зверху. Наадварот, сувязі на ўзроўні рэгіёнаў Беларусі і Расіі натуральным чынам складваліся на працягу доўгага гістарычнага перыяду.
Як заявіла Валянціна Мацвіенка, на фоне турбулентнасці ў свеце Расія і Беларусь застаюцца адна для адной галоўнымі і прадказальнымі партнёрамі. "Наш саюз можна смела назваць эталонам, залатым стандартам інтэграцыі", - сказала яна.
Было адзначана, што перад краінамі стаяць агульныя задачы, пачынаючы ад развіцця эканомікі і павышэння ўзроўню дабрабыту грамадзян. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў сваю чаргу разглядаецца як ключавы фактар інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва.
Прадпрыемствы дзвюх краін маюць трывалыя сувязі ў галіне прамысловай кааперацыі, рэалізуюць сумесныя праекты ў розных сферах. "Пераканана, што для выхаду на новыя рубяжы прамысловай кааперацыі трэба больш увагі надаваць аналізу вытворчых магчымасцей рэгіёнаў нашых краін", - дадала Валянціна Мацвіенка.
Па матэрыялах БелТА.