Тэма тыдня ад БЕЛТА: Прэзідэнт аб сітуацыі ў арміі, прэстыжы ваеннай службы і магчымасцях айчыннага ўзбраення

Источник материала:  
08.10.2018 — Разное
Тэма тыдня ад БЕЛТА: Прэзідэнт аб сітуацыі ў арміі, прэстыжы ваеннай службы і магчымасцях айчыннага ўзбраення

Аляксандр Лукашэнка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне азнаёміўся з магчымасцямі сучасных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі айчыннай вытворчасці. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб баявых магчымасцях і асноўных тактыка-тэхнічных характарыстыках прадстаўленых узораў. Адбыўся таксама практычны паказ баявых магчымасцей узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Ён уключаў 4 эпізоды з баявым прымяненнем беспілотных лятальных апаратаў, авіяцыі, агнявых комплексаў, бранятэхнікі і процітанкавых ракетных комплексаў. Пасля агляду ўзораў зброі і тэхнікі кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў.

«Гэта не піяраўшчына» — Лукашэнка растлумачыў патрэбнасць Беларусі ў сучасным айчынным узбраенні

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць у краіне ўласныя новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама асвойваць глыбокую мадэрнізацыю ўжо існуючай. Адпаведныя заявы зроблены 5 кастрычніка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне ў ходзе агляду сучасных узораў такой зброі і тэхнікі.

«Мы тут сабраліся не для таго, каб некаму пагражаць або разгарнуць нейкую піяраўшчыну. Гэта наша звычайнае жыццё», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за апошнія гады ў незалежнай Беларусі давялося некалькі разоў мадэрнізаваць і прыстасоўваць Узброеныя Сілы да сучасных умоў. Таксама быў улічаны вопыт войнаў і лакальных канфліктаў у свеце, развіццё тэхнічных сродкаў.

«Па-мойму, мы ўжо чацвёрты раз спрабуем мадэрнізаваць у цэлым свае Узброеныя Сілы — усе, не толькі армію», — сказаў Прэзідэнт.

На першым этапе трэба было вызначацца ў тым ліку з колькасцю арміі ў такой кампактнай краіне, як Беларусь. Тады было прынята рашэнне, што неабходна армія не 250-300 тыс. чалавек, а крыху менш як 100 тыс. «Мы былі вымушаны спакойна скарачаць Узброеныя Сілы. Тады не стаяла пытанне аб тым, што мы будзем нешта мадэрнізаваць, ствараць новае. Тады стаяла пытанне, як захаваць тое, што засталося ад СССР. І многія памятаюць, што нашы дамарослыя, якія цяпер нібыта хочуць быць на чале ўлады, пачалі рэзаць усё. Немцам прадавалі парэзаную, падрыхтаваную бранятэхніку для таго, каб там маглі пераплавіць і зрабіць у НАТА сваю зброю. Гэта было маё першае рашэнне — калі гэты разбой быў спынены, — дадаў Прэзідэнт. — Гэта быў першы крок незалежнай суверэннай арміі».

Паводле яго слоў, далей пачаліся войны, у тым ліку на Блізкім Усходзе. У Беларусі на гэтым фоне былі створаны навукова-даследчыя групы, якія вывучалі вопыт сучаснай вайны, каб зразумець яе асаблівасці. «І нам трэба было, рэфармуючы ўжо створаныя Узброеныя Сілы, на маршы перастройвацца. Але мы ж не будзем ваяваць у пустыні, у нас зусім іншыя ўмовы. Стаяла пытанне, як прыстасаваць армію і ўзбраенне да нашых умоў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Потым былі чарговыя войны. Гэта быў трэці этап. Мы вымушаны былі ствараць сілы спецыяльных аперацый. Мы зразумелі, што фронт на фронт нідзе ваяваць не будуць, патрэбна высокадакладная зброя, спецыяльна падрыхтаваныя сілы, каб абараніць краіну і нанесці праціўніку непапраўны ўрон».

«Цяпер мы бачым, што адбываецца недалёка ад нас, што адбываецца ў Сірыі. Вывучаючы сітуацыю, мы ўжо абсалютна разумеем, якая будзе, не дай бог, вайна, як мы павінны абараняцца, якая колькасць нашых Узброеных Сіл павінна быць. Усё вызначана ад жыцця. І мною была пастаўлена задача, каб мы пачалі распрацоўку новых узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. І паколькі стварэнне новага вельмі затратна і дорага, нам трэба было са старога зрабіць самае сучаснае, — сказаў Прэзідэнт. — Для нашай Беларусі не танкі галоўнае, не самалёты, а спецыяльныя войскі. Мы павінны ў любой кропцы Беларусі (калі нешта раптам здарыцца) хутка з’явіцца, нанесці ўдар па бандытах і тых, хто адважыцца да нас сунуцца, і пайсці. Гэта значыць, скорасць, манеўранасць. І пад гэтыя войскі — сілы спецыяльных аперацый і іншыя — мы павінны былі ствараць у тым ліку і новую зброю. Але толькі тую, якая патрэбна».

«Нам не патрэбны авіяносцы, мы не будзем весці свае самалёты да чужых берагоў. Мы не збіраемся ваяваць за краем свету. Нам трэба абараніць Беларусь. І пад гэта трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць менавіта айчыннае ўзбраенне. «Не факт, што нам дапамогуць, калі раптам нешта здарыцца. Прыкладаў дастаткова. Мы бачым паводзіны некаторых тут саюзнікаў. Ну, акрамя Расіі, напэўна, нам разлічваць няма на каго. І нават на Расію мы не можам на 100 працэнтаў спадзявацца. Добра, сёння Пуцін і іншыя, ён разумее нас, я разумею яго. Мы разам неяк дзейнічаем (і тое не заўсёды). А што будзе заўтра? Таму трэба мець самую неабходную сваю зброю — стралковую, для мабільных войскаў тэхніку — тое, што мы можам ствараць. І мадэрнізаваць да сучаснага ўзроўню тую тэхніку, якая ў нас ёсць», — сказаў Прэзідэнт.

«Самалёт для нас ужо не зброя. Любы самалёт на ўзлёце бачаць натаўцы. Паразіць сёння самалёт, знішчыць ніякіх праблем няма. Яны могуць, і мы можам. Мы бачым за тысячу кіламетраў любы самалёт, які паднімаецца на аэрадроме. 50 мільёнаў (размова пра кошт. — Заўвага БЕЛТА) адзін самалёт. Ракета С-300, і яго няма», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш ён адзначыў, што авіяцыя патрэбна для кантролю паветранай прасторы, своечасовага рэагавання. «Патрэбны беспілотныя лятальныя апараты, высокадакладная зброя (мы яе стварылі — сваю ракету). Калі некаму захочацца з намі паваяваць, ён падумае, што ў акно атрымае гэту ракету. Ну і сілы спецыяльных аперацый трэба аснасціць так, каб яны маглі ваяваць на сваёй тэрыторыі. І калі хтосьці адважыцца, значыць (мы не ўтойваем гэта), дыверсійныя групы нанясуць удар і на той тэрыторыі, з якой пойдзе нападзенне на Беларусь», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго даручэнні па стварэнні новых узораў узбраення выконваюцца, і некалькі месяцаў таму было прынята рашэнне пасля мерапрыемстваў, звязаных з эканомікай краіны, завяршэння сельгасработ, азнаёміцца з сучаснымі айчыннымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ваенныя людзі нават у мірны час кожны дзень павінны быць гатовы да вайны. «А паколькі мы не ваюем і ваяваць недзе штучна не збіраемся, трэба вучыцца тут. Паколькі будзем ствараць узбраенні, усё ў нас будзе, а людзі ваяваць не навучацца. Вось сутнасць сённяшняга мерапрыемства, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. — Таму давайце паглядзім, пачынаючы з мадэрнізацыі і заканчваючы маім даручэннем, што мы павінны стварыць не толькі беспілотныя лятальныя апараты-разведчыкі, а мы павінны стварыць ударныя БПЛА».

Беспілотнікі новай эры і робат-кулямёт — Лукашэнку прадэманстравалі магчымасці новага ўзбраення

Прыбыўшы на 174-ы вучэбны палігон Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сутнасць мерапрыемства не ў тым, каб некаму пагражаць або разгарнуць піяр-кампанію. «Некалькі месяцаў таму мною было прынята рашэнне: калі разбяромся з эканомікай, падцягнем уборачную кампанію, паглядзім і на тую зброю, якую мадэрнізавалі і стварылі для вядзення сучаснай вайны. Мы людзі ваенныя і павінны кожны дзень быць гатовы да вайны, калі гаварыць адкрытым тэкстам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дэманстрацыю вырашылі пачаць з мадэрнізаванай тэхнікі. Першым Прэзідэнту паказалі танк Т-72БМЭ. «Толькі апошнія месяцы мы падышлі да стварэння першай беларускай паўнацэннай мадэрнізацыі гэтай баявой машыны, якая даводзіць характарыстыкі да ўзроўню сучасных баявых танкаў — Т-72Б3 і Т-90», — прадставіў абноўлены ўзор старшыня Дзяржкамваенпрама Раман Галоўчанка. На танку размешчаны новы прыцэльны комплекс з цеплавізарам і розныя датчыкі, узмоцнена браня і ўстаноўлены больш магутны рухавік. Акрамя таго, Т-72БМЭ можа страляць кіруемымі ракетамі.

«Вядома, можна было купіць Т-90, але гэта вялікія грошы — $11 млн. А ў баі ён, можа, нават і тры мінуты не пражыве, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму трэба стары добры, надзейны танк, які мы ведаем, давесці да ўзроўню імпартнага Т-90».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, стварыць машыну — адна справа, не менш важна навучыцца страляць з яе і трапляць у цэлі. Так Прэзідэнт намякнуў на не зусім удалае, на яго погляд, выступленне беларускага экіпажа на апошнім танкавым біятлоне (беларусаў на палігоне ў Алабіне ў падагульняючым заліку апярэдзілі расіяне і кітайцы). «Яны што, на іншых танках ваявалі або ў іх іншыя людзі? Нашы людзі неразумныя? Не. Трэцяе месца — гэта не выйгралі», — лічыць ён.

Як растлумачылі члены экіпажа танка, які змагаўся на Армейскіх гульнях і дэманстраваўся сёння, выйграць спаборніцтвы не дазволіла тэхнічная няспраўнасць. Пакуль яны мянялі баявую машыну, мінула шмат часу, і нагнаць яго не ўдалося.

«Добра, галоўнае, каб не ў баі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І ўсё ж пацікавіўся, калі танкісты змогуць заваяваць першае месца. Тыя не сталі даваць гучных абяцанняў, але запэўнілі, што заўсёды імкнуліся да найлепшага выніку і будуць так дзейнічаць і ў далейшым.

Лукашэнка: незалежнасць у вытворчасці і мадэрнізацыі ўзбраення — пытанне нумар адзін для любой краіны

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць стварэння новых узораў беларускай зброі і мадэрнізацыі існуючай тэхнікі ўласнымі сіламі. «Незалежнасць у вытворчасці і мадэрнізацыі для любой краіны — пытанне нумар адзін», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка раскрыў гэту тэму на прыкладзе Расіі. «Для Прэзідэнта Расіі больш важнай праблемы няма, хоць ім і так з часу Савецкага Саюза спадчына дасталася немалая. Але для сучаснай зброі яны шмат куплялі. Цяпер пытанне нумар адзін у Расіі — адысці наогул ад куплі імпартнай. Напрыклад, нават маючы з намі самыя цесныя і блізкія адносіны, будуючы адзіную Саюзную дзяржаву, тым не менш яны на КамАЗе ствараюць транспарт для перавозкі ядзерных ракет (па аналогіі з прадукцыяй беларускага прадпрыемства МЗКЦ. — Заўвага БЕЛТА)», — канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што наконт гэтага ў яго была размова з Уладзімірам Пуціным і расійскі лідар растлумачыў такія дзеянні тым, што Расія ў перспектыве хоча поўнасцю забяспечыць сабе назалежнасць у гэтым пытанні. «Ён мне прама кажа: добра, сёння ў Беларусі Лукашэнка, улада і іншае (ёсць гатоўнасць і нацэленасць на развіццё супрацоўніцтва з Расіяй. — Заўвага БЕЛТА), мы бачым і купляем у вас, але ў перспектыве павінны быць абсалютна перакананы, асабліва для ядзернай зброі, мы павінны быць незалежныя», — перадаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці размовы з расійскім калегам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і ў Беларусі была пастаўлена задача самастойна вырабляць тыя ці іншыя ўзбраенні, неабходныя для забеспячэння абараназдольнасці краіны. У гэтым пераліку, у прыватнасці, стралковая зброя, якой у выпадку ваеннага часу можна будзе забяспечыць значную частку насельніцтва. «Не дай бог, вайна, мы раздадзім у кожную сям’ю. І мы будзем абараняць сваю тэрыторыю. Але для гэтага трэба мець сваё (узбраенне. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў Прэзідэнт.

Аднак задзейнічаць мірнае насельніцтва ў абароне краіны можна толькі ў крайнім выпадку, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Армія павінна быць падрыхтавана, колькасць гэтай арміі павінна быць адпаведнай, і яна павінна быць узброена той зброяй, якая нам патрэбна», — заявіў ён.

Так, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусі абсалютна не патрэбны, напрыклад, авіяносцы, стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі і іншая такая тэхніка, якая выкарыстоўваецца далёка за межамі краіны. «Нам трэба тая зброя, якую мы будзем выкарыстоўваць выключна для абароны, выключна на нашай тэрыторыі і для нанясення тым, хто захоча з намі ваяваць, непапраўнага ўрону. Гэта высокадакладная ракетная зброя з далёкасцю да 300-350 км. У нас гэта ўсё ёсць», — адзначыў Прэзідэнт.

Сярод запатрабаваных у сучасных умовах навінак айчыннага ВПК Аляксандр Лукашэнка назваў беспілотныя лятальныя апараты, таксама ўдзелена ўвага магчымасцям па мадэрнізацыі існуючай тэхнікі. «У гэтай частцы зроблена нямала, але ёсць над чым працаваць. Вы бачылі гэтых «камікадзэ» (спецыяльныя беспілотнікі. — Заўвага БЕЛТА), якія не зусім былі дакладныя, але ўзрыў адбыўся побач, а гэта ўжо таксама паражэнне нават бранятэхнікі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Таму я бачу, што за гэтыя два гады (нават двух гадоў не мінула, з той пары як я паставіў ім задачу зрабіць гэта) ВПК зроблена нямала».

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што самае галоўнае — гэта не тэхніка, бо нават самымі дасканалымі тэхнічнымі ўстройствамі павінны кіраваць падрыхтаваныя людзі. «Іх трэба вучыць. Тэхніка нармальная, — адзначыў беларускі лідар. — Будзе час, мы яшчэ раз паўторым гэтыя трэніроўкі. Але па «камікадзэ» патрэбны добрыя аператары. Але не факт, што мы будзем ужо моцна выкарыстоўваць беспілотнікі-камікадзэ».

Паводле слоў Прэзідэнта, у частцы распрацоўкі беспілотных лятальных апаратаў вырашана аб’яднаць намаганні, а не ствараць мноства цэнтраў. «Трэба аб’яднаць намаганні і стварыць той ударны беспілотнік, які нам патрэбны. Беспілотнікі-разведчыкі ў нас добрыя, і мы навучыліся іх выкарыстоўваць. У гэтай частцы беспілотных лятальных апаратаў і стварэння больш магутных, якія будуць несці нагрузку ў адну тону і больш, пытанне ўжо вырашана. Тым больш, ёсць попыт на гэта. Для ўнутранага спажывання, нашай арміі, і для экспарту мы гэта будзем вырабляць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што галоўнае — навучыць людзей, а тэхніка са сваімі задачамі справіцца. «Самае галоўнае для мяне — не тое, якія мы малайцы і што мы тут стварылі. Выснова галоўная сёння ў тым, што мы на правільным шляху. У гэтым напрамку будзем рухацца: і свая стралковая зброя, і свае боепрыпасы, і беспілотнікІ, і мадэрнізаваная тэхніка, бранятэхніка, «Кайман», «Волат», якія мы стварылі ў сябе ў Беларусі», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка бачыць хібы ў ваеннай падрыхтоўцы з-за вялікага працэнта адтэрміновак ад службы ў арміі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць хібы ў ваеннай падрыхтоўцы і ў цэлым выхаванні моладзі сярод мужчынскай часткі насельніцтва з-за вялікага працэнта адтэрміновак ад службы ў арміі.

Адно з пытанняў, што прагучала, датычылася прэстыжу ваеннай службы і таго, што неабходна зрабіць, каб яго павысіць. «Я крыху рэзкі пры выказваннях на гэту тэму. Таму што гэта мяне як мужчыну, не толькі Прэзідэнта, вельмі закранае», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён у сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі амаль 80 працэнтам з ліку тых, хто падлягае прызыву на тэрміновую ваенную службу, прадастаўляюцца адтэрміноўкі па тых ці іншых падставах. «Амаль 80 працэнтаў па законе ў адтэрміноўцы. Камусьці па вучобе, камусьці па сямейных абставінах… Гэта значыць, мы самі прынялі такія рашэнні, што людзі па законе могуць не служыць. Гэта не нармальна. Ведаеце, мы выміраем як клас, мы выміраем як мужчыны», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў выпадку ваеннага канфлікту многія проста не будуць умець карыстацца зброяй. «Мы вельмі сур’ёзна, і гэта наша задача, на працягу бягучага года і бліжэйшага паўгоддзя падумаем над тым, як зрабіць так, каб навучыць мужчыну абараніць хаця б сябе і сваю сям’ю, не гаворачы ўжо аб тым, што ён Радзіму павінен абараняць. Мы самі тут нахамуталі шмат пытанняў і сёння ахкаем, вохкаем, што ў нас недзе не хапае ваеннаслужачых», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб прэстыжы ваеннай службы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён захоўваецца, і для многіх служба ў арміі па-ранейшаму з’яўляецца ганаровым абавязкам.

Аднак часам з-за тых ці іншых адзінкавых негатыўных фактаў і шуму вакол іх можа скласціся ўражанне, што людзі не хочуць служыць у арміі і нават пабойваюцца яе. «Не трэба баяцца гэтага. Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Наша такая доля, асабліва мужчын, — Радзіму абараняць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў пытанні прэстыжу часта недапрацоўваюць ідэолагі, ды і сама армія, пачынаючы з першых крокаў ваеннаслужачых у армейскім калектыве.

Лукашэнка адкрыта выказаўся аб сітуацыі ў арміі і фактах дзедаўшчыны

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што іншым разам прэстыж арміі, воінскай службы з-за тых ці іншых адзінкавых негатыўных фактаў апускаюць настолькі, што людзі пачынаюць баяцца арміі. «Добрая ў нас армія, не без гэтых розных праблем, як у Пячах былі падзеі. Гэта армія, гэта было заўсёды», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка наконт гэтага выказаў меркаванне аб тым, што армія створана першапачаткова для вайны і правядзення вучэнняў. «А што было б у Беларусі, калі б недзе загінулі 25 беларускіх грамадзян. Мы б, напэўна, на вушы сталі і гвалтам крычалі. Але ж не бывае так, каб у ваюючай арміі не гінулі людзі», — правёў паралелі кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што факты гібелі ваеннаслужачых, на жаль, здараюцца нават у час вучэнняў. Ён прывёў у якасці прыкладу адзін факт часоў Савецкага Саюза з уласнага вопыту. Адзін з этапаў таго вучэння праводзіўся ў Віцебскай вобласці. «На маіх вачах. Ішла страляніна. Як яны гаварылі, снарад надламаўся — не пайшоў па траекторыі — і трапіў у БТР. Восем чалавек у ім было. Усе загінулі», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. «Катастрофа. Не дай бог», — дадаў ён.

«Нам яшчэ маліцца трэба за тое, што Бог нас убярог і што мы ў арміі не нясём такіх страт. Але гэта не апраўданне падзеям у Пячах, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Прыкра тое, што ў нас ёсць, няхай і адзінкавыя, факты дзедаўшчыны. У мяне ўнутры ўсё пераварочваецца. Таму што, калі я служыў у пагранвойсках, мы наогул не ведалі, што такое дзедаўшчына».

«Для мяне гэта (дзедаўшчына. — Заўвага БЕЛТА) наогул непрымальна, як для чалавека, які служыў. І нават потым, будучы афіцэрам Савецкай арміі, для мяне гэта наогул было недапушчальна. Таму я як Прэзідэнт успрымаю гэта з вялікім хваляваннем. Дзедаўшчына, калі здзекуюцца з чалавека, — гэта ганьба для арміі. Гэта мы будзем выпальваць гарачым жалезам. Міністру абароны і ўсім ім я сказаў аб гэтым», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца фактаў гібелі ваеннаслужачых, Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што такое здараецца нават з вопытнымі людзьмі. Недзе можа падвесці тэхніка або парашут, як у адным з нядаўніх выпадкаў. «Тое, што мы страчваем часам людзей… Мы вучымся, ваюем, рыхтуемся абараняць Радзіму. Гэта недапушчальна (гібель людзей. — Заўвага БЕЛТА), але, паверце, гэта непазбежна ў любой арміі, — адзначыў беларускі лідар. — Армія ёсць армія. Гэта справа сур’ёзная, справа нежартоўная. Таму ўсе павінны разумець, што Радзіму павінны абараняць ад малога да вялікага, і не толькі ў арміі. Але армія — справа сур’ёзная, і там усё можа быць».

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым прызнаў, што, магчыма, яго разважанні наконт гэтага не вельмі папулярныя. «Ведаю, колькі гэта выкліча цяпер шуму, што я ледзь ці не адабраю гібель. Я выказаўся дакладна: не дай бог, калі гіне чалавек, але, на жаль, бывае ўсякае. І тое, што нам удалося ўберагчы сваіх хлопцаў, ваеннаслужачых, сваю краіну ад гэтых войнаў, на мінімуме трымаць негатыўныя праблемы ў арміі, — гэта вялікае наша дасягненне», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика