На предприятии «Форестгандаль» ежемесячно выпускают 150 тыся корзинок

Источник материала:  
09.10.2018 — Разное

З патэнцыялам і жаданнем развівацца

Па выніках першага паўгоддзя адным з двух выкананых раёнам паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця стаў экспарт тавараў без уліку рэспубліканскіх арганізацый: пры заданні 102,8 фактычны тэмп росту склаў 256 працэнтаў. Уклад у гэтую лічбу ўнеслі ААТ “Ушачы”, што экспартуе піламатэрыялы, і ТАА “Форэстгандаль”, якое адгрузіла замежным заказчыкам у 2,3 раза больш прадукцыі, чым летась. Менавіта на апошняе прадпрыемства мы наведаліся, каб паглядзець, у чым сакрэт яго сёлетняй дынамічнай работы.

Заробак залежыць ад старання

За апошні час на “Форэстгандлі” прыкметна вырасла прадукцыйнасць працы. Толькі ў параўнанні з мінулым годам яна павялічылася на 25 працэнтаў. Пры тым, што колькасць работнікаў практычна не змянілася, у 2014 годзе за месяц тут выпускалі каля 80 тысяч кошыкаў, а зараз – 150-160 тысяч. За кошт чаго адбыліся змены? “Найперш з-за таго, што нашы работнікі сталі больш свядома ставіцца да сваіх абавязкаў, бо зразумелі, што, прыклаўшы сілы і спрыт, можна адпаведна і больш зарабіць”, – сцвярджае дырэктар прадпрыемства І.В.Полазаў. Ілюструе яго словы і паказчык сярэдняй заработнай платы, якая ў канцы 2017 складала 270 рублёў, а зараз павялічылася да 350. Магчыма, у параўнанні з некаторымі іншымі арганізацыямі гэта нямнога, аднак, па словах кіраўніка, большыя расцэнкі прадпрыемства сабе пакуль што дазволіць не можа. Удзельная вага зарплаты ў сабекошце прадукцыі і без таго даволі высокая – да 53 працэнтаў. Калі ж яе яшчэ павялічыць, вытворчасць стане нерэнтабельнай. Павышае сабекошт і цана на сыравіну: калі ў 2014-м кубаметр асіны каштаваў 100 тысяч рублёў (10 цяперашніх), то зараз – 65.

Зрэшты, той, хто перавыконвае норму, атрымлівае больш сярэдняга. У гэтай сувязі Ігар Віктаравіч прывёў прыклад зборшчыцы, якая прыйшла на прадпрыемства ў красавіку гэтага года. У першыя дні за змену жанчына паспявала вырабіць 200-250 кошыкаў, аднак з кожным днём павялічвала вынік і праз паўтара месяца выканала норму, якая складае 900 штук (па ўмовах, навучыцца і адаптавацца да работы навічкі павінны за два месяцы). Зараз Маргарыта Емяльянава стала лідарам сярод калег. Яна не толькі спраўляецца з нормай, а і перавыконвае яе: пры плане 18 тысяч вырабляе 23 тысячы кошыкаў. Адпаведна, і зарплата ў работніцы складае больш 400 рублёў. Трэба сказаць, што яе прыклад натхняе і іншых. Сярод лепшых у сваёй справе майстар Аксана Лядзінская, брыгадзір Галіна Мароз, стараюцца і іншыя зборшчыцы: у ліпені, напрыклад, абсалютна ўсе справіліся з планам.

І вырабляюць, і выхоўваюць

Выпадак гэты, праўда, хутчэй выключны, бо прадпрыемства акрамя камерцыйна-вытворчых задач выконвае і сацыяльна-выхаваўчыя. Па распараджэнні раённай улады, у складзе тутэйшых работнікаў павінны прысутнічаць так званыя абавязаныя асобы – тыя, каму неабходна зарабляць сродкі на пакрыццё дзяржаве выдаткаў на выхаванне адабраных у іх дзяцей. Зараз на “Форэстгандлі” дзве такія жанчыны. Адна з іх амаль не дапускае прагулаў і як правіла спраўляецца з нормай. Другая ж за час з сакавіка па верасень толькі ў ліпені (вось адкуль стапрацэнтны паказчык) спраўна хадзіла на работу. “Лічу, што адпаведнае заканадаўства патрабуе ўдасканалення, бо пакуль яно недастаткова стымулюе абавязаных асоб, – разважае І.Полазаў. – З гэтай катэгорыяй нельга абыходзіцца так ліберальна. Працадаўца, прадпрымальнік замест таго, каб думаць пра вытворчыя задачы, павінен лічы кожнай раніцай прымаць меры па пошуку сваіх абавязаных асоб, якія прагульваюць работу, а калі яны аказаліся няўдалыя, да гэтай справы далучаюцца сілавыя органы. А тая ж прыгаданая вышэй жанчына гэтай катэгорыі, якая спраўна выконвае норму, 200 рублёў сваёй зарплаты аддае дзяржаве, і на жыццё ёй застаецца крыху больш за 100. Бачачы перад вачыма прыклад “калегі”, якая не абцяжарвае сябе работай і нічым за гэта не караецца, яна таксама мае спакусу вярнуцца да “бесклапотнага” жыцця…”

З заказамі праблем няма

Але ж ад нашых праблем і рэалій вернемся да еўрапейскага вектару – у асноўным, менавіта ў гэтым напрамку едуць фуры з ушацкімі вырабамі. Ёсць заказчыкі экалагічнай упакоўкі і ў нашай краіне, аднак ім адгружаецца толькі каля 7 працэнтаў выпускаемай прадукцыі: пакуль што айчынныя вытворцы аддаюць перавагу шкодным, але больш танным поліэтыленавым пакетам. Еўрапейцы ж аб сваім здароўі дбаюць больш, таму адмаўляюцца ад сінтэтыкі, калі ўпакоўваюць харчовыя тавары. Вядома ж, прадпрыемства пастаянна шукае выгадныя кантракты. У прыватнасці, двойчы ў год “Форэстгандаль” удзельнічае ў спецыялізаванай выставе сучаснай упакоўкі, якая праходзіць у Германіі. Наша прадукцыя ўжо добра вядома ў Еўропе. У кошыкі, што вырабляюць зараз на “Форэстгандлі”, расфасоўваюць іспанскія мандарыны. Гатова заказаць ва ўшачан маленькія скрыні для сыру швейцарская кампанія, аднак іх выраб пакуль камерцыйна нявыгадны, бо патрабуе занадта карпатлівай работы. Можна было б выйграць на колькасці, аднак на прадпрыемстве зараз працуе ўсяго 10 зборшчыц, якія цалкам загружаны. “Хацелася б нарасціць аб’ём вытворчасці, таму запрашаем да нас новых работнікаў, – адзначае дырэктар. – Для параўнання, падобнае прадпрыемства, якое створана на Гродзеншчыне ў г.п.Іўе, з пачатку года адгрузіла каля 100 фур прадукцыі, тады як мы – 7. Тавар запатрабаваны, але ўсё ўпіраецца ў дэфіцыт кадраў”.

Вядома ж, весці такі бізнес няпроста, і прадпрыемства, як кажуць, не хапае зор з неба. Але пры гэтым яно стабільна развіваецца, імкнучыся рэалізаваць свой неблагі патэнцыял.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

←Милиционер из Докшиц пожертвовал жизнью за независимость Латвии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика