Яны - у нашай памяці

Источник материала:  
09.10.2018 — Разное

Здаецца, імгненна пранесліся больш за 40 год з тае, цяпер ужо далёкай, працавітай, сонечнай і спеўнай вясны 1977 года, калі зладжаная вакальная группа настаўнікаў Юрацішскай сярэдняй школы на чале з акампаніятарам, дырэктарам мясцовай музычнай школы, незабыўнага энтузіяста, прафесіянальнага і чулага чалавека, маладзенькага Аляксандра Бяляўскага, удзельнічала ў канцэрце настаўнікаў Іўеўшчыны ў гонар суботніка, зладжанага прафсаюзнай арганізацыяй РАНА з ініцыятывы яе кіраўніка Канстанціна Траццякевіча, пачынальніка многіх карысных спраў таго часу.

Яны - у нашай памяці

Нашы песні пра веліч былога СССР, лірычныя, з гумарам, беларускія, вызвалі ўсеабдымную эйфарыю - узнесласць у перапоўненай зале раённага Дома культуры. Нас звалі на біс, і мы паўтаралі. Мы былі маладымі: у чорных касцюмах, белых рубашках з гальштукамі.
Памяць захавала вельмі своеасаблівыя тэнары Яўгена Кавалеўскага, Валянціна Дабаровіча і Віктара Лавыша, таленавітага спевака, сына школьнай працаўніцы. А пра Віктара Каралёва, унікальнага лёсу настаўніка, ніжэй больш падрабязна, бо гэта гісторыя крывіцкага народа, яго кемлівасць, знаходлівасць, чалавечнасць і гераізм.
Шчыміць маё сэрца і не маўчыць, а ціха-ціха плача, выдзяляючы пучкі (кванты) той энергіі думак, якімі надзяліла скарбонка беларускага народа, маіх бацькоў, школьных калегаў і сяброў, дбайных паплечнікаў, з крыніцай нязгаснага дабра, шчырай весялосці і часам смутку ў складанай педагагічнай працы, калі ўспамінаю маланкай мільгануўшыя свае доўгія гады турбот тых, каго няма ў жывых. Іх было многа.
Віктар Васільевіч Каралёў раптоўна пакінуў наш свет у лютым 2016 года, але памяць аб ім жыве ў сэрцах тысяч вучняў і тых, хто знаў і слухаў яго неардынарнае мастацтва слова ці звычайную гутарку, якія зачароўвалі і моцна прывязвалі да ягонай асобы, бо быў чуйным і тактоўным да кожнага.
А нарадзіўся Віктар Васільевіч 21 снежня 1939 года. Для яго, чалавека незвычайнага лёсу, Юрацішкі і мясцовая школа сталі назаўсёды другой радзімай, бо першай была трагічная ў мінуўшчыне крывіцкая Смаленшчына.
Калі нарадзіўся маленькі Віця, Еўдакію Мікітаўну, яго маладую маці, у той час за стаханаўскую працу звеннявой па вырошчванні і пераапрацоўцы ільну ўзнагародзілі вялікай зялёнай хусткай, якую яна берагла ўсю галодную і халодную вайну. Ёю ахінала худзенькага, гаротнага малютку. Не было дзе жыць, не было чаго есці, бо з прыходам гітлераўскіх заваёўнікаў іх пасёлак Ленінскі ў былым Пачынкаўскім раёне (цяпер Духаўшчынскі) згарэў. Выратаваў лес, глухмень, раскінутая за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Ярцава, дзе адбываліся зацятыя крывавыя баі Чырвонай Арміі з немцамі, якія рваліся да Масквы і былі моцна патрапаны тут і пад Вязьмай 76 год таму войскамі генерала Ракасоўскага, куды ўваходзіла танкавая дывізія беларуса палкоўніка Лізюкова (1900 - 1942), атрымаўшага ў баях за Маскву 1941 года званне Героя Савецкага Саюза і загінуўшага тут.
Бацька Віці, муж Еўдакіі Мікітаўны, Васіль Пятровіч Каралёў, малады працавіты калгасны каваль, яшчэ летам 1939 года быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. Ён знік без вестак у ліпені 1943 года ў час крывавай бітвы на расійскай зямлі на Курскай дузе, так ніколі і не ўбачыўшы свайго сына.
У адзін з хмарных дзён, здаецца, 1942 года, нямецкія карнікі арганізавалі страшэннае відовішча: сагналі жанчын, дзяцей, старых, каб ім паказаць расстрэл некалькіх дзясяткаў маладых савецкіх людзей. На руках у мамы быў маленькі Віця. Еўдакія Мікітаўна з вялікім жалем глядзела на смяротнікаў у шарэнзе, хутка змікіціла, сказаўшы сынку: "Вунь твой тата, бяжы і вядзі яго да нас". Малютка паімчаўся з крыкам "Папачка!" і схапіў маленькімі ручкамі за нагу маладога чалавека, плачучы, пацягнуў да сябе. Гэта было нечакана для нямецкага камандзіра, які не вытрымаў трагічнай сцэны і вызваліў з-пад расстрэлу "папу". То быў гераічны ўчынак маці і сына і пачатак працы за змаганне душы і сэрца чалавека. А той "папа", аддзякаваўшы, знік у невядомым напрамку.
Нямецкія карнікі многіх смалян у часе летняга 1943 года паспяховага наступлення Чырвонай Арміі вывозілі з прыфрантавой зоны на захад. Сярод іх у зношаных дзіравых вагонах цягніка аказалася і сям'я Каралёвых. Цягнік астанавіўся недалёка ад чыгуначнай станцыі Юра-цішкі, як раз там, дзе па абодва бакі чыгункі былі відаць вёскі. Некалькі соцень змучаных людзей разбрыліся па гэтых беларускіх вёсках.
Еўдакія Мікітаўна з сынам папераменна кватэравалі і працавалі ў некалькіх гаспадароў. Жыццё было сціплым, але талерантным і негалодным. З 1945 года Еўдакія Мікітаўна пачала працаваць у дзяржаўнай лесатранспартнай гаспадарцы, што знаходзілася на станцыі Юрацішкі, а з 1946 года працавала даглядчыцай жывёлы на адкормачным пункце. З 1951 года - санітаркай Юрацішскай раённай бальніцы. Працавала на 1,5 - 2 стаўкі.
Узмужалы Віктар Каралёў у 1957 годзе з добрымі адзнакамі скончыў Юрацішскую СШ, затым - Мазырскі педінстытут (філалагічны факультэт).
Год настаўнічаў у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці, дзе практычна сфарміраваў свой талент педагагічнай мудрасці і дарадцы будучых будаўнікоў беларускай дзяржавы. Пасля былі два гады армейскай службы.
Пасля службы Віктар Васільевіч працаваў завучам Бобравіцкай СШ і дырэктарам Макуцкай васьмігадовай школы. Паступова набываўся вопыт педагагічнай думкі, адшліфоўваўся рост ведаў у рускай і беларускай славеснасці, літаратуры.
З 1968 года Віктар Васільевіч стаў настаўнікам Юрацішскай СШ, дзе раскрыў свае вялікія здольнасці настаўніка рускай і беларускай моў, літаратуры як класічнай, так і сучаснай. Добра ведае ўзроставую псіхалогію дзяцей, пераймаў вопыт сваіх калег.
Усе яго былыя вучні - інавацыйна мыслячыя працаўнікі.
Віктар Васільевіч Каралёў многа чытаў і вучыў сваіх пітомцаў чытаць кнігі. Мастацкія, навуковыя і іншыя кнігі не толькі фарміруюць асобу, але і робяць яе запатрабаванай ў грамадстве, дзяржаве - лічыў ён. Вельмі адмоўна ставіўся да таго, што сучасныя вучні мала чытаюць, а камп'ютар - слаба кантралюецца.
Выпускнік Юрацішскай СШ 1994 года Мікалай Ціхановіч, цяпер вядомы ў Беларусі прафесар - багаслоў, успамінае, што без дзейсных педагагічна-філалагічных ісцін на ўроках любімага настаўніка ён не змог бы выдатна вучыцца і скончыць Гродзенскую вышэйшую каталіцкую семінарыю і вучыцца за мяжой.
Віктар Васільевіч вызначаўся арыгінальнасцю і змястоўнасцю думкі, парадкам у словах і справах, а таму быў запатрабаваны людзьмі. Ён застаўся для мяне (і не толькі) добрым, простым, але прывабна - артыстычным, бо актыўна ўдзельнічаў у хорах і вакальных групах мастацкай педагагічнай самадзейнасці.
На фотаздымку злева направа: вакальная група настаўнікаў Юрацішскай СШ - Валянцін Дабаровіч, Яўген Кавалеўскі, Віктар Каралёў, Віктар Лавыш, Валянцін Врублеўскі і музыка Аляксандр Бяляўскі (красавік 1977 г.).
У жывых засталіся Валянцін Дабаровіч, з 1948 года нараджэння і я, Валянцін Врублеўскі, з 1931 года нараджэння.
P.S. Валянцін Дабаровіч цяпер жыве ў горадзе Белгарадзе (Расія). Ён з'яўляецца запатрабаваным навукоўцам англійскай філалогіі.

В. Врублеўскі.

←Генсек ОБСЕ отнес Беларусь к "редкой группе стран"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика