Для жыхаркi Лагiшына Алы Юр’еўны Пекун міласэрнасць – не подзвіг, а норма жыцця

Источник материала:  
07.10.2018 — Разное
>

«Калі я хвалююся, адразу пераходжу на беларускую мову», – дзеліцца мая суразмоўца. І так прыгожа яна на ёй размаўляе, так яна ёй пасуе! Хоць хвалявацца, здаецца, няма чаго – для мяне, выпускніцы Лагішынскай сярэдняй школы, яна была і застаецца паважаным чалавекам, настаўніцай, якая добра ведае і любіць сваю справу, дзяцей, якіх вучыць. Ала Юр’еўна Пекун ужо многа год выкладае ў Лагішынскай школе англійскую і нямецкую мовы. Акрамя гэтага, яна займаецца дабрачыннасцю. Але аба ўсім па парадку.

Для жыхаркi Лагiшына Алы Юр’еўны Пекун міласэрнасць – не подзвіг, а норма жыцця
Нягледзячы на тое, што ў школе Ала Юр’еўна выкладае замежныя мовы, сваю родную яна не забылася, валодае ёю ў дасканаласці. Родам настаўніца з вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна, радзімы знакамітага Якуба Коласа. Дарэчы, беларускую мову ў яе выкладала пляменніца Коласа, дачка яго брата Зоя Іосіфаўна, а з унучкай паэта Ала Юр’еўна сябравала. Аб дасканалых ведах роднай мовы сведчыць і той факт, што яшчэ ў 10-м класе Ала напісала сачыненне на рэспубліканскі конкурс, якое было прызнана лепшым ва ўсёй Беларусі. Дзяўчына атрымала за гэта дыплом з правам выкладання беларускай мовы. Палічыўшы, што родную мову яна ведае «на выдатна», вырашыла вывучаць замежныя. Таму пасля заканчэння школы паступіла ў Мінскі інстытут замежных моў (зараз лінгвістычны ўніверсітэт). Была вельмі актыўнай студэнткай, прымала ўдзел у розных мерапрыемствах, была старастай групы.

На 4-м курсе Ала пазнаёмілася з будучым мужам, Юрыем Пекунам. Смеючыся, расказвае, што адбылося гэта ў цягніку, калі студэнтка ехала дадому. І нават дату называе – 8 кастрычніка. Памятае, што чытала англійскую газету, калі да яе падыйшоў хлопец і прапанаваў пагаварыць. Вось з таго часу яны разам ужо 42 гады. Выхавалі двух дачок – Марыну і Валянціну.

Разам з мужам Ала Юр’еўна па размеркаванні прыехала ў Лагішын. Было гэта ў 1977 годзе. На жаль, спачатку ў мясцовай школе не аказалася вакансіі для маладой настаўніцы, і яна ўладкавалася на работу ў вёску Хваросна. Потым была піянерважатай у Лагішынскай школе, дзесьці 4 гады, працавала ў групе падоўжанага дня. Але стала разумець, што з часам без практыкі забывае мову. Месца настаўніцы замежных моў знайшлося ў Забараўцах, потым былі Азарычы, Валішча, у выніку яна зноў вярнулася ў Лагішын, дзе працуе і зараз, хоць па ўзросце павінна быць на заслужаным адпачынку. Але для такога няўрымслівага чалавека, як Ала Юр’еўна, сядзець на месцы без работы немагчыма. Яе цэняць і паважаюць калегі, любяць дзеці – яна вельмі светлы і добры чалавек, кваліфікаваны спецыяліст.

У 2008 годзе ў гарадскім пасёлку Лагішын адкрыўся цэнтр міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сябры дзяцей Чарнобыля», штаб-кватэра якога знаходзіцца ў далёкай Ірландыі. Узначаліла яго менавіта Ала Юр’еўна Пекун.

Гэтае аб’яднанне стварылася праз 8 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы – у 1994 годзе. За гэты час на аздараўленні ў Ірландыі пабывалі больш за 4 тысячы дзяцей з нашага раёна. Ала Юр’еўна Пекун стала суправаджаць дзяцей у якасці перакладчыка з 2000 года.

– Мяне выбралі з сямі прэтэндэнтаў з усяго раёна, – гаворыць Ала Юр’еўна. – Не ведаю, чаму так адбылося, але я ўжо на працягу доўгага часу супрацоўнічаю з ірландцамі. Спачатку проста суправаджала дзяцей, потым стала ўсё больш звяртаць увагу на дабрачынныя цэнтры, якія існуюць па ўсёй Ірландыі. І падумала: а чаму б у нас не стварыць такі цэнтр, каб дапамагаць людзям, якія маюць у гэтым патрэбу? Нашыя ж людзі не горшыя за іншаземцаў.

Вярнуўшыся з Ірландыі, Ала Юр’еўна накіравалася ў сельсавет, каб высветліць, колькі на ўліку інвалідаў, якім патрэбна дапамога. Іх было толькі 6.

– Як так, думаю, іх жа нашмат больш? Іду па вуліцы і бачу хворых людей, – дзеліцца Ала Юр’еўна. – Тады склала свой спіс, я ж ведаю ўсіх жыхароў Лагішына. Адбылося 30 з псіханеўралагічнымі захворваннямі і 30 – з фізічнымі недахопамі. Паказала гэты спіс ірландцам, у прыватнасці, нацыянальнаму старшыні Мэры Фініген і кіраўніку групы «Сябры дзяцей Чарнобыля» горада Цёрліса Мэры Мэрфі. Яны прыехалі сюды, сустрэліся са старшынёй сельсавета і пакінулі грошы на рамонт будынка будучага цэнтра.

Так пакрысе стала ажыццяўляцца задума Алы Юр’еўны. Такі цэнтр у Лагішыне быў створаны. Адбылося гэта амаль 10 год таму назад, у красавіку 2009 года. Па яе ініцыятыве і пры падтрымцы ірландскіх сяброў на вуліцы Тамілава, 17 у Лагішыне адкрыўся сацыяльны цэнтр зносін. Быў праведзены дабротны рамонт, устаноўлены імпартная сантэхніка і бытавая апаратура, абсталяваны камп’ютарны пакой. Кіраваў рамонтнымі работамі Юрый Афанасьевіч Пекун, муж Алы Юр’еўны.

– Ён ва ўсім мне дапамагае, – гаворыць яна. – Нават падказвае, як і што гаварыць у высокіх кабінетах, напрыклад, каб не сказаць чаго лішняга – як-ніяк 40 гадоў на кіраўніцкай пасадзе працаваў, ведае, што да чаго. І фізічна дапамагае таксама.

У цэнтры людзі збіраюцца па нядзелях. Яны сустракаюцца тут, каб пагутарыць адзін з адным, пагуляць у гульні, падзяліцца сваімі навінамі, расказаць пра патрэбы. Тут ёсць кухня, дзе можна нешта прыгатаваць, зрабіць чай, каму патрэбна – можа прыняць душ. Кожную нядзелю цэнтр наведваюць чалавек 20, не ва ўсіх атрымліваецца гэта рабіць рэгулярна. Калі хто не прыйшоў, Ала Юр’еўна абавязкова едзе праведаць чалавека – а раптам што здарылася?

Дапамога групы «Сябры дзяцей Чарнобыля» г. Цёрліса аказваецца не толькі жыхарам Лагішынскага сельсавета, але і ўсяго раёна. Напрыклад, гуманітарную дапамогу (гэта адзенне, спартыўны інвентар) атрымліваюць школы Піншчыны, дзіцячыя сады, сацыяльныя прытулкі, бальніцы ў Парэччы, Лемяшэвічах, Лагішыне.

Што датычыцца цэнтра, то тут ёсць усялякія прыстасаванні для перамяшчэння – тросці, інвалідныя каляскі, для паліатыўнай дапамогі – матрасы ад пролежняў, непрамакаючыя прасціны і іншае. Сюды можна звярнуцца за дапамогай тым людзям, якія маюць інваліднасць 2-й і 3-й груп.

Ала Юр’еўна з’яўляецца своеасаблівым правадніком паміж тымі, каму патрэбна дапамага, і тымі, хто можа дапамагчы. Яна не лічыцца са сваім часам ці дрэнным надвор’ем. Дзякуючы намаганням Алы Юр’еўны аказваецца і адрасная дапамога, і не толькі гуманітарная, у аздараўленні дзяцей за мяжой, але і фінансавая дапамога ў правядзенні дарагога лячэння. У прыватнаці, такую дапамогу аказалі жыхару в. Грыўковічы А.А. Лемяшэўскаму, набылі спецыяльныя акуляры для інваліда дзяцінства па зроку вучню Лапацінскай школы А. Пабярэжнаму.

– Мы не кідаем людзей у бядзе, аказваем пасільную дапамогу: і тым, хто сам да нас звяртаецца, і тым, каму, ведаем, яна патрэбна, але сам чалавек саромеецца аб гэтым сказаць, – адзначае Ала Юр’еўна.

Канечне, зрабіць усё адной было б немагчыма. Ала Юр’еўна вельмі ўдзячная за дапамогу і супрацоўніцтва ўжо былому кіраўніку раёна В.В. Рэбкаўцу, старшыні Лагішынскага сельсавета В.А. Шушко і дырэктару Лагішынскай школы С.Л. Нарбуту. Гэта і дастаўка неабходных рэчаў, такіх як падгузнікі, харчовыя наборы, а таксама пошук людзей, шматдзетных і малазабяспечаных сямей, якім патрэбна дапамога.

Ала Юр’еўна Пекун – чалавек з нераўнадушнай жыццёвай пазіцыяй, для яе міласэрнасць – не подзвіг, а норма жыцця. Бескарысны яе прыклад паказвае, што і ўсім нам неабходна азірнуцца навокал і паглядзець, ці не патрэбна каму наша дапамога.

Іна УРБАНОВІЧ.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика