З аператыўных зводак тыдня:
Нечалавечыя разборкі
1 кастрычніка ў РАУС паступіла паведамленне жыхаркі Хатыніч К. Яна расказала праваахоўнікам, што сабака, які належыць жыхарам суседняга дома, загрыз адну качку і пяць курэй. Складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 15.47 КоАП РБ «Парушэнне правілаў утрымання хатніх і (або) драпежных жывёл».
Каму перашкодзілі чужыя зубы?
2 кастрычніка ў міліцыю паступіла паведамленне медсястры Ганцавіцкай ЦРБ аб тым, што па медыцынскую дапамогу ў бальніцу звярнуўся З. і паведаміў, што яму выбілі два зубы. Праверку праводзіць РАУС.
Непадыходзячыя месцы для адпачынку
Двойчы за тыдзень праваахоўнікі складалі адміністрацыйныя пратаколы па ч. 3 арт. 17.3 КоАП РБ «Распіванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, ужыванне наркатычных або псіхатропных рэчываў, іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап’янення».
2 кастрычніка ў міліцыю паступіла паведамленне жыхаркі райцэнтра З., якая расказала, што на абочыне канавы па вуліцы Чырвонаармейскай у Ганцавічах ляжыць мужчына. А 6 кастрычніка ў РАУС звярнулася жанчына, якая паведаміла, што каля гаражоў па вуліцы Савецкай таксама ляжыць п’яны мужчына.
Несямейныя адносіны: скандалы з наступствамі
2 кастрычніка ў РАУС паступіла паведамленне медсястры прыёмнага пакоя ЦРБ аб тым, што па медыцынскую дапамогу звярнулася Ш., якая расказала: яе пабіў сын. Дыягназ пацярпелай – «закрытая чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй цяжкасці». У гэты ж дзень жанчына і сама заявіла ў міліцыю. Ш. напісала заяву аб прыцягненні да адказнасці яе сына па факце прычынення цялесных пашкоджанняў і фізічных пакут. Складзены адміністрацыйны пратакол па ч. 2 арт. 9.1 КоАП РБ «Наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні».
3 кастрычніка ў РАУС паступіла заява жыхаркі Ганцавіч М. аб тым, што яе дзядзька жыве ў доме, які ёй належыць, і пры гэтым высяляцца адтуль адмаўляецца, пагражаючы заяўніцы і яе бацьку. Праверку праводзіць РАУС.
Бойка ў гаражным кааператыве
7 кастрычніка жыхар райцэнтра Ж. расказаў у міліцыі, што ў гаражным кааператыве па вуліцы Заводскай паміж мужчынамі адбываецца бойка.
СВЯТЛАФОР ДАІ
За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення за тыдзень затрымалі двух мужчын. Першы правапарушальнік – жыхар пасёлка Жамчужны Баранавіцкага раёна; другі – непрацуючы жыхар Ганцавіч. Абодва кіравалі аўтамабілямі «Фольксваген-Шаран».
Зводкі чытала Вікторыя ПРЫКОТА.